Общество
Сяргей Ваганаў, «Наша Ніва»

25 гадоў таму на Плошчу Мінска выйшлі рабочыя

На кухнях, у чэргах, на сайтах, у сацыяльных сетках... у «пікейна-камізэлечных» каментарах і ў грунтоўных высновах высакалобых аналітыкаў, палітолагаў і экспертаў...

Цалкам у апазіцыйным асяроддзі наспявае чаканне сацыяльнага выбуху і нават фармулюецца неабвержны прагноз. Пры гэтым усё часцей згадваюцца падзеі красавіка 1991 года.

Нечаканыя.

Красавік 1991 года, фота з архіва БНФ

І вось праз чвэрць стагоддзя я зноў рушу па слядах тых падзей.

Па слядах працоўных калон, што вольна пракрочылі праз увесь Мінск па ягоных нагрэтых веснавым сонейкам, сухіх і пыльных вуліцах і праспектах.

Па слядах на Плошчы, дзе вецер з Балтыкі варушыць папяровыя, быццам кінутыя да падножжа Манумента, плакаты са спехам накрэсленымі словамі пратэстных лозунгаў.

Пратэстуюць шахцёры Салігорска. Фота з прыватнага архіва Анатоля Клішэвіча

Усё, баста, стачка прыпынена, мітынг пайшоў на працу.

Аднекуль з-за Чырвонага касцёла выпаўзае на Плошчу калона вайсковых грузавікоў і з натужным рыкам аддаляецца да месцаў толькі ім вядомай дыслакацыі. Вышэй, вышэй, на мост, адкуль доўга яшчэ, прабіваючы няяркае святло красавіцкага сонейка, пульсуе над горадам трывожна-фіялетавы пробліск «мігалкі»...

Над горадам, які, здавалася, ужо ніколі не будзе такім, якім я ведаў яго ўсё жыццё.

Што ж здарылася з ім? Чаму ён пайшоў на Плошчу ў дзень, каторы ніколі не быў пазначаны аніякай чырвонай датай? Якая шасцярня зламалася ў заведзенным, здавалася, на вякі механізму, каторы спраўна, два разы на год, быццам прываднымі пасамі ўцягваў на Плошчу, пад застылую цень Манумента, сярпаста-малаткастыя кумачовыя калоны лікуючых дэманстрацый вернасці і адданасці? «Няхай жыве..! Ура-а-а..!»

Я бадзяюся па апусцелай Плошчы, чытаю кінутыя плакаты: «Далоў сацыялізм!» Дзе, у якой яшчэ кропцы Зямлі, рабочыя ўздымуць гэты заклік? Няўжо ідэалы сацыялізму зазналі такую карозію, што заклік да ягонага звяржэння ўзняўся над горадам, які лічыўся ягонай ажыццёўленай явай? Што ж адбылося? І як?

Чэргі

... Першы дзень красавіка Мінск мужна выстаяў у чэргах па муку, цукар, алей, іншую аталоненую бакалею. Ды па хлеб. Увечары па горадзе разнесліся чуткі, што хлебная чарга ў Заводскім раёне насмерць раздушыла сямігадовага хлопчыка.

Назаўтра чутка знікла разам з чэргамі. Горад, дакладней яго вольная ад працы частка, ашалела бадзяўся па пустых крамах, натыкаючыся на новыя цэннікі там, дзе быў хаця б нейкі заляжалы тавар. Мармытаў, падлічваў, сварыўся, намагаючыся ўсвядоміць, што рыхтуе яму дзень наступны...

«Вісарыёнавіч, дакінь рубель»

Народныя пратэсты ў Салігорску. Фота з прыватнага архіва Анатоля Клішэвіча

Раніцай трэцяга дня спыніў працу цэх электратэхнічнага завода. Рабочыя пайшлі да дырэктара, да «Вісарыёнавіча», прасіць дадаць рубель да абеду, які падаражэў амаль утрая — «...унь, у суседзяў плацяць, а мы што?» «Вісарыёнавіч» адказаў няўцямна. Аднекуль з’явіўся мегафон, і следам за першым цэхам пацягнуліся на свежае паветра астатнія. Што?! Мітынг на заводзе?! Прэч! Прэч!.. І народ паваліў за прахадную, перапыніўшы рух на Даўгабродскай, тады Казлова,— адной з самых працяглых магістраляў Мінска. Адразу далучыліся суседзі — рабочыя заводаў шасцерань, аўтаматычных лініяў, кавалі і малатабойцы з трактарнага...

