Скандалы
Міхал Карневіч, Радыё Свабода

Абласны суд не задаволіў скаргі ўдзельнікаў акцыі ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году

Гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі аштрафаваныя Сьвіслацкім раённым судом за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году на 10 базавых велічынь кожны.

Свае віны яны не прызналі, аднак і абласны суд не задаволіў іхняй скаргі.

Паводле Сазонава, іхнюю справу нанова ніхто па сутнасьці не разглядаў, судзьдзя, як звычайна, зачытаў рашэньне Сьвіслацкага суду, а пасьля вынес сваё рашэньне. Сазонаў кажа, што ўсё адбылося фармальна, як заўсёды ў такіх выпадках.

— Рашэньне суду было прадказальнае, і мы заранёў ведалі гэта, але скаргу падалі дзеля таго, каб потым падаць скаргі ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве.

Эдвард Дзьмухоўскі дадаў, што надалей лічыць ускладаньне кветак і запальваньне зьнічак ля помнікаў нацыянальным героям на Дзяды традыцыяй беларускага народу, і гэта ня можа быць несанкцыянаванай акцыяй.

Днямі скаргу ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве падрыхтаваў Юры Глебік, які быў асуджаны Сьвіслацкім раённым судом на чатыры з паловай мільёны рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Пазьней Уладзімера Хільмановіча асудзілі на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў, а Вітольда Ашурака зь Бярозаўкі — на адзін мільён 800 тысяч. На 7 мільёнаў 200 тысяч асуджаны па гэтай жа справе быў і інвалід другой групы Віталь Гуляк з Ваўкавыску. Суд адбыўся безь ягонага ўдзелу, бо Гуляку рабілі апэрацыю ў шпіталі.

31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслачы і ў вёсцы Якушоўцы, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальд Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага, старэйшага брата кіраўніка паўстаньня 1863 году. Сьвіслацкія ўлады палічылі гэта несанкцыянаванай акцыяй.

Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)