Общество
Вольга Слуцкая

«Ад імя Парыжа…»

Мэр Парыжа Бертран Деланоэ выказаў крайнюю занепакоенасць арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Тым часам на допыты выклікаюць калегаў кіраўніка «Вясны».

Мэр Парыжа Бертран Деланоэ адрэагаваў на арышт Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы Чалавека (FIDH) і прэзідэнта беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» адмысловай заявай.

— Ад імя Парыжа, які глыбока крануты яго барацьбой ў абарону правоў чалавека і фундаментальных свабодаў ва ўсім свеце, я выказваю сваю поўную салідарнасць з Алесем Бяляцкім і заклікаю ўлады Беларусі да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, — цытуе Бертрана Деланоэ «Вясна».

А тым часам праваабаронцу Таццяну Равяку выклікалі сведкай на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў, верагодней за ўсе, па справе Бяляцкага.

Перад допытам яна распавяла карэспандэнту «Салідарнасці», што позва падпісана следчай Касынкінай, але не пазначана, па якой справе яе выклікаюць у якасці сведкі. Праваабаронца мяркуе, што допыт хутчэй за ўсе звязаны са справай Алеся Бяляцкага, якога абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

— Я заключыла дамову з адвакатам, і на допыт пайду не адна, — паведаміла Таццяна Равяка.

Да таго, як са сведкі возьмуць падпіску аб неразгалошванні зместу размовы са следчым, мы запыталіся ў Таццяны, што б яна магла расказаць па справе Бяляцкага.

— Таямніц у мяне няма, — адказала праваабаронца. — Калі б нешта ведала — расказала б вам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)