Политика
Юлія Аляксандрава

Акцыю супраць яднання Беларусі і Расіі разагналі па-беларуску

2 красавіка ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі апазіцыйна настроеная моладзь збіралася правесці акцыю ля амбасады Расіі ў Мінску. Міліцыя хутка разагнала нешматлікіх пікетчыкаў.

Акцыя мусіла распачацца ў 17-00 калі Расійскай амбасады. Нешматлікія сабраныя (каля пяці чалавек) спрабавалі разгарнуць расцяжку "России — нет, Европе — да!" і бел-чырвона-белыя сцягі. Аднак міліцыянты не далі ім гэтага зрабіць, пачаўшы адганяць людзей ад будынку дыпмісіі. Дзвюх дзеўчын міліцыянты схапілі і пачалі гвалтоўна ўсаджваць у міліцэйскую машыну.

Пры гэтым міліцыянты скардзіліся, што дзеўчыны не хочуць сядаць у машыну:

— Вы что не понимаете? Я могу и по-белорусски попросить: садзіцесь, пажалуйста.

— Калі ласка, — выправіла яго дзяўчына, трымаючыся за дзверы міліцэйскай машыны і спрабуючы пазбегнуць “пасадкі”.

— Хорошо: садзіцесь у машыну, калі ласка, — пагадзіўся міліцыянт. Нягледзячы на гэта, дзеўчыны былі затрыманыя. Па папярэдніх звестках іх павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна.

Акцыя скончылася прыкладна ў 17-05, пратрываўшы літаральна некалькі хвілін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)