Общество
Кірыла Хілько, фоты аўтара, «Наша Ніва»

300 тысяч за «камуналку» ў вялізным катэджы

Першы прыватны мультыкамфортны дом прайшоў выпрабаванне зімовымі маразамі. «НН» пабывала ва ўнікальным будынку.

Мультыкамфортны дом у Дзяржынску

Мультыкамфортны дом — канцэпцыя пабудоў, распрацаваная канцэрнам «Сэн-Габэн», вытворцам будаўнічых матэрыялаў з Еўрасаюза.

Асновай для мультыкамфортнага дома стаў «пасіўны» дом — распрацаванае ў пачатку 1990-х гадоў у Германіі жыллё з мінімальным спажываннем энергіі. Аднак у мульыкамфортным доме да эканамічнасці дадаліся і іншыя складнікі.

У аздабленні дома архітэктар Аляксандр Курчавы выкарыстаўваў беларускія народныя арнаменты

Ідэю мултыкамфортнага дома распрацаваў 4 гады таму архітэктар Аляксандр Кучаравы, а пабудаваць пілотны катэдж плошчай 188 кв.м. у Дзяржынску вырашыў Аляксей Тарнагурскі. Да яго далучыўся «Сэн-Габэн», беларуская арганізацыя Цэнтр экалагічных рашэнняў і кампанія «Велюкс», якая распрацоўвае і вырабляе мансардныя вокны.

Вялізныя вокны з паўднёвага боку награюць дом

Архітэктар Аляксандр Кучаравы тлумачыць:

«Мы будуем дом не для таго, каб ашчаджаць расійскую нафту і газ, а для камфортнага пражывання. Да яго адносіцца якасць паветра, натуральнае асвятленне, акустыка дома, бяспека і даўгавечнасць. Але і энергаэфектыўнасць таксама. Гэты параметр мы апрыёры выканалі, атрымаўшы ў выніку дом класа «А+» энергаспажывання, што на дадзены момант у тры разы пераўзыходзіць беларускія будаўнічыя нарматывы».

Высата столі ў гасцёўні — 9 метраў. Архітэктар мог бы зрабіць яшчэ адзін пакой на другім паверсе, аднак замест гэтага была пабудавана невялікая тэраса. Яна дазваляе «кіраванаму скразняку» прадзімаць дом з поўначы на поўдзень, каб рэгуляваць тэмпературу ўлетку

Свежасць паветра ў доме падтрымлівае камп’ютарная сістэма маніторынгу, якая сочыць за ўсімі паказчыкамі ўнутранага асяроддзя, у тым ліку за ўтрыманнем вуглякіслага газу. Калі канцэнтрацыя вуглякіслага газу дасягае 750 ppm (праміле), дом праветрываецца праз аўтаматычныя мансардныя вокны.

Аўтаматычныя мансардныя вокны, праз якія ажыццяўляецца вентыляцыя дома ўлетку

Усталёўка сістэмы такіх вокнаў робіць кандыцыянер непатрэбным. У мультыкамфортным доме выкарыстоўваецца тэхналогія «кіраванай продзьмы», калі аўтаматыка адкрывае мансардныя вокны на паўночным і паўднёвым баку дома, што эфектыўна зніжае тэмпературу ўнутры памяшканняў і прыносіць свежае паветра, чаго не робяць спліт-сістэмы кандыцыянераў.

Уладальнік дома Аляксей Тарнагурскі з дачкой. Аляксей дэманструе сістэму вентыляцыі дома

Узімку за абагрэў адказвае газавы кацёл. Дзякуючы заяўленай распрацоўшчыкамі амаль абсалютнай герметычнасці памяшкання за тры месяцы ацяплення (праўда, зіма была выключна мяккая) дому Тарнагурскага спатрэбілася ўсяго 600 кубаметраў газу для ацяплення, у той час як звычайнаму дому аналагічнай плошчы неабходна каля тысячы кубаметраў газу. Уладальнік кажа, што тэмпература сценаў дома адрозніваецца ад тэмпературы паветра толькі на адзін градус.

Выступ тэрасы над гасцёўняй

Таксама ўзімку працуе сістэма рэкуперацыі паветра. Спецыяльная ўстаноўка забірае свежае халоднае паветра звонку, аднак перад падачай у жылыя пакоі халоднае паветра награецца адпрацаваным цёплым паветрам з дома, але два паветраныя патокі не змешваюцца.

Сходы на другі паверх

«Мы паставілі беларускую сістэму рэкуперацыі і вельмі задаволеныя вынікам. Пры вонкавай тэмпературы мінус 25 градусаў і тэмпературы плюс 24 градусы ўнутры праветра праграецца ўстаноўкай рэкуперацыі да плюс 22 градусаў», — дзеліцца назіраннямі Аляксей.

Сцены дома тоўстыя, але яны зроблены з лёгкіх двухтаўравых бэлек

Уладальнік сцвярджае, што за «камуналку» ў сваім катэджы ў зімовы перыяд ён плаціў 22 еўра — прыкладна ў столькі абыходзіцца ўтрыманне звычайнай двухпакаёвай кватэры.

