Общество

Адзіную беларускамоўную газету для дзяцей закрылі з прычыны крызісу

Газета для дзяцей і падлеткаў «Раніца» з кастрычніка спыніла свае існаванне. Выданне амаль бесперапынна выходзіла на роднай мове на працягу 82 гадоў, не зважаючы на войны, крызісы і змены ўлады.

Як паведаміў у сваім блогу Вінцук Вячорка пра закрыцце выдання ен даведаўся на пошце, калі афармляў 13-гадовай дачцэ падпіску на любімую газету.

У рэдакцыі «Настаўніцкай газеты», якая з’яўляецца выдаўцом «Раніцы», патлумачылі, што газету закрываюць з прычыны… эканамічнага крызісу.

Чытачам паабяцалі: нейкія матэрыялы былой «Раніцы» нібыта будуць уключацца ў расейскамоўную газэту «Переходный возраст». З каталогу на 2-е паўгоддзе 2011 году, што вісіць на сайце «Белпошты», вынікае, што «Раніца» цяпер будзе дадаткам да «Настаўніцкай газеты». Выпісаць яе можна толькі так -- у складзе «Настаўніцкай». Гэта ў пяць разоў даражэй, і на месяц або тры выпісваць нельга. Толькі адразу на паўгода.

Вінцук Вячорка назваў спыненне выхаду адзінай беларускамоўнай газеты для дзяцей і падлеткаў дыскрымінацыяй.

-- Узнікае заканамернае пытанне, чаму з прычыны крызісу не закрываюць той самы «Переходный возраст», «Юного спасателя» або, страшна сказаць, саму «Советскую Белоруссию» ці там «Республику», а сама лепш -- БТ? Павінна ж атрымацца значна большая эканомія, чым ад спынення самастойнага выдання «Раніцы» з яе невялікім накладам.

На думку Вячоркі, такія выданні -- нацыятворчыя -- маюць права на дзяржаўнае фінансаванне.

-- Тыя ж, хто прыняў рашэнне аб закрыцці, павінны ўсведамляць, што трапляюць у гісторыю ў незайздросным абліччы герастратаў, -- піша палітык. -- А як выказваць салідарнасць рэдакцыі «Раніцы» з ейным пакорлівым маўчаннем ягнятаў, дык і ня ведаю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)