Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Афіцэр ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю BYPOL: «Рух супраціву ў органах ёсць»

Першае інтэрв’ю з падпалкоўнікам міліцыі Станіславам Лупаносавым, які цяпер знаходзіцца ва Украіне.

У фільме на канале «Беларусь-1» расказалі, што менавіта ён перадаў руху за свабодныя выбары вялізны масіў унутранай інфармацыі пра спецслужбы.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа падчас масавых акцый жніўня 2020-га

— Вы глядзелі сюжэт пра сябе?

— Я глядзеў, я пасмяяўся з кагнітыўных памылак аўтараў. Значыць, спачатку спадарыня Чамаданава кажа, што ўсе «аўдыязапісы — фэйкі», а потым па БТ мяне называюць вінаватым у злівах. Вызначцеся, спадарства.

— Вы працавалі ў ГУБАЗіКу?

— Я служыў у ГУБАЗіКу, я падпалоўнік міліцыі, краіну я сапраўды пакінуў — напісаў заяву на адпачынак і з'ехаў машынай ва Украіну, пакуль межы яшчэ былі адкрытыя.

Я працаваў ва ўпраўленні па барацьбе з карупцыяй у медыцыне. Да таго я працаваў у ГУУС Мінгарвыканкама ва ўпраўленні «К», яшчэ да таго — у крымінальным вышуку, агулам не хапіла пару месяцаў выслугі да «запаветных» 20 год службы.

Тое, чым я ганаруся — гэта расследаваннем угонаў машын. Усе самыя адметныя затрыманні с 2009 па 2013 год — гэта я. Потым заняўся злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. І ў ГУБАЗ я прыйшоў толькі ў ліпені 2020 года з аддзела «К». Займаўся работай з big data.

— Чаму выехалі з Беларусі?

— Я бачыў як развіваецца сітуацыя ў краіне, да якога краху вядуць нас гэтыя ўлады, як калегі займаюцца відавочнымі злачынствамі, як начальнікі іх да гэтага падбухторваюць. Ва ўсім гэтым я ўдзельнічаць не хацеў.

Выказаць сваю нязгоду шляхам напісання рапарта аб незаконнасці падзей у краіне я не мог, бо з маім доступам да інфармацыі мяне б пасадзілі ў турму.

Аператыўнікі ГУБАЗа — адныя з самых інфармаваных супрацоўнікаў у краіне, гэта не СК і не пракуратура. Мне б не даравалі.

А проста сысці і назіраць моўчкі як грамяць маю краіну? Не. Я вырашыў на карысць радзімы выкарыстаць свае веды, што з Беларусі б было зрабіць немагчыма.

— Чым цяпер займаецеся?

— Па нейкіх пытаннях кансультаваў Байпол. Але я не ў арганізацыі, працую ў ІТ ва Украіне.

— Як вам кадры ў Байполе?

— Я думаў, будзе горш, а аказалася што спецыялісты талковыя, кожны ў сваёй сферы — майстар спорту.

— На Байпол азіраюцца беларускія сілавікі ў сістэме?

— Адназначна.

— Як ад'езд успрынялі калегі?

— Калі я скажу і вы напішаце, будуць штурмаваць усіх. Не скажу, у ГУБАЗе ведаюць адказ на гэтае пытанне. Рух супраціву ў органах ёсць.

— Нашы органы спрабавалі вас вярнуць?

— Яны не ведалі да 15 снежня, што я выехаў. 16 снежня мне пазванілі з ГУБАЗіКа: «Станіслаў, а ты дзе? Ва Украіне?»

Я адказаў, што напісаў рапарт і з'ехаў, прапанавалі мне тут добрую работу, а вам там удачы. Потым званілі яшчэ: «Вярніся, мы ўсё даруем». Ну я ж у гэта не паверу, маючы такі досвед.

Майго непасрэднага начальніка прымусілі звольніцца ў помсту за тое, што ён не змог мяне праверыць усебакова.

— Ладна, чым займаліся 9 жніўня?

— Я стаяў з двума джыпамі ССА на выездзе з Мінска па брэсцкай трасе. Выбарачна спынялі машыны, шукалі зброю, нейкую жалезную арматуру, што можа быць выкарыстана супраць міліцыі. Стаялі недзе да 23-й, потым паехалі на базу ГУБАЗіКа.