Незаўважна адбыўся пераход ад выпрошвання рубля да патрабавання роспуску ўсіх парламентаў, адстаўкі ўсіх урадаў і прэзідэнта СССР. Прэзідэнта, якім стаў Гарбачоў і які яшчэ нядаўна праязджаў па гэтай вуліцы, прыпыняўся, вітаў цікаўны натоўп. Натоўп, які стрымлівала міліцыя і асобы ў цывільным, тады выяўляў стрыманую прыязнасць.

Міхаіл Гарбачоў (у цэнтры) адчайна стараўся ўтрымаць ад распаду краіну, разваленую неэфектыўнай эканомікай

Пратэсты ў Салігорску. Фота з прыватнага архіва Анатоля Клішэвіча. Гарбачоў быў кіраўніком СССР і КПСС, Дземенцей — аперэтачным старшынём Вярхоўнага Савета БССР

Арганізаванае дзеянне

Цяпер жа стыхійны мітынг надзіва хутка займеў рысы арганізаванага і мэтаскіраванага дзеяння. Нехта крыкнуў у мегафон: «Пайшлі да ўрада!» — «Досыць, нахадзіліся! Няхай сам да нас ідзе», — адазваўся мітынг. Прыляцелі намеснікі Кебіча, старшыня гарсавета... Прамаўлялі, апраўдваліся, запэўнівалі. Тлумачылі, што бюджэт трашчыць, дзіра ў тры мільярды застаецца... А вінаватыя — няспрытны гандаль ды скнарныя дырэктары — не жадаюць выконваць рашэнні клапатлівага ўрада...

Дырэктары трымаліся магутнай кучкай паблізу. Аднак не адгукаліся на заклік членаў урада «выйсці і чэсна паглядзець людзям у вочы». Намагаліся нешта прамовіць адзін, другі старшыні прафкамаў... Іх не вельмі ветліва адціснулі — не давяраем... І тут жа, на мітынгу, абралі стачкам ад чатырох заводаў.

Увечары ўжо працаваў аргкамітэт па стварэнні гарадскога стачкама, быў аформлены пакет эканамічных і палітычных патрабаванняў да ўрада і Вярхоўнага Савета, пазначаны апошні тэрмін іх выканання — 10 красавіка.

Кебіч вінаваціў Маскву

А 4-га ўзняўся — не, яшчэ не ўвесь, але ўжо Горад. Першымі, не зняўшы спяцовак, рушылі аўтазаводцы, на шляху да Плошчы да іх далучыліся рабочыя ўсіх буйных прадпрыемстваў, студэнты, пэтэвушнікі... Мітынг бушаваў ля падножжа Манумента. Рабочыя завалодалі мармуровай трыбунай ля ног правадыра, каб сказаць усё, што яны думаюць пра «рабоча-сялянскую» ўладу, якая давяла рабочых і сялян да мяжы жабрацтва. Вячаслаў Кебіч, тагачасны прэм’ер, узыходзіў на тую трыбуну як на Галгофу. І праз хвіліну, пад крыкі і свіст, сышоў...

Мітынг не пажадаў выслухаць кіраўніка ўрада, бо надзіманыя матрацы кампенсацый, індэксацый ды іншых прэвентыўных захадаў на паверку аказаліся дзьмутымі. Дзьмутымі пустымі грашыма.

«Не, гэта не мы, — апраўдваўся Кебіч, — гэта Цэнтр... Абяцаў у паўтара-два разы падняць, а калі распакавалі начныя пакеты з прэйскурантамі — аказалася ў тры-пяць...» Але Плошча разумела па-свойму: з тысяч горлаў — «Сва-а- а-боды! Да-а-а-лоў!»

