Политика
Іна Студзінская, Радыё Свабода

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Цімафея Дранчука

Цімафея Дранчука дома чакаюць жонка Вольга з трохмесячным сынам Платонам, бацькі і сястра. Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафей Дранчук ад 21 лютага знаходзіцца за кратамі ў сьледчым ізалятары КДБ. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі й замаху на правы грамадзянаў паводле часткі 2 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу. Суд над актывістамі “Партнэрства” прызначылі на 28 ліпеня. Судовы працэс будзе закрытым.

Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч — карэспандэнтка “Комсомольской правды” в Белоруссии”, пазнаёмілася са сваім будучым мужам дзякуючы працы.

(Вольга: ) “Мы знаёмыя з Цімафеем з 1997 года, гэта быў яшчэ "Малады фронт", але пачаткам нашых адносінаў мы лічым 10 сьнежня 2002 года, калі была акцыя ў абарону правоў чалавека. Цімафей у гэтай акцыі ўдзельнічаў, а я пра гэту акцыю пісала. І як у жыцьці атрымліваецца: зараз Цімафея судзяць за тое, што ён быў у незарэгістраванай арганізацыі, якая быццам бы пасягала на гэтыя самыя правы чалавека...”

(Карэспандэнтка: ) “Ведалі вы і калі знаёміліся, што спакойна вам з Цімафеем ня будзе...”

(Вольга: ) “Так, але калі ў нас адносіны склаліся, значыць, мне і ня трэба, каб было спакойна з чалавекам, мне патрэбна, каб быў такі чалавек. А па-другое, я разумела, чым Цімафей займаецца, чым гэта можа пагражаць у нашай краіне. Але заўсёды здаецца, што гэта здарыцца не з табой. Я ніколі не магла ўявіць, што буду цяжарная на апошнім месяцы, а прыйдуць людзі, якія забяруць Цімафея, я ня буду яго бачыць вось ужо 5 месяцаў…”

Цімафея Дранчука арыштавалі 21 лютага, калі ён раніцай выйшаў з кватэры купіць кветкі для жонкі Вольгі, у якой быў дзень нараджэньня. Да крамы з кветкамі ён не дайшоў…

(Вольга: ) "Гэта быў апошні месяц маёй цяжарнасьці, і ў такім стане жанчына павінна думаць толькі пра будучае дзіця, пра тое, што набыць, дзе што паставіць... Я ж вымушаная была думаць, як перадаць перадачу, даведацца, як пісаць туды лісты, чаму лісты ад Цімафея не даходзяць, і замест таго, каб у Інтэрнэце чытаць сайты для маладых бацькоў і замаўляць на будучыню пампэрсы, я чытала, хто што сказаў пра "Партнэрства", у чым іх чарговым разам абвінавацілі, і было вельмі страшна… Мы зь Цімафеем вельмі шмат марылі: сын народзіцца, мы разам будзем дома, як гэта будзе адбывацца. А калі яго забралі, я зразумела, што нічога гэтага ня будзе”.

На 44-ы дзень пасьля арышту Цімафея нарадзіўся сын Платон, якога бацька яшчэ не трымаў на руках. Толькі на 20-ы дзень пасьля ягонага нараджэньня бацька ўбачыў сына на фотаздымках.

(Вольга: ) "Зразумела, што стала лягчэй і мне, і Цімафею. Нават у лістах, якія ён пісаў да нараджэньня сына, у кожным радку было шалёнае хваляваньне за тое, як Платон народзіцца. Як бы я ні старалася трымаць сябе ў руках, стрэс быў проста жудасны. І Цімафей увесь час спадзяваўся, што яго выпусьцяць да таго, як Платон павінен нарадзіцца, ён мяне падтрымае, і ўсё будзе добра.

Пакуль Платон не нарадзіўся, я пісала Цімафею лісты кожны дзень, а тое і двойчы на дзень. Зразумела, такое я сабе дазволіць ужо не магу. І Ціма нават пажартаваў, што Платон адабраў у мяне ўвесь час, які нават належыць яму”.

Пасьля нараджэньня сына Вольга Анцыповіч зь немаўляткам пераехала да бацькоў, якія дапамагаюць. Дапамагаюць і сапраўдныя сябры мужа.

