Общество
Міхась Шаўчук, zapraudu.info

40 базавых за акцыю ў Дзень моладзі

У судзе Маскоўскага раёна горада Мінска адбыўся працэс над актывістам кампаніі Міхасём Пашкевічам. Яго абвінавацілі у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі паводле часткі 2 артыкула 23.34 КоАП. Суд прысудзіў маладзёна на 40 базавых велічынь. Адзначым, што судовы працэс праходзіў ужо пасля заканчэння працоўнага дня.

12 жніўня ў 14.15 на плошчы Леніна затрыманы актывіст кампаніі “Гавары праўду” Міхась Пашкевіч. Супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным ледзь не забралі фотаапарат у журналісткі “Радыё Свабода” Галіны Абакунчык, якая спрабавала зняць захоп маладога чалавека.

12 жніўня, у Міжнародны дзень моладзі. Кампанія “Гавары праўду” паспрабавала нагадаць міністру адукацыі Аляксандру Радзькову пра праблемы беларускай моладзі. Каля 14 гадзін з дзесятак актывістаў кампаніі прыйшлі да Міністэрства адукацыі на вуліцы Савецкая, 11 у Мінску, каб перадаць міністру адмысловы каляндар ды петыцыю з патрабаваннем скасаваць “неэфектыўны бюракратычны апарат – упраўленне па справах моладзі”.

Вось што расказаў Міхась Пашкевіч за пару хвілін да затрымання:

– Кампанія “Гавары праўду” хацела адзначыць Міжнародны дзень моладзі. З двух запланаваных мерапрыемстваў у нас адбылося толькі адно. Бо каляндар, якім мы хацелі паказаць, што дзяржава ўдзяляе ўвагу беларускай моладзі толькі адзін дзень на год (верасень – працуем на бясплатную адукацыю, кастрычнік – працуем – на бясплатную медыцыну, лістапад – у калгасе). Мы хацелі падараваць гэты каляндар міністру адукацыі, аднак яго забралі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС у цывільным. А вось зварот на імя Аляксандра Радзькова скасаваць упраўленні па справах моладзі, якія працуюць абсалютна неэфектыўна, у нас прыняў памочнік міністра. На шчасце, нікога не затрымалі.

Сказаў – як накаркаў: калі журналісты і фотакарэспандэнты разышліся, асобы ў цывільным затрымалі Міхася Пашкевіча. На гэты час актывіст якраз спускаўся ў падземны пераход перад гасцініцай “Мінск”, калі да яго ззаду падскочылі двое ў цывільным, схапілі пад рукі і сілком пацягнулі за гасцініцу. Карэспандэнтка“Радыё Свабода” Галіна Абакунчык ледзьве не пазбавілася фотаапарата, калі спрабавала зняць гэты захоп.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)