З пачатку сакавіка ў доме адключылі ацяпленне, аднак у памяшканнях трымаецца камфортная тэмпература вышэй за 20 градусаў Цэльсія

«Важнай задачай была арыентацыя пабудовы ў прасторы, — тлумачыць Кучаравы. — Гэты дом фунекцыянальна арыентаваны на чатыры бакі свету. Паўднёвы бок займае самы вялікі пакой, дзе сям'я баіць найбольш часу, — гасцёўня. Праз вялізнае акно ў дом пранікае сонечнае святло. Улетку ад яго абараняюць ралеты, а ўзімку яно робіць буйны ўнёсак у ацяпленне дома. Каб яшчэ сусед Уладзіміра пабудаваў тое, што ўзгадніў з чыноўнікамі, інсаляцыя гасцёўні была б большай.

На паўночным боку размешчаны тэхнічныя пакоі і пакоі кароткачасовага прыбывання — санвузлы, гардэробныя. Яны ствараюць буферную зону. Па ўсходнім і заходнім баках размешчаныя спальні».

Дзіцячы пакой

Высокая 9-метровая столь гасцёўні абабітая гукаізаляцыйнымі плітамі, таму ў пакоі няма рэха.

Канструкцыя катэджа даволі простая. Гэта драўляны каркасны дом, прычым дрэвы для бэлек куплялі ў найбліжэйшым лясгасе. Аднак для аздаблення выкарыстоўваліся найноўшыя матэрыялы і тэхналогіі. Мультыкамфортны дом уцеплены найноўшай, экалагічна чыстай і бяспечнай для чалавека шклаватай — яе валокны могуць раскладацца арганізмам і выводзіцца з яго. Таксама ў гэтай шклаваце паменшана ўтрыманне фармальдэгіду. Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся адмысловыя кліматычныя мембраны, а сам дом праходзіў тэст павышаным унутраным ціскам, каб выявіць негерметычныя месцы.

Тэхнічны пакой з катлом, рэкуператарам паветра і электрычным шчытком

Дом яшчэ не дабудаваны цалкам — адсутнічаюць некаторыя элементы ўнутранага дэкору. Кіраванне сістэмамі дома таксама пакуль працуе у паўаўтаматычным рэжыме: інфармацыя выводзіцца на маніторы, але адчыняць і зачыняць вокны і ралеты пакуль даводзіцца пультамі. Неўзабаве ўсе сістэмы падлучаць да камп’ютара, і яны стануць цалкам аўтаномныя.

Але ў планах Аляксея зрабіць свой дом актыўным: паставіць на даху воданагравальныя і вадасборныя элементы, бо паводле падлікаў архітэктара, вады, сабранай з крышы, хопіць на забеспячэнне дома. Захоўваць ваду можна будзе ў падземным рэзервуары.

Шкло з падагрэвам. Тарнагурскі кажа, што калі б усе вокны ў доме былі з падагрэвам, у газавым катле не было б патрэбы. Аднак ацяпленне электрычнасцю даражэйшае за газавае

Сонечныя фотаэлементы і вятрак забяспечаць дом электрычнасцю. Больш за тое, электраэнергію можна будзе прадаваць і зарабляць на гэтым грошы. З гэтым пакуль праблемы: Аляксандр Кучаравы кажа, што Мінэнерга не гарыць жаданнем купляць лішнюю электрычнасць у насельніцтва, хоць і абавязана. Архітэктар спадзяецца, што неўзабаве сітуацыя выправіцца, і тады дом зможа прыносіць прыбытак да 500 еўра ў год.

Архітэктар мультыкамфортнага дома Аляксандр Кучаравы

Увогуле, будаўніцтва мультыкамфортнага дома «пад ключ» каштавала 2000 даляраў за квадратны метр. Аляксей Тарнагурскі ўпэўнены, што такія дамы беларусы змогуць пабудаваць сабе нават за меншыя грошы.

Справа ў тым, што на сваім доме Аляксей «абкатваў» канструктаванне і будаўніцтва падобных дамоў. Аляксей Тарнагурскі валодае кампаніяй «Сучасны каркасны дом» і цяпер займаецца распрацоўкай модульных мультыкамфортных дамоў.

Праект мультыкамфортнага дома ў Дзяржынску атрымаў узнагароду кампаніі ISOVER за энергаэфектыўнасць

«Мінімальная плошча модульнага дома — 40 кв.м. Мы ўзялі яе, бо лічым такую плошчу мінімумам для камфортнага пражывання. Далей замоўца зможа кампанаваць гаовыя распрацаваныя модулі. Модулі будуць вырабляцца цягам некалькіх месяцаў, а збірацца цягам некалькіх дзён. Пры гэтым дом будзе валодаць усімі рысамі мультыкамфортнага пасіўнага дома з класам энергаспажывання «А»», — кажа ён.

Паводле Тарнагурскага, арыентоўны кошт такога будаўніцтва такога дома «пад ключ» складзе 1500 даляраў за квадратны метр.

Канечне, пры сённяшніх цэнах на камуналку пакуль выгадней будаваць без наваротаў. На сёння цана будаўніцтва індывідуальнага складае ад 500 да 1200 даляраў за квадрат «пад ключ» у залежнасці ад матэрыялаў. Дапусцім, плошча дома складае 150 квадратаў. Тады нават эканомія на камуналцы 1000 даляраў за год за 50 гадоў не кампенсуе лішніх вытрат на будаўніцтва. Аднак сітуацыя можа змяніццца, калі цэны на газ і электрычнасць яшчэ вырастуць. Дый магчымасць адчуць сваё жытло энергадастатковым прыемная для многіх гаспадароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)