У непасрэднай блізкасці ўсё гэта адбывалася, нехта працаваў на вуліцы, я з часткай работнікаў быў унутры, гадзіны ў 3 ночы нас адпусцілі, а 9-й раніцы сабралі зноў і мы 10-га сядзелі там.

— Пра што гаварылі?

— Інтэрнэта тады не было, мы не валодалі сітуацыяй. Я толькі ў раёне абеда 10-га жніўня ўсталяваў псіфон, пачаў глядзець інтэрнэт і ўразіўся масштабамі зладзействаў, учыненых маімі былымі калегамі і масштабамі пратэстаў.

Тое, што супраць бяззбройных людзей будуць ужываць гранаты, агнястрэльную зброю, іншыя спецсродкі, я не мог сабе ўявіць. Агулам у калектыве адразу пайшоў нейкі негатыў да ўсяго гэтага, але некаторыя пачалі рабіць выгляд, маўляў, што трэба разбірацца, як яно было насамрэч. То бок рэакцыя не тое што супярэчыла нормам права, але і нормам звычайнай чалавечай маралі. Тады я задумаўся пра тое, што працягваць службу не буду.

— А апошняй кропляй што стала?

— Забойства Бандарэнкі. Мы ведалі што адбылося раней за ўсіх, яшчэ ў абед я з калегамі ездзіў у БСМП па іншым пытанні, гаварылі з галоўным доктарам, які сказаў, што Бандарэнка ў такім стане, з якога не дастаюць ужо. Мы ведалі, што ён памрэ. Мне стала ясна, што вось яна — рэальная колькасць людзей, гатовых забіваць за Лукашэнку проста ў дварах: дзесяць чалавек з бліжайшага кола, якія страцяць усё ў выпадку змены ўлады.

Калі Бандарэнка памёр, я спаць не мог, што я яшчэ мог адчуваць?

Гэта ілюстрацыя права ў краіне. Табе, няважна хто ты, можа праламіць галаву няважна хто, галоўнае, што нехта лаяльны, і яму за гэта ні-чо-га не будзе. Вось якая «законнасць». Сітуацыю зменіць і выправіць памылкі толькі новая ўлада, і я гэтаму буду дапамагаць.

— А чаго, па-вашаму, не хапіла пратэсту ў жніўні, каб перамагчы?

— Народ не паверыў у сваю моц і не зразумеў, якой сілай валодае. Выказаў негадаванне, але ўладу не ўзяў. Бессэнсоўнае выказванне негадавання. Не было ніякага сумневу ў тым, што Лукашэнка з трэскам прайграў выбары «хатняй гаспадыні», але не было лідараў, не было арганізацыі.

— Вы бралі ўдзел у палітычных рэпрэсіях? У сюжэце БТ вас называюць датычным да справы Ціханоўскага.

— Мяне прымушалі ўдзельнічаць у ідэнтыфікацыі людзей, якія хадзілі на мітынгі, каб потым прыцягваць іх да адміністратыўнай адказнасці.

Што датычыць Ціханоўскага, то калі я прыйшоў на службу ў ГУБАЗіК, то Бедункевіч запрасіў мяне да Карпянкова, разам яны населі, што я павінен падключыцца да справы супраць Ціханоўскага, што ён развальвае краіну. Я далучыўся па-італьянску. Ніхто там не разумеў тое, што я ўмею. Я мог абгрунтоўваць сваю работу на той час, які мне хацелася, а не на той, колькі рэальна патрабавала работа.

Таксама я маляваў тую «схему» афіляванасці апазіцыянераў, маляваў са словаў Бедункевіча і яго намесніка Алёксы. Яны казалі, што давай стрэлачку сюды, давай туды. Для чаго гэта рабілася зразумець цяжка, гэтых схем быў мільён. І яны далёкія ад праўдападобнасці.

— Чым увогуле займаецца ГУБАЗіК у Беларусі? У нас ёсць арганізаваная злачыннасць?

