Общество

Адразу два карэспандэнты «Салідарнасці» перамаглі ў конкурсе «Вольнае слова»

Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі творчага конкурсу «Вольнае слова». Адразу два карэспандэнты «Салідарнасці» сталі лаўрэатамі конкурсу.

“2011 год стаў адным з самых цяжкіх у гісторыі беларускай журналістыкі — арышты, суды, запалохванні спадарожнічалі тым з нас, хто імкнуўся несці грамадзянам краіны вольнае слова”, — зазначыў старшыня журы Юрась Карманаў, паведамляе прэс-служба ГА “БАЖ”. — Сябры БАЖ апынуліся за кратамі, заплаціўшы высокую цану за права займацца журналістыкай. І тым больш каштоўнай для нас ёсць праца калег, якія ў экстрэмальных умовах здолелі прадэманстраваць высокія стандарты прафесіі. Менавіта для гэтага і існуе наш конкурс.

Прэзідэнцкія выбары, тэракт, эканамічны крызіс праілюстравалі ступень зацікаўленасці грамадства ў вольным слове. Менавіта незалежныя сродкі масавай інфармацыі прапанавалі грамадзянам краіны панарамнае бачанне сітуацыі, менавіта ў незалежных СМІ шукалі беларусы адказы на самыя балючыя пытанні.

Пераможцамі конкурсу станавіліся прадстаўнікі не толькі незалежных, але і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, што ілюструе імкненне БАЖ падтрымліваць стандарты прафесіі ва ўсёй журналісцкай супольнасці Беларусі.

У конкурсе бяруць актыўны ўдзел прадстаўнікі рэгіянальных выданняў, якія паўнавартасна спаборнічаюць побач з журналістамі рэспубліканскіх СМІ і перамагаюць.

Колькасць удзельнікаў конкурсу штогод палічваецца, і сёлета каля паўсотні журналістаў падалі больш за сотню тэкстаў на конкурс. Расце канкурэнцыя сярод конкурсных працаў, што ў выніку дазваляе прафесійнаму журы вызначаць лепшых з лепшых у прафесіі...”.

Карэспандэнты “Салідарнасці” ўжо не першы раз становяцца лаўрэатамі конкурсу.

Мінулым годам адразу тры нашы аўтары атрымалі перамогу ў “Вольным слове”.

Сёлета ж перамога ў намінацыі «Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру» дасталася Анастасіі Зелянковай за тэкст «Девочка на заказ» (1-е месца) і Руслану Гарбачову за тэкст «Как убивали «всебелорусского старосту» (2-е месца).

Віншуем пераможцаў!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)