Адвакат: «Спадзяюся, логіка і ўзважаная пазіцыя ў выніку пераважаць: немагчыма каментаром распаліць варожасць»
Больш за 110 беларусаў могуць адначасова сесці за каментары па «справе Зельцэра». Спыталі юрыста, чаго чакаць.
Пасля трагедыі на Якубоўскага, у выніку якой загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і айцішнік Андрэй Зельцэр, па ўсё краіне прайшлі масавыя затрыманні людзей, што пакідалі негатыўныя каментары на адрас першага. У самім МУС адрапартавалі, што ўжо выявілі больш 200 такіх каментатараў.
Сёння стала вядома пра мінімум 116 чалавек з іх ліку, якія не выйшлі на волю пасля трох сутак. Усе яны лічацца падазраванымі ў межах крымінальных артыкулаў. Папрасілі адваката пракаментаваць такі размах.
Ці ёсць шанец, што нехта з гэтай вялікай колькасці затрыманых усё ж выйдзе на волю бліжэйшым часам?
Юрыст Андрэй Мачалаў лічыць гэта цалкам верагодным.
— Нехта будзе выходзіць, бо я не ўяўляю, як можна больш за 100 чалавек пакінуць за кратамі. Пытанне толькі ў тым, хто гэта будзе і калі. На сёння сітуацыя вельмі эмацыйна напружаная, складана нешта прагназаваць.
Многія каментары, праз якія людзей затрымлівалі, мы не бачылі, але тыя, якія ўсплывалі ў СМІ, ці той жа матэрыял журналіста «КП» — у іх і блізка нябачна абраз прадстаўніка ўлады ці распальвання варожасці.
Складваецца ўражанне, што хацелі затрымаць не столькі за негатыўныя каментары, а проста ўсіх, хто ўвогуле хоць неяк абмяркоўваў гэтую тэму.
Па словах Андрэя Мачалава, цяпер адчувальны недахоп адвакатаў, якія маглі б дапамагаць такой вялікай колькасці людзей адначасова. Такая ж сітуацыя можа назірацца і ў следчым апараце.
— Знайсці адразу некалькі дзясяткаў следчых на новую справу — значыць, хутчэй за ўсё, адцягнуць іх ад іншых спраў, — каментуе Андрэй Мачалаў. — Калі ўсё ж за каментары будзе асуджаная вялікая колькасць людзей, гэта будзе новай эскалацыяй рэпрэсій. Спадзяюся, логіка і ўзважаная пазіцыя, калі эмоцыі сціхнуць, у выніку пераважаць: немагчыма каментаром распаліць варожасць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное