Беседка
Вiталь Гарбузаў

«Адзін з вершаў прысніўся ў ноч на 19 снежня»

Эдуарда Акуліна называюць «Каралём пачуццёвай лірыкі», бо ягоная творчасць прасякнута цеплынёй, пяшчотай, каханнем, любоўю да Беларусі.

Яго вершы і песні не гучаць на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, але на выступах паэта і барда па ўсёй краіне заўжды збіраюцца аншлагі, а адна з ягоных кніг, як рарытэтнае выданне, захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі.

Эдуард Акулін, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, роўна як і дзясяткі айчыных літаратараў, вымушаны выдаваць свае кнігі за ўласны кошт, бо прынцыпова не піша оды беларускай уладзе. Ці можна пражыць у нашай краіне, выключна за кошт напісання вершаў? Чаму Акулін быў вымушаны падарыць уласную кватэру адміністрацыі прэзідэнта? З якой прычны паэт прадаў каштоўны падарунак ад Міністэрства культуры?

На гэтыя і іншыя пытанні Эдуард Акулін адказаў у інтэрв’ю «Салідарнасці».

— Спадар Эдуард, у мінулым месяцы вам споўнілася пяцьдзясят. Ці шмат гэта для творцы?

— Я не адчуваю сябе на гэты ўзрост. Проста лічу, што падыйшоў да поўдня жыцця, і ў мяне адкрылася «другое» творчае дыханне. Мяркуйце самі, калі за апошнія дзесяць гадоў я напісаў агулам сто вершаў, то толькі за апошні месяц іх з’явілася трыццаць. Я цалкам згодны з Андрэем Вазнясенскім, які некалі сказаў, што вершы не пішуцца, вершы «здараюцца». Мне, напрыклад, часам вершы ў літаральным сэнсе сняцца. Застаецца толькі прачнуцца, узяць асадку і запісаць. Адзін з такіх вершаў прысніўся мне ў ноч на 19 снежня мінулага года, на другія ўгодкі з дня разгону Плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў. Гэта верш “Сцяг”, прысвечаны Уладзіміру Някляеву:

Ты перамог без перамогі…
Перамагае гэтак Лёс.
Ды не сышоў убок з дарогі,
нібы крывіцкі наш Хрыстос.

Даволі! – выгукнуў і Волі
сябе аддаў ты наўзамен…
Вышэй за воблачную столю
твой Дух лунаў – Дух перамен!

А той, крыві тваёй хто прагнуў,
нібы сляпы ад помсты воўк,
бег за табой па пахі ў багне
ад Каіна граху за крок…

За крок ад смерці, напаіўшы
крывёй чырвонай белы снег,
ты сам стаў Сцягам, Дух узвіўшы,
вышэй за каінавы грэх.

І калі нехта запытае:
– Дык дзе наш Сцяг і Воля дзе?
Я адкажу: – Ён там лунае,
дзе Беларусь на Плошчу йдзе!

— Ваш сябра – паэт Леанід Дранько-Майсюк – прызнаўся, што для многіх сучасных паэтаў асабісты дабрабыт не з’яўляецца самамэтай. Маўляў, паэту дастаткова мець адны чаравікі і адзін касцюм. Як думаеце, гэта ад таго, што паэзіяй зарабіць на годнае жыццё ў Беларусi немагчыма?

— Я цалкам згодны з Леанідам. Для сапраўднага паэта грошы не павінны стаяць на першым плане. Сапраўднаму паэту патрэбна адзінота і натхненне. Не важна, чым ты пішаш, – дарагім паркерам ці гусіным пяром. Важна аддана слугаваць Паэзіі. А калі прама адказваць на пытанне, за кошт чаго ўдаецца выжываць сёння, то, асабіста я выжываю за кошт сваіх вершаў, песень і выступаў.

У першую чаргу – гэта выступы ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!». Іх за апошнія чатыры гады было болеш за пяцьсот…

Вядома, асабліва не шыкую, на «Майбаху» не езджу, пра адпачынак на Мальдзівах таксама не мару, бо зарабляю роўна столькі, колькі трэба на сціплае беларускае жыццё – са шкваркай і чаркай….

— Менавіта таму аднойчы прадалі падарунак ад Міністэрства культуры?

— Гэта даўняя гісторыя. Першы бардаўскі фестываль у незалежнай Беларусі прайшоў яшчэ ў 1993 годзе. Удзел у ім узялі самыя лепшыя і вядомыя барды краіны: Алесь Камоцкі, Алег Атаманаў, Віктар Шалкевіч, Вальжына Цярэшчанка, Андрэй Мельнікаў. На тым конкурсе я заняў другое месца і атрымаў прыз ад Міністэрства культуры – шыкоўную крыштальную вазу.

Сапраўды, я яе потым прадаў, каб заплаціць першы ўнёсак за каператыўную кватэру. Трэба было недзе жыць, усё ж такі я меў сям’ю – жонку і двух сыноў. Я пайшоў да тагачаснага міністра культуры Яўгена Вайтовіча. Папрасіў дапамогі. Памятаю, мне далі 10.000 рублёў, – роўна два працоўных аклады. Але гэта была сотая частка ад патрэбнай сумы, таму я прадаў ганаровы падарунак – крыштальную вазу на адным з рынкаў у Польшчы, бо палічыў, што дах над галавой важней, чым падарунак, хай сабе і ад міністра культуры.

Кватэру ў выніку я пабудаваў. Гэта звычайная двухпакаёўка ў Малінаўцы. Прыватызаваў. Але потым, у 1997-м, падарыў яе адміністрацыі прэзідэнта…

—???