— Арганізаваных крымінальных груп у нас няма. Адно ўпраўленне фактычна кантралюе старых злачынцаў і «аўтарытэтаў», але крымінал запалоханы, якія там аўтарытэты. Іх затрымліваеш, яны ўжо гатовыя: «Не біце, не біце».

Іншае ўпраўленне да ўсіх падзей кашмарыла анархістаў і фанатаў, гэта пустая, надуманая работа, яшчэ адно ўпраўленне займаецца вышэйшымі асобамі дзяржавы. Сочаць за імі, вядуць справы аператыўнага ўліку.

— А які сэнс, што яны сочаць за топ-чыноўнікамі? Вельмі мала выпадкаў, каб такіх людзей прыцягвалі да нейкай адказнасці. Не крадуць?

— Канечне, крадуць, усе схемы вядомыя і будуць апублічаныя. Пакуль не будзем называць прозвішчы, але ў аднаго былога міністра люстра дома — 60 тысяч долараў. Адкуль? А «падарылі». Яго не пасадзіш і пытанняў не задасі, хоць ён за мільярд люстру павесіць, бо сістэма пабудаваная так: калі чалавек у кадравым рэзерве Лукашэнкі, то без яго згоды нічога адбыцца не можа.

Хочаш абгрунтавана адправіць у СІЗА міністра? Трэба пісаць рапарт на імя Лукашэнкі з усёй фактурай, апісаць супрацьпраўную дзейнасць, а ён пачытае і накладзе рэзалюцыю, як яму захочацца.

Можа быць рэзалюцыя «Дзейнічайце» — значыць, можна браць. А можа быць рэзалюцыя «Працягваць назіранне», каб яму дакладвалі ўсё, слухалі, збіралі кампраматы. Гэта можа ніякай справай і не скончыцца, але спатрэбіцца для кіраванасці чалавекам у будучыні, каб маніпуляваць ім пагрозай пасадкі. Вось такія людзі ў нас на высокіх пасадах.

Калі справа ў рэгіёне, то аператыўніку яшчэ цяжэй. Рапарты трэба пісаць на імя начальніка, той — вышэй, і гэтак далей. Яму прасцей займацца нейкай лухтой, чым расследаваць карупцыю ва ўладзе.

— Якія псіхалагічныя патртрэты кіраўнікоў арганізацыі? Той жа Карпянкоў, у яго дэманізаваны медыявобраз, ці збольшага адпавядае рэальнаму?

— Карпянкоў — гэта чалавек, адданы службе дыктатару. У яго з ім нейкая містычная сувязь, гэта немагчыма патлумачыць, аддадзены бязмерна. Я пацвярджаю арыгінальнасць запісу, на якім гэты чалавек кажа пра канцлагеры для нязгодных. Я не скажу, што гэты запіс апублікаваў, але тую сустрэчу запісвала мінімум 4 чалавекі — гэта тыя, пра каго ведаю толькі я.

У той дзень ён толькі прыехаў з нарады ў Лукашэнкі і пачаў на гэтым драйве выступаць.

Бедункевіч… Уся дзіч, якая робіцца — ад яго. У мяне пра яго няма добрых словаў. Я перакананы, што Бедункевіча будуць дапытваць яго ж супрацоўнікі, некаторыя — з асаблівай радасцю.

З Ціхінем я амаль не перасякаўся, яго выпусцілі з СІЗА (начальніка ўпраўлення ГУБАЗіКа затрымлівалі нібыта за карупцыю — «НН»), каб праводзіць іезуіцкую работу з крымінальнымі элементамі, якіх ён ведаў па сваёй ранейшай дзейнасці.

Ім выдалі арыенціроўкі на бізнэсменаў, з якіх яны павінны былі вытрасаць грошы нібыта на «фінансаванне пратэстаў». Разлік быў на тое што камерсанты пайшлі б з заявамі ў міліцыю, і асабоваму складу іншых падраздзяленняў было б прадэманстравана, якімі метадамі дзейнічаюць прыхільнікі перамен — праз крымінальных аўтарытэтаў. Але «блатныя» або сабатавалі заданне, або папярэдзілі бізнэсменаў, адкуль растуць ногі. Ён так і прасядзеў усе падзеі на сваёй дачы.

