Общество

Сямён Печанко

«А ты можаш проста ў трактары памерці, да пенсіі не дажыўшы»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Карэлічы, прывакзальная пляцоўка. Дзядзькі сталага веку абмяркоўваюць раннюю смерць свайго знаёмага:

— А цяпер многія рана мруць. Як мухі на восень. А гэтыя яшчэ і пенсію паднялі. Каб жа ў рублях! Цяпер яшчэ колькі год трэба дапрацоўваць, а здароўе якое наша ўжо?

— Ага! А тыя, што законы такія прыдумляюць, сядзяць у цяпле і толькі кнопкі націскаюць. І пенсію палучаць, што твая зарплата за паўгода. А ты можаш проста ў трактары памерці, да пенсіі не дажыўшы.

***

Бярозаўскі раён. Мясцовыя параўноўваюць жыццё ў Белаазёрску з суседнім Драгічынам:

— Раней казалі, што ў драгічынскіх усё кепска, а мы тут яшчэ нічога. Нават зусім нічога. А цяпер і ў нас настае поўны Драгічын. Усё зачыняецца, людзі з’язджаюць. Хто ў Польшчу з Літвой, а хто і ў Амерыку.

Пачутае нагадала мне аповяды жоночынага дзеда пра 1930-я, калі найбольш спрытнейшыя ягоныя землякі-палешукі ехалі за акіян у пошуках лепшага жыцця і заробкаў.

***

Размова ў цырульні, кліентка з майстрыхай абмяркоўваюць агульных знаёмых:

— А дачка іхняя так і не засталася на заводзе. Адбыла два гады па размеркаванні і пайшла касметыку прадаваць.

— Так, пайшла. А колькі бацькам давялося пастарацца, каб у той універсітэт адправіць, адвучыць на інжынера. Хацелі, каб на іхняе месца прыйшла…

— Дык і на заводзе невядома чаго чакаць. Можа хутка ўсе пайдуць на арыфлэйм.

***

Школа, вестыбюль. Бацькі чакаюць першакласнікаў. Па прыступках спускаюцца падлеткі гадоў дванаццаці на выгляд. Весела рагочуць. Скрозь залівісты смех колькі разоў прарываюцца мацюкі.

Дарослыя падымаюць здзіўленыя вочы і сарамліва апускаюць іх. Зусім нядаўна на ўсю краіну прагрымела гомельская гісторыя пра настаўніцу, якая абмацюкала чацверакласніка. За што спачатку была звольненая, а пасля адноўленая па асабістым загадзе Лукашэнкі.

***

Заслаўе, абед. Па вуліцы нага за нагу ідзе дзяцюк з пачатай двухлітроўкай піва і эмацыйна выгаворвае камусьці па мабільніку:

— Спазняюся я! Не паспяваю сёння. Што мне, білет на самалёт заказваць? Ну, добра, зразумеў. Зараз набяру Лукашэнку, нахай рыхтуе верталёт!

Падслуханае ў мінулы раз: «Вось каб ты, Надзя, да дэнамінацыі радыс па 75 тысяч прадавала?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(57)