(Вольга: ) “Банальна так казаць, але я насамрэч даведалася, хто ёсьць хто. Было некалькі людзей, у якіх я была ўпэўненая на ўсе 100%, што менавіта яны прыйдуць у першы дзень. Іх няма дагэтуль. А так, канечне, дапамога адчуваецца вельмі вялікая. У першую чаргу, гэта мае бацькі. І сябры Цімафея, якія дапамагаюць не толькі тэлефанаваньнямі, а вельмі канкрэтнымі рэчамі: падвезьці, адвесьці куды трэба”.

Дапамагаюць сваякі Цімафея. Бацька, вядомы эколяг Валер Дранчук зьвяртаецца ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, апублікаваў у “Народнай Волі” лісты Цімафея з няволі. Сястра Юлія ўзяла на сябе зносіны з адвакатамі.

(Юля: ) "Спачатку было проста цяжка. Потым было страшна. Потым было прыкра. Потым пачалася такая стадыя невядомасьці, якая цяжка перажываецца наагул... Натуральна, калі нарадзіўся ўнук, бацькам стала і больш цяжка, і больш лёгка. Бацька проста памаладзеў на 10 год. Мама, калі яна з унукам, значна лягчэй пераносіць. Ён сьмяецца, яе пазнае, яны размаўляюць пра сваё. У гэтым пляне унук дапамог бацькам перажываць. Але з іншага боку, калі мы ўсе прыяжджалі ў раддом, было вельмі цяжка. Я ведаю, наколькі гэта важна для Цімафея, каб усё было правільна. Бацька праз адваката запытаўся ў Цімы, якія кветкі менавіта ад яго купіць для Вольгі, і мы паспрабавалі хоць нейкім чынам ягоную прысутнасьць абазначыць”.

Безумоўна, вельмі крыўдна, што бацька ня бачыць, як ягоны першанец пачаў усьміхацца, вымаўляць першыя склады, кажа Вольга Анцыповіч.

(Анцыповіч: ) “Нават калі Цімафей прыйдзе, пачуцьцяў мы дабярэм, але вось гэтыя пачуцьці нам ужо ніхто ня верне, і гэтыя эмоцыі таксама. І таго пазбавілі, што па праву належыць Платону. Ну а наконт таго, што адпомсьціць — адпомсьціць ня хочацца. Зямля круглая, і ўсё да ўсіх вяртаецца. Тут ёсьць і нешта невыпадковае: калі затрымалі і Астрэйку. і Шалайку, і Цімафея, у іх ва ўсіх аказаліся цяжарныя жонкі. Я спадзяюся, што людзі, якія іх затрымлівалі, якія іх будуць судзіць — ім недзе ў глыбіні душы няёмка, што яны робяць. Бо ў народзе заўжды казалі, што цяжарную жанчыну нельга крыўдзіць.

Я думаю, нашы дзеці вырастуць вельмі добрымі людзі. Наш сын увесь час, колькі ён будзе жыць, будзе ведаць і памятаць, што калі ён нарадзіўся, яго бацька ня мог падарыць мне кветкі, ён ня мог напісаць мне запіску ў радзільны дом. І я думаю, што нават калі гэты рэжым ня зьменіцца, і калі гэты рэжым будзе яшчэ і тады, калі Платон будзе дарослым, то гэты рэжым нажыў сабе апанэнта 100% проста па нараджэньні”.

Некалькі дзён таму Вольга Анцыповіч мела апошняе перад судом спатканьне зь Цімафеем.

(Анцыповіч: ) "Вельмі добра выглядае, што мяне нават уразіла. А трымаецца... Ведаеце, казаць, што ў турме чалавек трымаецца вельмі добра… нармальны чалавек ня можа вельмі добра сябе адчуваць у такіх умовах. Але ні разу я ад яго не чула: “як мне дрэнна”. Ён вельмі бадзёра на ўсё глядзіць, адзінае, кажа, што вельмі цяжка чакаць вось гэтыя апошнія дні, якія сталі цягнуцца ўдвая даўжэй".

(Карэспандэнтка: ) “А ўяўлялі сам момант сустрэчы?”

(Вольга: ) “Усе кажуць, што трэба ісьці пасьля абвяшчэньня прысуду і чакаць, таму што калі будзе яшчэ пакараньне, нам па закону абавязаныя прадаставіць спатканьне. Ну, а калі выпускаюць, то хацелася б пайсьці з Платонам, каб ён адразу ж убачыў у першыя хвіліны сына. Я вельмі веру і спадзяюся, што ўсё гэта скончыцца ў судзе і Цімафея выпусьцяць…”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)