Политика

5 цікавых заяваў Алены Анісім

Hа сайце інтэрнэт-газеты naviny.by адбылася анлайн-канферэнцыя з незалежным дэпутатам Аленай Анісім. «Салідарнасць» выбрала з размовы самае цікавае.

Фота Сяргея Балая

Ідзе ў парламент, каб правесці закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы

«У парламенце бачу сваю ролю ў тым, каб быць трыбунам ад імя людзей, якія маюць альтэрнатыўную думку на развіццё нашай краіны і зацікаўленыя ў яе паспяховай будучыні. Я буду рэалізоўваць тую праграму, з якой і ішла на выбары. Найпершая мая задача — спрыяць, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай, штодня гучала ў парламенце. Вынесу на разгляд дэпутатаў праект закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які падаваўся ў парламент папярэдняга склікання, але не быў падтрыманы... У мяне ёсць упэўненасць, што за яго прагаласуе большасць дэпутатаў».

Лічыць, што трэба перагледзець сістэму заробкаў

«Што датычыць эканамічных пунктаў маёй праграмы, то я лічу: трэба перагледзець сістэму заробкаў, каб не было такой разбежкі паміж аплатай працы дэпутата-бюджэтніка і работніка культуры, настаўніка, медсястры… Лічу, што пытанне прыватнай уласнасці, у тым ліку на зямлю, даўно наспела, і яго трэба вырашаць на заканадаўчым узроўні».

З Канапацкай пакуль незнаёмая

На пытанне, ці будзе яна супрацоўнічаць з Ганнай Канапацкай, Алена Анісім адказала так:

«Па-першае, мне з Ганнай трэба проста пазнаёміцца. Я пакуль яе не ведаю. Лінія партыі пачынае хістацца, і я думаю, што нас можа быць значна больш, каб гэтую лінію павярнуць у патрэбны грамадству бок».

«Анна за год сможет сделать больше, чем за 4 года сделали все депутаты от власти вместе взятые»

Будзе настойваць на стварэнні беларускамоўнага тэлеканала

«Буду настойваць на стварэнні беларускамоўнага паўнавартаснага тэлеканала з асвятленнем усіх сфер нашага жыцця: навіны, эканоміка, палітыка, культура, перадачы для дзяцей, спартовыя і забаўляльныя праграмы і гэтак далей. Лічу таксама даўно наспелым пытаннем адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэту з беларускай мовай навучання».

Заявіла, што ўсё гатова для станоўчага вырашэння пытання з бел-чырвона-белым сцягам

Да Алены Анісім звярнуліся з просьбай падняць у парламенце пытанне пра статус бел-чырвона-белага сцяга – каб за яго не хапалі, каб з ім можна было хадзіць на канцэрты. Дэпутат адказала так: «Думаю, што гэта пытанне актуальнае і ўсё гатова для яго станоўчага вырашэння».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)