Общество

«Адкуль у людзей грошы, каб плаціць за аднапакаёўку ў Сухараве 250 даляраў?»

Радыё Свабода дае агляд, што адбываецца на рынку арэнды кватэр у Менску.

Рыэлтэры зазначаюць, што падаражэньне ў абвестках на арэндным рынку ёсьць. Аднак пры заключэньні ўгоды арэндадаўцы ідуць на саступкі. Глядзім у пачатку навучальнага году, за колькі можна зьняць жыльлё.

Згодна з абвесткамі на сайтах арэнднага жыльля, аднапакаёўку ў Менску можна зьняць за 220-400 даляраў. Яшчэ некалькі месяцаў таму, па словах рыэлтэраў, цэны стартавалі з 200 даляраў. Якія ёсьць варыянты?

За самыя танныя кватэры просяць 220-230 даляраў. Напрыклад, аднапакаёўка на вуліцы Берута ў раёне станцый мэтро «Пушкінская» і «Маладзёжная» каштуе 220 даляраў (705 рублёў на месяц).

Аднапакаёўка на вуліцы Алтайскай у раёне аўтазаводу каштуе 230 даляраў на месяц (737 рублёў).

Бліжэй да цэнтру — даражэй. Аднапакаёўка без рамонту, затое ў самым цэнтры, на Нямізе, будзе каштаваць 380 даляраў. Таксама ў цэнтры, на вуліцы Леніна, аднапакаёвую кватэру можна зьняць за 370 даляраў.

Двухпакаёвыя кватэры здаюцца за 350-600 даляраў. Трохпакаёвыя — у межах 500-1000. Напрыклад, двухпакаёўку недалёка ад цэнтру, на вуліцы Аэрадромнай, можна зьняць за 450 даляраў.

Двухпакаёвую кватэру з рамонтам каля мэтро «Парк Чалюскінцаў» здаюць ужо за 600 даляраў. Што да трохпакаёвак, то можна знайсьці варыянты за 600-800 даляраў недалёка ад цэнтру.

«Пераехалі за горад, бо дорага здымаць»

Радыё Свабода пагаварыла зь людзьмі, якія спрабавалі зьняць ці наймаюць жыльлё ў Менску. Мяркуючы па словах суразмоўцаў, цэны не зьмяніліся ці зьмяніліся нязначна ў тых, хто даўно здымае жыльлё ў адных і тых жа гаспадароў. А вось тыя, хто пераяжджае, сутыкаюцца зь цяжкасьцямі.

Адна сям’я на ўмовах ананімнасьці расказала, што кватэра рэзка падаражэла адразу на 400 рублёў і таму яны былі вымушаныя паехаць жыць у прыгарад Менску:

— Знайсьці жыльлё проста, але за кватэру з «бабуліным рамонтам» просяць вялікія грошы.

Яшчэ адны суразмоўцы расказалі, што цяпер цэны на двухпакаёўкі пачынаюцца ад 450 даляраў і «гэта вельмі дорага, але што паробіш».

«Цана ў абвестках і ў рэальнасьці адрозьніваецца»

Некалькі рыэлтараў, якія займаюцца арэнднай нерухомасьцю, на ўмовах ананімнасьці падзяліліся думкамі пра сытуацыю на гэтым рынку. Паводле аднаго з суразмоўцаў, цэны вырасьлі за апошнія паўгода, але ня так значна, як на рынку куплі/продажу. І ў асноўным рост закрануў недарагі сэгмэнт рынку. Тлумачэньне — рост даходаў людзей.

Паводле іншай суразмоўцы, многія арандадаўцы маюць завышаныя чаканьні што да цаны на арэнду сваёй нерухомасьці.

— Спадзяюцца, што здадуць кватэру за вялікія грошы. Нядаўна спрабавалі здаць студыю за 450 даляраў. А гэта кошт арэнды добрай эўрадвойкі з асобнай спальняй і якасным рамонтам. А ёй красная цана 350 даляраў. Беларусы зарабляюць у рублях, курс даляра расьце, інфляцыя разганяецца. Адкуль у людзей грошы, каб плаціць за аднапакаёўку ў Сухараве 250 даляраў? — разважае рыэлтарка.

На яе думку, трэба адрозьніваць тую цану, якую арандадаўцы пішуць у абвестках, і тую, за якую яны рэальна здаюць сваю нерухомасьць:

— Напрыклад, выстаўляюць аднушку ў Сухараве за 300 даляраў. Але ж калі пастарацца, то за гэтыя грошы можна зьняць аднапакаёўку ў Новай Баравой. Магчыма, у рэкламных абвестках цана вырасла, але гэта цана з сэрыі «Я хачу». Дэ-факта арандадаўцы і арандатары дамаўляюцца і цана выходзіць больш дэмакратычная і ня надта перавышае тую, якая была некалькі месяцаў таму.

Сярэдні заробак у Беларусі ў ліпені склаў 2355,1 рубля, ці 743 даляры паводле цяперашняга курсу. Калі здымаць недарагую аднапакаёўку, то яе арэнда — гэта больш за траціну сярэдняга заробку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(11)