Общество
Валянціна Аксак, ”Радыё Свабода”

Адкрылася выстава пра заснавальнікаў БНР (фота)

“Заснавальнікам БНР прысьвячаецца” – пад такім назовам сёньня ў Менску ў сядзібе партыі БНФ адчынілася мастацкая выстава.

У экспазыцыі прадстаўленыя больш за трыццаць твораў беларускіх мастакоў з прыватнай калекцыі кіраўніка клюбу “Спадчына” Анатоля Белага. У ліку аўтараў твораў выставы – народны мастак Беларусі Ўладзімер Стальмашонак, вядомы беларускі графік Мікола Купава, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, кіраўнік творчае суполкі “Пагоня” Алесь Марачкін і іншыя творцы.

Выстава прысьвечаная 90-годзьдзю БНР. І хоць дата 25 сакавіка ўжо мінулася, але, як сказаў Алесь Марачкін, увесь сёлетні год дэмакратычнай грамадзкасьцю краіны шануецца як год беларускае дзяржаўнасьці:

“Гэты год — год 90-годзьдзя БНР. Гэта год беларускае дзяржаўнасьці, як мы яе разумеем у найноўшай гісторыі. На жаль, гэтую дату афіцыйныя ўлады не прызналі. Мы пісалі лісты і ад “Бацькаўшчыны” да гарадзкіх уладаў, каб на будынку, у якім была ў 1918 годзе прынятая Другая Ўстаўная грамата, замацаваць шыльду і гэткім чынам правесьці мэмарыялізацыю гэтага месца. Улады нам у гэтым адмовілі, хаця мэмарыяльная дошка зробленая ўжо некалькі гадоў таму скульптарам Алесем Шатэрнікам і яна ў яго майстэрні так і захоўваецца”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)