Скандалы
Iгар КАПIТАНЧЫК

Аднойчы ў Ваўкавыску

У Ваўкавыску пачалася калектыўная галадоўка. Дырэктар фірмы «Ніка Транс» Юры Лявонаў, сакратарка Людміла Парэмская, Уладзімер Асіпенка і некалькі кіроўцаў патрабуюць вызваленьня пад падпіску ад нявыезьдзе ўладаль-ніка «Радыё Таксі 22222» Мікалая Аўтуховіча.

Яго ўжо больш месяцу трымаюць за кратамі па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Увесь гэты час — 28 дзён — Аўтуховіч галадае. Ён так саслабеў, што сьледчыя ня могуць весьці допыты.

Гэтая гісторыя доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Таму варта распавесьці, ў чым яе сутнасьць.

З чаго распачаўся канфлікт?

Падатковая інспэкцыя Ваўкавыску налічыла службе «Радыё Таксі 22222», уладальнікам якой зьяўляецца Мікалай Аўтуховіч, штрафаў на 679 мільёнаў беларускіх рублёў. Паводле прэзыдэнцкага Дэкрэту №4, прыватны прадпрымальнік можа наймаць ня болей за трох працоўных. Паколькі на момант зьяўленьня гэтага дакументу ў Аўтуховіча працавала болей за 30 чалавек, усе яны перайшлі ў партнэрскую фірму «Ніка-Транс». У той жа час кіроўцы працягвалі выходзіць у рэйсы на машынах, якія належаць Аўтуховічу. Падаткавая палічыла гэта парушэньнем закону і аштрафавала службу “Радыё Таксі 22222”.

Наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі падаткавай?

Эканамісты цьвердзяць, што практычна любога беларускага прадпрымальніка можна аштрафаваць і пасадзіць за парушэньне законаў. Паколькі законы часам супярэчаць адно аднаму, кантрольныя органы могуць дзейнічаць паводле аднаго нарматыўнага акту, а могуць і паводле іншага. Як зазначаюць адмыслоўцы, усё залежыць, так бы мовіць, ад пэрсанальнага стаўленьня да бізнэсоўца.

Якім чынам Аўтуховіч адстойваў сваю пазыцыю?

Некалькі разоў прадпрымальнік галадаў. У знак салідарнасьці да яго далучаліся кіроўцы таксовак. Апошнюю акцыю пратэсту ён скончыў у той дзень, калі прэзыдыўм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу на дасьледваньне. Прадпрымальніка арыштавалі ўжо ў межах дадатковага сьледства.

Як адбываўся арышт?

У Гарадзенскую ўправу камітэту фінансавых рась-ледваньняў выклікалі зусім не Аўтуховіча, а ягоную жонку, якая зьяўляецца суўладальніцай фірмы «Ніка-Транс». Сьледчы мімаходзь пацікавіўся ў кабеты, дзе ў дадзены момант знаходзіцца яе сужанец. Тая адказала, што яны прыехалі разам і ён у горадзе вырашае свае справы. Сьледчы патэлефанаваў і запрасіў пад’ехаць. Аўтуховіч зьявіўся. Ад пачатку яго затрымалі, а пасьля і прад’явілі абвінавачваньне.

Чаго баяліся ўлады?

Яны баяліся актыўнага супраціўленьня. Аўтуховіч — колішні аўганец. Ягоныя бескампраміснасьць і прынцыповасьць праявілiся на самым пачатку канфлікту. Страх чыноўнікаў павялічыўся, калі ў Ваўкавыску двойчы ўзарвалі машыну супрацоўніка падаткавай інспэкцыі. Было гэта за некалькі тыдняў да арышту прадпрымальніка. Арганізатараў і выканальнікаў тэракту ўжо нібыта знайшлі, але самі выбухі людзей пры пасадах прымусілі моцна пахвалявацца. Аўтуховіч мае дазвол на захаваньне паляўнічай зброі. Яшчэ да арышту да яго некалькі разоў наведваліся міліцыянты. Іх цікавіла толькі адно — месца знахо-джаньня стрэльбы.

Што зараз робяць праваахоўныя органы?

Па справе Аўтуховіча створаная сьледчая група. На допыт па чарзе выклікаюць супрацоўнікаў «Радыё Таксі 22222», знаёмых і сяброў Аўтуховіча. З усіх бяруць падпіску пра неразгалошваньне. Адпаведна, пасьля спатканьняў з прадстаўнікамі сілавых структураў, людзі маўчаць. Адзін з тых, хто ўжо пабываў на допыце, не раскрываючы сутнасьцi размовы, выказаў здагадку. Маўляў, мяркуючы паводле пытаньняў, сьледчыя адпрацоўваюць вэрсію: Аўтуховіч стварыў ў Ваўкавыску злачынную групоўку з мэтай адпомсьціць падаткавай і райвыканкаму.

Хто церпіць ад «справы Аўтуховіча»?

Апроч яго самога і бізнэс-партнэраў, ня лепшыя часы перажывае ваўкавыскі незалежны тыднёвік «Мясцовая газэта». Яшчэ да арышту выданьне стаяла на пазыцыях Аўтуховіча. Таксама i з гэтай нагоды райвыканкам забараніў распаўсюджваць газэту праз гандлёвыя кропкі. Цяпер міліцыянты ладзяць паляваньні на прыватных распаўсюднікаў. Днямі затрымалі бабульку, якая гандлявала сьвежым нумарам. Ахоўнікі парадку прычапіліся да таго, што кабета стаяла на траве, яе абвінавацілі ў пашкоджаньні траўніка.

Колькі ўсё гэта будзе доўжыцца?

Тэрмін сьледства — 2 месяцы. Праўда, пасьля яго могуць шматкроць падаўжаць яшчэ на 2 месяцы. Адвакаты Мікалая Аўтуховіча спрабавалі дамагчыся праз суд, каб зьняволеньне за кратамі замянілі на падпіс-ку аб нявыезьдзе. Ленінскі суд Горадні палічыў, што прадпрымальнік мусіць заставацца ў турме.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)