Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

А.Казуліна тэрмінова накіроўваюць у калёнію “Віцьба-3” пад Віцебскам

Паводле зьвестак адваката Ігара Рынкевіча, Аляксандар Казулін будзе адбываць пакараньне ў калёніі “Віцьба-3” пад Віцебскам. Адвакат не выключае, што Казуліна адправяць у калёнію зь Менскага сьледчага ізалятару ўжо ў ноч на 21 верасьня.

20 верасьня адвакат Ігар Рынкевіч наведаў у сьледчым ізалятары былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Нагадаю, учора Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу на прысуд Маскоўскага райсуду, паводле якога Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Такім чынам, згодна з законам, зь сёньняшняга дня прысуд Казуліну ўступіў у дзеяньне.

Закон дае дзесяць дзён на прыняцьце рашэньня, дзе будзе адбываць пакараньне асуджаны. Але падобна, што адносна Аляксандра Казуліна вызначыліся ўжо ў першы дзень. Як паведаміў “Свабодзе” адвакат Ігар Рынкевіч са спасылкай на спэцаддзел Менскага сьледчага ізалятару, Аляксандра Казуліна накіроўваюць у трэцюю калёнію агульнага рэжыму, якая знаходзіцца ў пасёлку Віцьба пад Віцебскам.

Паводле зьвестак адваката, Казуліна адправяць этапам ужо ў ноч на 21 верасьня.

На момант падрыхтоўкі рэпартажу да эфіру ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў не камэнтавалі гэтых зьвестак. Між тым раней, адразу пасьля абедзеннага перапынку, начальнік дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур заяўляў “Свабодзе”, што пытаньне адносна Казуліна яшчэ ня вырашанае й тлумачыў, паводле якога прынцыпу накіроўваюць асуджаных.

(Коўчур: ) “Накіроўваем у залежнасьці ад рэжыму. І ў залежнасьці ад напоўненасьці калёніі. Дзе ёсьць вольныя месцы, туды і накіроўваем”.

У калёніі “Віцьба-3”, дзе, магчыма, апынецца Аляксандар Казулін, адбывае пакараньне былы лідэр апазыцыйнай дэпутацкай групы “Рэспубліка” беларускага парлямэнту Сяргей Скрабец. Жонка апазыцыянэра Аляксандра Скрабец апавяла пра ўмовы ў гэтай калёніі:

(Скрабец: ) “Раней гэта была дзіцячая калёнія. Тэрыторыя там упарадкаваная: газоны, кветкі, ёсьць спартовыя пляцоўкі. Гэта ўсё падтрымліваецца ў парадку рукамі асуджаных. А ў камэры, дзе Сяргей знаходзіцца, разам дваццаць чалавек”.

Паводле Аляксандры Скрабец, вясной яе муж скардзіўся на тое, што мерзьне ў камэры, але яна тлумачыць гэта тым, што ў той час ён трымаў галадоўку. На якасьць харчаваньня яе муж ня скардзіўся, але адзначаў, што часта даюць кашы. У калёніі “Віцьба-3” частка асуджаных, паводле жонкі дэпутата, занятая на швейнай вытворчасьці.

Сваякі Аляксандра Казуліна кажуць, што іх засьпела зьнянацку навіна пра тое, што ўжо ноччу яго адправяць у калёнію. Дачка палітыка Юля распавяла, што яе бабуля і дзядуля зьбіраліся наведаць бацьку ў сьледчым ізалятары 21 верасьня.

(Казуліна: ) “Дзядуля свайго сына ня бачыў ужо паўгода, бо на суд ён з-за хваробы не хадзіў і спадзяваўся цяпер сустрэцца. Але, бачыце, не дазваляюць”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)