Пра Чамаданава я нічога кепскага не скажу.

— Вы сказалі, што мінімум чатыры чалавекі запісвалі выступленне Карпянкова. Для чаго?

— Для доказаў учынення злачынстваў рэжымам. У ГУБАЗіКу не ідыёты працуюць. Многія разумеюць, што адбываецца, і фіксуюць працэсы, каб выратаваць сябе ў патрэбны момант.

— Чаму ў жнівеньскія падзеі сілавікі не перайшлі на бок народа?

— А ніхто ім не казаў нічога. Што будзе заўтра? Хто крэдыты будзе плаціць? Ім проста казалі — «сыходзьце». Але трэба жыццё памяняць усё за раз. Я вось сышоў, але так лёгка, бо ў падраздзяленні не так доўга працаваў, не прырос. З ГУУС я б так лёгка не сышоў, дзе 11 год адрабіў.

— А работнікі ГУБАЗіКа, па-вашаму, разумеюць, чым яны займаюцца?

— Некаторыя дакладна разумеюць, не ведаю, як яны ў гэтым жывуць. Большасць жа сыходзіць з пазіцый — «усе робяць — і я раблю». Тое, ад чаго нас засцерагалі нашы мамы, так бы мовіць.

— Яны сапраўды спадзяюцца, што Лукашэнка іх перажыве?

— Яны думаюць, што ім дапаможа калі не Лукашэнка, дык Расія. Слепа вераць у гэта. Вось, маўляў, прыйдзе Расія, аб'яднаемся, заробак будзе высокі, усё добра будзе — вось што думаюць у ГУБАЗіКу.

Начальнікі вечна расказвалі, што ва Украіне ўсё кепска, там бандэраўцы, а вось у Расіі — «добра», там «работнікі міліцыі больш зарабляюць». Гэта недалёкая матывацыя. Службе Беларусі там няма, няма там патрыятызму беларускага. Патрыёты, для якіх Беларусь нешта значыць, на невялікіх пасадах.

— Дзе вы былі 16 жніўня?

— Я быў на рабоце. Хадзіў на марш, быў у натоўпе людзей, назіраў, эйфарыя была. Вядома, я далучацца не мог, мы павінны былі ахоўваць будынак, але было абсалютна ясна, што ніхто на яго нападаць не будзе, таму супрацоўнікі разыходзіліся і далучаліся да натоўпу.

Але вось Карпянкоў і Бедункевіч былі ў ярасці, ледзь не да таго што «як гэта дапусцілі? Аўтаматы ў рукі трэба браць і расстрэльваць». Я быў у шоку. Ну як? Жанчыны такія прыгожыя, усе ўбраныя, ідуць з кветкамі. Забіваць іх?

— Што скажаце пра Караева?

— А што пра яго сказаць? Тое ж самае ўсе астатнія выкінутыя кіраўнікі ведамстваў. Яны не зрабілі тое, што ад іх патрабавалі ў поўнай меры, але ўсё роўна прайгралі і напрацавалі сабе на стос крымінальных артыкулаў. На іх адказнасць за пачатак масавых, сістэматычных і, як казаў Церцель, мэтаскіраваных парушэнняў закона.

— Дык якія вашы персанальна «злівы»?

— Яны ўсё на мяне вешаюць, але прамых доказаў у іх няма. Калі я прызнаюся — то далучаць да крымінальнай справы. А я скажу публічна, што гэта не я. Павесілі на мяне, бо я з'ехаў ва Украіну. Ну хай думаюць, што я адзін такі, добра. Хай супакойваюць сябе.

— Добра, гэта вы злілі перамовы «Масандры»?

— Я не буду ні ў чым прызнавацца пакуль што, ведаю, што гэта самы цікавы момант, але — без каментароў. Магу толькі сказаць, што ёсць супрацоўнікі КДБ, затрыманыя за перадачу інфармацыі тэлеграм-каналам.

— Верылі, што на пратэстах праплочаныя наркаманы і алкаголікі?

— Спісы затрыманых праходзілі праз мае рукі. Там сплашняком людзі з вышэйшай адукацыяй, якія бандыты і крымінальнікі? Дый немагчыма праплаціць столькі людзей.

