Общество
Аліна Таранік

«Аграгарадкі – пацёмкінскія вёскі, у якіх хутка нікога не застанецца» (фота)

Вечарам у пятніцу ў галерэі Ў прафесар-гісторык Захар Шыбека распавёў пра сучасны стан беларускага турызму, ролю мястэчкаў у гісторыі Беларусі, паразважаў, ці варта пераймяноўваць адну з мінскіх вуліц у вуліцу Васіля Быкава і ці можна назваць аграгарадкі сучаснымі мястэчкамі.

Лекцыя прафесара Захара Шыбекі – знаўца гісторыі мястэчкаў і гарадоў – мела назву «Скарбы беларускіх мястэчкаў: набыткі, страты, надзеі на адраджэнне» і складалася з чатырох частак: «Рай» першапачатковы, «Рай» страчаны, «Рай» захаваны і ўзноўлены ды Ключы ад «раю».

Гісторык распавёў некалькі цікавых фактаў, заснаваных на мясцовых легендах. Напрыклад, існуе меркаванне, што ў Краснаполлі быў створаны з гліны і ўсталяваны ці не самы першы з усіх існуючых помнікаў «правадыру» Леніну. Акрамя таго, аказваецца, памяць Іосіфа Сталіна працягвалі ўшаноўваць і ў незалежнай Беларусі. Прыклад таму – помнік, адчынены ў Свіслачы ўжо пасля 1991 года.

У сваёй лекцыі Шыбека закрануў стан сучаснага турызму. Паводле прафесара, яго ўзровень даволі нізкі: актыўна развіваюцца толькі два напрамкі – спартовы і вясковы. Гісторык зазначыў, што нягледзячы на тое, што ад многіх гістарычных помнікаў засталіся адны руіны, для ўдасканалення беларускага турызму трэба спалучаць агратурызм са знаёмствам наведнікаў з культурнай спадчынай мястэчкаў. Праўда, з-за стану нашых помнікаў, сучасны беларускі экскурсавод павінен не толькі добра ведаць гісторыю, але і ўмець зацікавіць, прыцягнуць увагу паданнямі, зладзіць на месцы экскурсіі своеасаблівае шоў. Развіваючы турызм, не варта забываць і пра патрэбы наведнікаў – ствараць на турыстычных маршрутах інфраструктуру добрага ўзроўню.

Паміж часткамі лекцыі Захар Шыбека танчыў пад вядомыя песні розных народаў

Прафесар адзначыў, што амаль у кожным беларускім мястэчку хапае матэрыялу для стварэння музею савецкай спадчыны, які быў бы цікавы замежным турыстам. А самым удалым месцам для такога музею могла бы стаць Рудабелка. Менавіта там, падчас прасоўвання палякаў на Усход у пачатку стагоддзя, бальшавікі стварылі сваю ўласную Рудабельскую рэспубліку, чым потым вельмі ганарыліся.

Прафесару задалі пытанне, ці варта пераймяноўваць адну з вуліц Мінска ў вуліцу Быкава. Па словах Захара Шыбекі, бясспрэчна вялікі пісьменнік заслугоўвае, каб вуліцу назвалі ў яго гонар, але калі гутарка ідзе пра перайменаванне ўжо існуючай вуліцы, варта задумацца. Сталічная вуліца, якой хацелі надаць імя Быкава, раней называлася Ляхаўскай. І такіх вуліц і завулкаў побач было некалькі.

– Звычайна пры перайменаванні вуліцы за аснову бярэцца самая старажытная з вядомых яе назваў. Напрыклад, цяперашняя вуліца Леніна калісьці называлася Губернатарскай, а яшчэ раней – Францысканскай. Акрамя таго, пры перайменаванні вуліц трэба лічыцца з ужо існуючай тапанімікай горада, – зазначыў прафесар.

Лекцыя сабрала цэлую галерэю слухачоў

Шыбека выбраў тэмай менавіта мястэчкі, бо палова ўсіх цяперашніх помнікаў архітэктуры знаходзіцца ў іх. Акрамя таго, беларускія мястэчкі – гэта паселішчы, якія ў свой час – у адрозненне ад гарадоў – амаль не закранула царская русіфікацыя. З часам там адчыняліся школы і нават гімназіі, будаваліся касцёлы, не саступаючыя веліччу гарадскім, а Тышкевічы ў Паставах нават стварылі ўласны заапарк, дзе праводзілі навуковыя даследаванні. Амаль у кожным мястэчку можна было пабачыць сінагогу, часта іх было некалькі. Гэта тлумачыцца забаронай для яўрэяй ездзіць на шабат – сінагога мусіла знаходзіцца на адлегласці, якую яўрэй можа прайсці пешшу. Без карчмы не існавала і мястэчка – беларусы, чые землі спрадвеку знаходзяцца на скрыжаванні гандлёвых ды вайсковых шляхоў, здаўна пілі ў іх не толькі гарэлку ды віно, але і піва.

Слухачы лекцыі запыталіся ў прафесара, ці можна было б назваць сучасныя аграгарадкі мястэчкамі. Паводле Шыбекі, гэтага рабіць не варта, бо «аграгарадкі – пацёмкінскія вёскі, у якіх хутка нікога не застанецца». Аднолькавыя тыпавыя будынкі, што ўзводзяць у «навамодных» беларускіх паселішчах, нагадваюць Шыбеку казармы ці вайсковую будоўлю – усё выглядае аднолькава. Па словах прафесара, нашмат больш рацыянальна было б гэтыя грошы аддаць адказнаму чалавеку, які б пабудаваў сабе дом на свае густ і патрэбу.

Выступ Захара Шыбекі ўваходзіць у цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi». Наступны раз выкладаць будзе мастак, паэт і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)