БНР-100
Аляксандр Старыкевіч

25 сакавіка – час збіраць камяні

Беларуская Народная Рэспубліка адбылася. І мы – шчаслівыя людзі, бо жывем у той час, калі семя, кінутае ў ніву заснавальнікамі БНР, узышло.

Фота Валер Вядрэнка, Facebook

25 сакавіка – час збіраць камяні, а не раскідваць. Хай гэта будзе дзень кансалідацыі, а не канфрантацыі. Мы мусім зрабіць усё, каб 25 сакавіка набыло яшчэ адзін сэнс – як дзень паразумення для ўсіх, хто за незалежнасць нашай дзяржавы. Толькі ў такім выпадку гэта будзе агульнанацыянальнае свята для беларусаў безадносна да іх палітычных поглядаў.

На жаль, сёння гэта хутчэй мроя, чым рэальнасць. Як далёка нам яшчэ да таго, каб форма – суверэнная дзяржава – набыла змест: дэмакратычны, нацыянальны, прававы… Каб былі насамрэч забяспечаныя тыя правы, што запісаныя ў другой Устаўной Грамаце БНР:  вольнасць слова, друку, сходаў ды іншыя. Каб тыя, хто хоча адзначыць гэтае свята шэсцем, не траплялі за краты. Каб у краіне панавалі закон, дабрабыт і спакой.

Досвед нашых папярэднікаў сведчыць: мары здзяйсняюцца. Галоўнае, што было ў беларускіх патрыётаў 100 год таму – гэта ідэя і надзея. Мы ж сёння маем не падмурак, маем свой дом. Каб ён годна выглядаў і звонку, і знутры, зрабіць давядзецца яшчэ вельмі шмат. Аднак, калі цудоўная спадчына – ідэя і надзея – будзе натхняць нас таксама, як заснавальнікаў БНР у 1918-м, то ўсё атрымаецца, і мы пройдзем свой шлях.

Жыве Беларусь!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)