Общество
Валянціна Аксак, Радыё Свабода

Адаму Мальдзісу — 80

7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе доктар філялёгіі, прафэсар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, заслужаны дзеяч польскай культуры Адам Мальдзіс.

Ён нарадзіўся на Астравеччыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Працаваў непрацяглы час у журналістыцы, а потым цягам амаль паўстагодзьдзя — у акадэмічным Інстытуце літаратуры.

Дасьледуе гісторыю беларускай культуры XVII–XVIII стагоддзяў, беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расейскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасьць беларускай культуры ў сьвеце, праблемы беларускай дыяспары.

Адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак шмат імёнаў і твораў беларускага прыгожага пісьменства і іншых помнікаў культурнай спадчыны, у тым ліку зборнік песень першай паловы XVII стагодзьдзя, гэтак званы «Полацкі сшытак».

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мае літоўскія і польскія ўзнагароды.

Аўтар больш як двух дзясяткаў манаграфіяў, літаратуразнаўчых і культуралягічных эсэ, біяграфічнага нарысу «Жыцьцё і ўзьнясеньне Ўладзіміра Караткевіча», ініцыятар стварэньня і рэдактар шасьцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)