Общество
Фота прадастаўлена Віктарам Сырыцай

Аграсядзіба «Ліцьвінаў кут» – адпачынак на «тэрыторыі беларускай мовы»

3 жніўня адбылася прэзентацыя турыстычнай аграсядзібы «Ліцьвінаў кут», гаспадаром якой з’яўляецца сябра Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Віктар Мезяк.

Сядзіба месціцца ў самым сэрцы старажытнай Літвы паміж Завоссем і Наваградкам, паблізу маляўнічага возера Свіцязь і таямніча схаванай Варуты (на думку гісторыка 19 стагоддзя Тэадора Нарбута менавіта тут знаходзілася летняя рэзідэнцыя першага караля ВКЛ Міндоўга).

Святочную імпрэзу адкрыў сам гаспадар, які паказаў прысутным прыгажось мясцовых краявідаў і распавёў пра свае турыстычныя задумы. Затым паэт Аляксей Белы прэзентаваў свой новы зборнік вершаў «Прыватны сэктар», а гарадзішчанскі музыка Міхась Баранік прыемна здзівіў гасцей сядзібы сваімі спевамі пад гітару. Вельмі спадабаліся прысутным песні на вершы Алеся Белага ў выкананні Галіны Ярашэвіч і Таццяны Малашчанкі, прысвечаныя 150-м угодкам Мілавідскай бітвы 1863 года.

Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца падараваў гаспадару шмат беларускіх кніжак з мэтаю стварэння хатняй бібліятэкі і вывучэння роднай мовы і гісторыі.

– Я вельмі хацеў бы, каб вясковая хатка «Ліцьвінаў кут» стала не толькі месцам адпачынку людзей, але і вывучэннем роднай мовы. Мару пра тое, каб мая сядзіба стала, калі мажліва так сказаць, тэрыторыяй беларускай мовы, – паведаміў Віктар Мезяк.

Таму гаспадар сардэчна запрашае на адпачынак усіх жадаючых, а таксама тых, хто хоча вывучыць родную мову, навучыцца размаўляць, думаць і пісаць па-беларуску.

Хатку «Ліцьвінаў кут» можна арэндаваць на некалькі гадзін ці дзён. Таксама запрашаюцца адпачываючыя з намётамі. Выгоды пакуль што звычайныя – вясковыя, але хваёвы водар і краявіды проста цудоўныя.

«Ліцьвінаў кут» Віктара Мезяка месціцца у Баранавіцкім раёне ў вёсцы Мікулічы. Ад яго да возера Свіцязь некалькі кіламетраў. Даехаць да вёскі можна з аўтавакзалаў Баранавічы і Нагаградка.

Таксама на гэту тэму:

Віктар Мезяк: «Нехта дапамагае беларускамоўным»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)