— Гэта быў звычайны развод у стылі інсуючай у Беларусі ўлады. Гуляць у гульні з гэтай дзяржавай небяспечна. За пабудаваную на ўласныя сродкі кватэру мне паабяцалі большую па памерах. (Я стаяў у чарзе на пашырэнне). У гэтай здзелцы была толькі адна ўмова: я дару свае квадратныя метры нейкаму чыноўніку з адміністрацыі, а мне выдзяляюць новае жыллё.

Я падпісаў усе дакументы. Сэнс быў такі: дары кватэру, а потым разбярэмся… Разабраліся. Адміністрацыя прэзідэнта ў чарговы раз у накладзе не засталася. Далі новае жыллё ў той жа Малінаўцы, але з дзяржфонду, непрыватызаванае. А значыць фактычна не маё. Для таго, каб прыватызаваць новую кватэру, патрэбна заплаціць 21 тысячу даляраў. Узяў растэрміноўку на 40 гадоў, каб заплаціць гэтую суму…

— Давайце лепш вернемся да паэзіі. Шіо яна для вас? Ведаю, што выдаеце кнігі за ўласны кошт. Звяртаецеся да спонсараў за дапамогай?

— Паэзія – гэта невылечная хвароба. Калі напісаў верш, лічы захварэў. А калі збіраецца крытычная колькасць вершаў, зразумела, хочацца іх выдаць кнігай. У адным з маіх вершаў нават ёсць такі радок: «Мае вершы сумуюць па кнізе…».

І тут усё ўпіраецца ў грашовае пытанне.

Ніколі ў жыцці я не пайду з працягнутай рукой да спонсараў. Гэта ніжэй маёй годнасцi.

Праўда, не адмоўлюся, калі нехта з дабрадзеяў сам прапануе дапамогу. Асабліва, калі гэта тычыцца літартурнага часопіса для моладзі “Верасень”.

— Ва ўладныя дзверы за дапомогай, так разумею, таксама не спрабавалі грукацца?..

— Звяртацца з падобнай просьбай да цяперашняй улады, па-першае, бессэнсоўна. Па-другое, абразліва. За савецкім часам паэты былі ў большым попыце ва ўладаў, чым зараз. Існуючая ўлада проста наплявала на інтэлектуальную эліту. Сёння ў фаворы хакеісты-футбалісты і розныя іншыя «істы». Пра што можна гаварыць, калі знішчаюцца нават кнігі, якія выдаюцца аўтарамі за ўласны кошт…

— Маеце на ўвазе кнігу сваіх вершаў «Радно»?

— Так. Кніга павінна была выйсці ў выдавецтве «Полібіг». Я заплаціў грошы, наклад быў аддрукаваны. Я нават паспеў атрымаць10 сігнальных асобнікаў. Назаўтра ж, калі прыехаў забраць увесь наклад, то з рук дырэктара выдавецтва Аляксандра Зубца атрымаў акт, у якім было сказана, што кніга вершаў Эдуарда Акуліна “Радно” «измельчена в макуллатуру по техническими причинам…»

Зразумела, што ніякіх тэхнічных прычын не было. Проста дырэктару выдавецтва трапіўся на вочы верш “Паэт”, прысвечаны народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу. Змест якога, відаць, добра напалохаў цэнзараў-ідэолагаў.

Паэт

Пры гэтым народзе,
пры гэтай уладзе
паэтаў народных
штурхаюць на здраду...
Паэтаў вялікіх,
чый век несканчоны,
змушаюць маліцца
на псеўдаіконы.
Віжуюць, не спяць
слугачы-янычары.
Драпежна рыпяць
валадарскія нары...
За кратамі песня.
Ды гэтага мала...
Няўжо уваскрэсне
забойца Купалы?
Пры гэтым народзе
з уладаю гэткай...
Як мала народных —
сапраўдных Паэтаў!

Між іншым, зборнік «Радно» захоўваецца ў адзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, побач з Бібліяй Францішка Скарыны,як выдавецкі рарытэт.

— Вам не падаецца дзіўным, што ў Беларусі існуе адразу два пісьменніцкіх Саюзы…

— Я лічу, што для такой краіны, у якой мы жывем зараз, дзе грамадства па-сутнасці, расколата напалам, гэта абаслютна нармальная з’ява. Немагчыма адначасова служыць і Богу і д’яблу. Таму, кожнаму сваё…

—Магчыма таму і ўся Беларусь не гаворыць па-беларуску?

— Выхоўваць любоў да мовы і культуры краіны, дзе жывеш, кожны павінен сам. Пачынаць трэба найперш з сябе, не чакаючы загаду зверху. Хаця, калі табе загадвае Бог, можна трэба абавязкова прыслухацца…

Асабіста я прыйшоў да Беларусі праз паэзію Максіма Багдановіча. У 14 гадоў пакляўся ніколі не пісаць на чужой мове, хаця мае першыя вершы былі рускамоўнымі, напісаныя ў стылістыцы Сяргея Ясеніна. Потым, паступіўшы ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, я пасябраваў з Алесем Бяляцкім, Анатолем і Сержуком Сысамі. Там канчаткова вырашыў адбудоўваць Беларусь у сабе, каб душа адгукнулася на покліч Бога.

Даведка «Салідарнасці»

Эдуард Акулін. Паэт, бард, перакладчык.

Нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў вёсцы Вялікія Нямкі на Веткаўшчыне. Скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэт і аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Працаваў настаўнікам, загадчыкам філіялу літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Беларуская хатка».

Зараз галоўны рэдактар часопіса «Верасень», намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар кніг «Лёс дзённага асвятлення»,«Пяшчота Ліўня» «Крыло анёла», «Радно», «Непрычалены Човен», а таксама двух кампакт-дыскаў з песнямі «Напачату была песня» и «Песні залатой Крывіі»

Вершы перакладаліся еа англійскую, французскую, сербскую, літоўскую, украінскую, італьянскую мовы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)