Акурат-такі «пралетарыят» збольшага напляваў на беззаконне і не далучыўся да пратэстаў, у гэтым у тым ліку прычына жнівеньскага правалу. Але ў перспектыве ім стане няма на што жыць па меры зацягвання Беларусі ў эканамічную бездань, і ім прыдзецца выходзіць на вуліцы, каб абараніць свае правы.

— Колькі сілавікоў пасля змены ўлады трапіць пад суд?

— Тых, хто аддаваў злачынныя загады, і тых, хто іх выконваў, далёка не тысячы. Ёсць людзі, якія затрымлівалі без ужывання спецсродкаў, а ёсць тыя, хто біў ляжачых, ужываў спецсродкі, фізічную сілу, катаваў людзей.

— Якая частка сілавой сістэмы самая нелаяльная Лукашэнку?

— МУС — цэнтральны апарат. Каля 400 людзей падпісалася за Бабарыку.

— Вы бачылі з таго боку палітыкаў, хто самы моцны па-вашаму?

— Бабарыка — самы моцны. У яго вялізная падтрымка, як толькі ён заявіў што вылучаецца — людзі натхніліся. Калі б не ён, нічога б не было.

— І чаму яго не адстаялі пасля пасадкі?

— А надта доўга рабілі ў сістэме з людзей рабоў. 26 год культывацыі рабства. Падумалі, што вось была надзея, прамільгнула і ладна.

— Што параіце грамадству?

— Аб'ядноўвацца, не быць адным чалавекам, быць у суполачцы па агульных інтарэсах. Адзінства, якое адчулі людзі 16 жніўня — яго трэба захоўваць, нельга даць сябе раз'яднаць. Разам мы ўсё можам, можам змяніць краіну. Цэнтральнае разуменне — мы перамаглі ў жніўні, трэба замацаваць перамогу.

— Якое слабое месца ў сілавым блоку?

— Слабое месца ў тым, што бесталачы на адказных пасадах, а талковыя спецыялісты бягуць. Гэта і разваліць сістэму.

— Чаму 9 жніўня міліцыянеры на ўчастках, бачыўшы, што адбываецца, не адмаўляліся выконваць загады і затрымлівалі незалежных назіральнікаў?

— Пачынаючы з 2008 года, калі Мікалай Казлоў убачыў фальсіфікацыі, міліцыі забаранілі ўмешвацца ўвогуле па любых пытаннях у дзейнасць камісій, а толькі рэагаваць на забеспячэнне грамадскага парадку на прылеглай тэрыторыі. Гэта ўбівалася на кожным інструктажы.

— У чалавека няма сваіх вачэй?

— Ну вось неяк гэта ўсё ўспрымалі, плюс наверх накідвалі за выканальнасць прэміі, невялічкія насамрэч, па 200 рублёў.

— А якія заробкі ў ГУБАЗіКу?

— Самы папулярны заробак — 1700 рублёў. Ну цяпер павысілі, можа 2 тысячы ёсць. Асноўная матывацыя — кіраўніцтва паабяцала кватэры тым, хто «найбольш праявіць сябе». Абяцаў Карпянкоў, я сведка.

— І далі кватэры?

— А ведаеце, даюць. Вось прама цяпер актыўная фаза, як іх раздаюць згодна з сакрэтным загадам. Дамовы заключаюць людзі вось проста зараз.

— Калі ГУБАЗіК пачаў выходзіць на маршы і біць калону па хвастах, як гэта адбывалася?

— Карпянкоў кажа: «Бяром палкі, ідзем усе за мной» — і пабеглі людзі. Бегла 60%, напрыклад, калі ён біў шкло ў O'Petit, працэнтаў 40 засталося «ахоўваць» будынак.

— Было такое, што на мітынгах цярпелі вашы работнікі?

— Камічная гісторыя была, што камітэтчыкі пад камеры раздавалі грошы «за ўдзел», нейкія школьнікі іх нават усур'ёз бралі. А нашы накінуліся на камітэтчыкаў і ў выніку адграблі, бо тым дапамаглі людзі.

— Што за гісторыя з вагнераўцамі?

