«Адзець кайданкі»: на чыноўнікаў ці на камунальныя тарыфы?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

«Улада па-ранейшаму даволі ўважліва адсочвае настроі насельніцтва»

Цыганкоў: Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам старшыня камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў расказаў Лукашэнку, што неабходныя разьлікі коштаў жыльлёва-камунальных паслуг былі праведзеныя, але з ужываньнем на практыцы атрымалася з дакладнасьцю да наадварот, усё было зроблена, паводле яго, «ад балды».

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто ня выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму».

Акрамя таго, ён даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, прэм’ер-міністар прадставілі яму разьлікі тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Ён падкрэсьліў, што службовыя асобы, якія ня выканаюць дадзеныя сёньня даручэньні, панясуць за гэта адказнасьць. Акрамя таго, КДК даручана праверыць тарыфы на праезд. Лукашэнка падкрэсьліў, што праезд у грамадзкім транспарце апошні раз даражэў у сьнежні мінулага году, і з тых часоў дабрабыт беларусаў не палепшыўся. «Ніякага з майго боку ўхваленьня так званых непапулярных мер, якія сёньня яшчэ раз удараць па насельніцтве, ня будзе», — дадаў Лукашэнка.

Перш за ўсё, варта зазначыць, што мы назіраем добра вядомы палітычны спэктакль, які ўжо неаднаразова бачылі за гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы ўбачыў недахопы чыноўнікаў і паставіў іх на месца, праявіўшы свой клопат аб народзе.

Па-другое, гэта відавочна сьведчыць аб тым, што ўлада па-ранейшаму даволі ўважліва адсочвае настроі насельніцтва. І не абурэньне прасунутай публікі ў Фэйсбуку, а абурэньне простых, звычайных людзей, якое выражалася ў тым, што сотні людзей па ўсёй краіне асаджалі мясцовыя ЖЭСы з патрабаваньнямі і прэтэнзіямі.

Яшчэ адзін цікавы аспэкт, У перадачы «Клюб рэдактароў» на Беларускім ТБ яе ўдзельнікі, не баючыся гневу вышэйшых уладаў, учора даволі актыўна крытыкавалі новыя тарыфы, праяўляючы нетыповую для дзяржаўных журналістаў сьмеласьць, а магчыма, проста ведаючы, як адрэагуе кіраўнік дзяржавы.

Рызыкну спрагназаваць, што камунальныя рахункі сапраўды патаньнеюць за наступны месяц. Бо гэта вельмі выгодны крок — спачатку падвысіць на надта вялікую суму, а потым часткова вярнуць, але зразумела, не на той узровень, які быў да падвышэньня. Так што і падаражаньне адбылося, і кіраўнік дзяржавы паказаў, як ён клапоціцца аб народзе, падвысіў свой рэйтынг.

«За адмову ад рэформ той самы народ плаціць немалую цану»

Карбалевіч: Так, сёньня Лукашэнка паказаў чарговы спэктакль папулізму. 20 гадоў мы глядзім гэты спэктакль пад назвай «Добры цар і дрэнныя баяры». Лукашэнка запатрабаваў надзець кайданкі на тых, хто павысіў камунальныя тарыфы. Гэтае нейкае вяртаньне ў лістапад 1994 году, калі ён, вярнуўшыся з адпачынку з Сочы, запатрабаваў вярнуць назад цэны на харчаваньне.

Але гэты прыклад высьвечвае больш шырокую праблему. Лукашэнка, адмаўляючыся ад эканамічных рэформаў, спасылаецца на клопат пра народ. Маўляў, рэформы балючыя для насельніцтва. У рэальнасьці атрымліваецца, што за адмову ад пераўтварэньняў той самы народ плаціць таксама немалую цану.

І яна з кожным месяцам падвышаецца. Вось, напрыклад, улады адмаўляюцца рэфармаваць сыстэму ЖКГ, ліквідаваць манаполію дзяржавы ў гэтым сэктары, дапускаць туды прыватны бізнэс, што стварыла б канкурэнцыю, зьнізіла б выдаткі і камунальныя тарыфы. Замест гэтага ўлады банальна і тупа павышаюць плату за паслугі, перакладаюць ўсе недахопы захаваньня старой неэфэктыўнай мадэлі на насельніцтва, запалохваючы яго рэформамі. Цікава, ці пасадзяць насамрэч кагосьці за павышэньне камунальных тарыфаў? Увогуле тэма кайданкоў як сродку вырашэньня сацыяльна-эканамічных праблемаў робіцца ўсё больш актуальнай.

«Звычайны беларускі мэтад — ціхенька падаграваць жабу ў рондалі»

Дракахруст: Не выключаю, што можа каго і пасадзяць. Прычым, пасадзяць хутчэй за ўсё не за гэта, бо ў гэтым не зусім зразумела які крымінал. Але народу пакажуць, што гэта нібыта «бацька разабраўся» і аднавіў парадак. Я згодны, што студзеньскае падвышэньне тарыфаў было, хутчэй за ўсё, такім пробным шарам: закінулі даволі вялікую суму, потым адчулі праз ускосныя і прамыя сыгналы, што народ вельмі незадаволены.

Зараз адкруцяць назад, але будуць рабіць тое самае, але павольна. Для людзей было шокам, што цэны скакнулі так высока. А звычайны беларускі мэтад — як у вядомай прытчы: ціхенька падаграваць жабу ў рондалі, бо яна адаптуецца да больш высокай тэмпэратуры.

Цыганкоў: Тут яшчэ сваю ролю грае і сэзонны чыньнік. Зараз апошні месяц зімы, а потым тарыфы самі будуць зьніжацца. Гэта можна будзе таксама падаць як клопат пра народ.

Дракахруст: Гэты спэктакль — таксама аргумэнт да нашай зь Віталём спрэчкі, ці будуць рэформы. Падвышэньне тарыфаў — гэта адно з найпершых патрабаваньняў МВФ. Адзін крок наперад, два назад — беларускія ўлады такім чынам хочуць адаптаваць электарат да таго, што хоча фонд. Бо, як паказвае нам украінскі досьвед, выкананьне патрабаваньняў МВФ дорага даецца любому ўраду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)