Общество
Віталь Гарбузаў, фота Радыё Свабода

«Адыходзіць пакаленне, якое прарасло праз асфальт…»

У Мінску развіталіся з вядомым гісторыкам, археолагам, краязнаўцам і грамадскім дзеячом Міхасём Чарняўскім. Чалавекам, які стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага народнага фронту і «Таварыства беларускай мовы».

Рытуальная зала сталiчнага дома Смутку, дзе прайшло адпяванне Міхася Чарняўскага, не змагла ўмясціць усіх, хто прыйшоў аддаць даніну памяці нябожчыку. Людзі цярпліва чакалі ў калідоры, каб падысці да труны і пакласці кветкі.

Падчас адпявання айцец Сяргей Гаек назваў Міхася Чарняўскага сапраўдным волатам духа.

Ніхто не саромеўся слёз. Плакалі родныя Чарняўскага, плакаў ягоны сябра Васіль Шаранговіч, плакалі зусім маладыя людзі – студэнты, у якіх ён выкладаў. У паветры жалобнага маўчання адчувался – ад нас сышла сапраўдная Асоба, сапраўдны Чалавек. Мужны. Рашучы. Адданы сваёй справе.

Сярод тых, хто прыйшоў, былі палітыкі, літаратары, грамадскія дзеячы — Аляксандр Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Алесь Пашкевіч, Алег Трусаў, Пётр Садоўскі, Аляксей Кароль, Валянцін Голубеў і іншыя.

Мастак Васіль Шаранговіч сказаў:

– Сёння цяжка гаварыць, слёзы засцілаюць вочы. Смерць Міхася, якога я ведаў са школьных гадоў, – гэта нацыянальная страта. Ведаеце, ён з самага дзяцінства быў адданы Беларусі. Яшчэ ў восьмым класе ён цвёрда вырашыў стаць гісторыкам, бо лічыў, што беларуская гісторыя недаследавана і гэта трэба некаму рабіць. Міхась быў мяккім па характары, але цвёрдым у дасягненні сваёй мэты. А мэта ў яго была адна – адраджэнне Беларусі. Ён да апошняга быў адданым сынам Радзімы, самым лепшым яе сынам.

За некалькі дзён да смерці Міхась Чарняўскі патэлефанаваў свайму дораму сябру – літаратару Арсенію Лісу.

– Ён быў чалавекам надзвычайнай дабрыні, у ім жыла душэўная дэлікатнасць, – агучыў ён. – Напэўна, Міхась адчуваў свой хуткі адыход. Патэлефанаваў і сказаў: «Я хачу развітацца». Гэта было нечакана. І ў той момант я злавіў сябе на думцы, што ў апошні час (а сябравалі мы з ім з 60-х гадоў), так і не давялося сабрацца і пагаварыць пра жыццё, пра праблемы, якія яго хвалявалі. А хвалявала яго найперш Беларусь, яе будучыня як свабоднай і незалежнай дзяржывы. Ён любіў паўтараць: «Да беларушчыны яшчэ рабіць і рабіць, араць і араць». Гэтыя словы – наказ Міхася ўсім нам.

Узгадаў пра Міхаіла Чарняўскага і паэт Уладзімір Някляеў:

— Міхась Чарняўскі – чалавек выключнай якасці. Для Беларусі ён зрабіў вельмi многа. Ён быў добрым і высакародным, у ім было нешта ад сапраўднага верніка. Ён меў на мэце перамогу нацыянальнага ў Беларусі, верыў у тое, што перамагчы можна толькі дабром, толькі працай, толькі сілай духу. І ён так і жыў.

— Сёння мы развітваемся з выбітным чалавекам, – працягнула грамадская актывістка Галіна Сіўчык. – З нагоды смерці Міхася Чарняўскага вядомы беларускі этнограф Лія Салавей сказала: «Адыходзіць пакаленне беларусаў, якое здолела прабіцца паз асфальт». Чарняўскі – чалавек-будзіцель. Усім сваім жыццём i працай ён абуджаў Беларусь. Сваім жыццём ён даказаў галоўное: колькі б ні выкошвалі беларусаў, пакаленне за пакаленнем, – наш народ будзе адраджацца. Важна, каб і пасля Міхася Чарняўскага яго жыццёвая справа – справа беларускага адраджэння – жыла.

… Труна з целам Міхася Чарняўскага была накрыта бел-чырвона-белым сцягам. У апошні шлях яго праводзілі гімнам часоў беларускага адраджэння «Магутны Божа». Пахаваны Міхась Чарняўскі будзе на малой радзіме – у вёсцы Круці Мядзельскага раёна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)