— Яны былі пралётам, канечне. У лясах там сотня яшчэ не хадзіла, але кагосьці затрымлівалі на арандаваных кватэрах і перадавалі дзяржбяспецы, далейшы лёс гэтых людзей мне невядомы, пра ўсе абставіны прамаўчу.

— У сілавых органах традыцыйна культывавалася грэблівае стаўленне да апазіцыі, а ў які момант усё змянілася?

— Ды не тое што грэблівае. Я ў апазіцыі бачыў людзей, якія змагаюцца за свае ідэалы і не маюць шырокай падтрымкі, а ўлада — мае. Усё змянілася і стала наадварот.

— Што вас не задавальняе ў Лукашэнку?

— Задача палітычнага лідара ў тым, каб рабіць жыццё грамадзян, якія яго абралі, лепш. Стала жыццё якасней? Становіцца магчымасцяў больш? Не і не. На адным узроўні і горш.

Быў адзін плюс у яго — доступ да танных рэсурсаў з Расіі. Але гэта ніяк не было выкарыстана, мільярды закапаныя ў зямлю, інвестыцыі змарнаваныя, мы, беларусы, аказалі з такім кіраўніком голымі і босымі, грашыма і рэсурсамі распараджацца гэтыя ўлады не ўмеюць. Беларусь заслугоўвае больш эфектыўнага менеджмента. Яго мэта — толькі асабістая ўлада.

— А што сістэма зрабіла няправільна?

— Ды яны адарваныя ад жыцця і нічога не разумеюць у тым, што адбываецца. У «плафоны» тыкаць не ўмеюць, чым жыве краіна, не разумеюць, спадзяюцца, што заўсёды будзе як раней, яны адсталі ва ўсім.

І я думаю, што спецыяльныя работнікі, якія павінны былі «убачыць» пагрозы ў тым жа Ціханоўскім ці Пуцілу, калі ён яшчэ быў у Мінску, — «не ўбачылі» спецыяльна, бо дастала ўжо.

— Якія аргументы працуюць у размовах з сілавікамі?

— Цяжка сказаць, асабліва цяпер. Усе закрыліся ў сабе, ніхто нікому не давярае, не гавораць адзін з адным, да такога даходзіць. Баяцца ўсе, што хтосьці іх здасць таму ці іншаму боку.

«Я нічога не ўмею» — гэта галоўны аргумент для супрацоўніка міліцыі, каб не сыходзіць. Маўляў, я ж круты, не пайду ж я на пост аховы ў супермаркеце працаваць.

Яны думаюць, што яны крутыя, але сэнс у тым, што іх самаацэнку заніжаюць ідэолагі, забіваюць веру ў сябе, знішчаюць здольнасць прымаць рашэнні і браць адказнасць за сваю будучыню.

Калі ўжо разабрацца, то ў сілавікоў метадычна знішчаюць іх мужчынскі незалежны пачатак, нібыта наяўнасцю якога яны так ганарацца. На кожна агітацыі: «Вас нідзе не чакаюць», «Вы нікому не патрэбны», — і людзі пачынаюць так думаць, яны маніпуляваныя.

Не разумеюць таксама простай рэчы, што толькі моцная эканоміка можа плаціць заробкі, за якіх не сорамна. Тыя ж польскія заробкі нашым дэтэктывам і не сніліся, не кажучы пра нямецкія ці амерыканскія. А як яны хочуць жыць, калі заганяюць людзей у галечу? Беднае насельніцтва — бедныя афіцэры, гэта аксіёма. Нехта нешта і займее, але не большасць.

— А што б ты сказаў сваім калегам?

— Я б параіў дзеля іх жа будучыні кіравацца законам і рэгулярна перачытваць Канстытуцыю, пачаць думаць сваёй галавой, а не нарэзкамі БТ на ідэалагічных пяціхвілінках.

— Як вылічваюць адміністратараў чатаў?

— Адсочваюць па трафіку. Напрыклад, нехта ў чат скінуў карцінку, у яе пэўная электронная вага ў байтах. Правяраецца, хто ў гэты канкрэтны час у краіне перадаваў на сервер тэлеграма паведамленне з такой колькасцю байтаў, да секунды. Так і знаходзяць.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:76)