50 000 еўра ў год прапанавала КДБ кіраўніку грамадскай арганізацыі, якая праходзіць рэгістрацыю ў Мінюсце

Кіраўнік Міжнароднага культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Цэнтр развіцця валанцёрства» Мікалай Кванталіані заявіў, што КДБ схіляе яго да супрацоўніцтва.

У распаўсюджаным лісце "Гісторыя стварэння падкантрольнага трэцяга сектару ў Беларусі" Кванталіані паведамляе, што дакумэнты на рэгістрацыю Цэнтру былі пададзеныя 22 лютага.

5 сакавіка яму дадому патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Віталём Мікалаевічам і пакінуў нумар свайго мабільнага тэлефона. Ён заявіў, што тэлефануе з нагоды рэгістрацыі арганізацыі з Міністэрства юстыцыі і ў інтарэсах заснавальнікаў з ім звязацца. Сустрэча была прызначаная на 16 сакавіка ў холе Мінюста. На сустрэчы Віталь Мікалаевіч заявіў, што ён супрацоўнік спецслужбаў, пры гэтым ніякіх дакументаў не паказаў. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі правераныя, прэтэнзій да іх няма, і пытанне пра рэгістрацыю арганізацыі залежыць выключна ад згоды пра супрацоўніцтве.

– На маё пытанне, што гэта азначае, Віталь Мікалаевіч растлумачыў, што яны гатовыя аказваць усялякае садзейнічанне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовыя пераключыць на нашу арганізацыю еўрапейскія праекты, якія знаходзяцца ўжо пад іх кантролем, – піша Кванталіані. – Ён нават абмовіўся, што не трэба будзе ажыццяўляць працу, а толькі атрымліваць грошы і адчытвацца. І людзі, якія з імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50 000 – 60 000 еўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забеспячэнне бяспекі ў рабоце арганізацыі Супрацоўнік спецслужбаў заявіў, што ў выпадку адмовы арганізацыя не будзе зарэгістраваная, заснавальнікі трапяць у “чорны сьпіс” і ніколі не змогуць зарэгістраваць іншую арганізацыю, а ў самога Кванталіані пачнуцца праблемы з выездам за мяжу.

Кіраўнік цэнтра падпісаў паперу, якая сведчыла аб тым, што паміж ім і супрацоўнікам КДБ адбылася сустрэча, як ён кажа, ад разгубленасці.

Пасля абмеркавання сітуацыі з калегамі было прынята рашэньне "не кантактаваць з гэтым чалавекам і чакаць вынікаў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі". Тэрмін разгляду дакументаў заканчваецца 22 сакавіка.

На працягу "ўсіх наступных дзён" з нумара "Віталя Мікалаевіча" пастаянна паступалі тэлефанаванні, але заснавальнік цэнтра трубку не здымаў. 19 сакавіка прыйшло смс-паведамленне "Я прыйду з ператрусам". Пасля гэтага Кванталіані вырашыў “распавесці ўсю гэтую сітуацыю".

– Цяпер я разумею што іх намеры – працягваць прымушаць мяне да супрацоўніцтва ўжо з дапамогай пагрозаў, – піша кіраўнік цэнтра. – Я ніколі не думаў, што тэма валанцёрства і дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва з’яўляецца аб'ектам пільнай увагі з боку" камітэта добрых спраў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)