У тыя красавіцкія дні Горад разарваў ланцуг. І страх перакінуўся ў калідоры ўлады: усе дзверы Дома ўрада з боку Плошчы былі зачынены, міліцыя выпускала чынавенства праз чорны выхад...

Шэсце Народнага Фронту ў Мінску. Фота з архіва БНФ

Не вытрымаў і «сапраўдны»

5-га Кебіч паехаў на станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што 4-га не страйкаваў. Мусіць, каб знайсці ўдзячную аўдыторыю. Знайшоў — людзі слухалі яго ўважліва і засяроджана. Нарэшце, усклікнуў ён, упершыню за апошнія дні «ўдыхнуў свежае паветра сапраўднага працоўнага калектыву».

6-га ўрад спехам прымае пастанову аб дадатковых захадах па сацыяльнай абароне. Першым пунктам — зняццё ўсіх абмежаванняў на паэтапнае цягам года павышэнне зарплаты працоўным вытворчых галінаў у два разы...

Стачкам рэагуе — чарговае ашуканства...

10-га «сапраўдны калектыў» таксама рушыць на Плошчу. Улада ўсё яшчэ думае, што малая костка, а народ ужо зразумеў, што слабы ланцуг...

Рабочыя пратэстуюць на плошчы. Фота Анатоля Клешчука з архіва «Нашай Нівы»

Стачкам

Хто ж гэта такі — стачкам? Такія ж рабочыя, у асноўным — вышэйшай кваліфікацыі. Сяргей Антончык, Георгій Мухін, Генадзь Быкаў... Афіцыйныя прафсаюзы, «выразнікі інтарэсаў», бездапаможна боўтаюцца побач з урадам, выпрацоўваюць захады, не разумеючы, што згніла сістэма. Стачкам разумее. І патрабуе склікаць надзвычайную сесію парламента, прыняць законапраекты Апазіцыі БНФ — аб прыватызацыі, дэпалітызацыі вытворчасці і дзяржаўных структур, аб выбарах на шматпартыйнай аснове. Інакш — рэспубліканская стачка.

Выступае Сяргей Антончык. Фота з архіва «Нашай Нівы»

Добра памятаю сустрэчу гарадскога стачкама з чальцамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. «Вам даецца ўнікальны шанец скончыць з двоеўладдзем у краіне, — звяртаецца да дэпутатаў Георгі Мухін з завода «Электронмаш», маючы на ўвазе незалежнасць ад Масквы. — А вы не жадаеце браць уладу ў свае рукі. Страшыцеся браць на сябе адказнасць за лёс Беларусі!»

Сустрэчу запісвала рэспубліканскае тэлебачанне. Гэты запіс, безумоўна, гістарычны дакумент. Сведчанне таго, як не ўмеюць народныя абраннікі слухаць голас народа.

Хваля

Не, знешне цярплівасць была праяўленая, кіраўніцтва парламента слухала ўважліва. Але...

Чарговая, без надзвычайнасці, сесія была прызначаная на 21 мая, праз месяц. У парадку дня — аніводнага, за малым выключэннем, пытання, вырашэння якіх патрабуе Плошча. Але стачка ўжо прыпыненая...

Чаму такая моцная выбуховая хваля не разбурыла таталітарную сістэму, не перашкодзіла ёй трансфармавацца ў дзейны рэжым? Мо таму, што сталічныя рабочыя не атрымалі дзейснай падтрымкі правінцыі, дэмакратычнай часткі грамадства. З дзеячаў інтэлігенцыі азваўся толькі Васіль Быкаў.

Але галоўнае ў іншым. Страйкавалі ў асноўным рабочыя прадпрыемстваў «саюзнага падпарадкавання». Яны былі першымі, хто адчуў набліжэнне землятрусу, які скончыўся распадам СССР. Яны былі ягонымі ахвярамі, прадвеснікамі і стваральнікамі. Тая выбуховая хваля дакацілася да 25 жніўня 1991 года, калі Беларусь абвясціла пра сапраўдную незалежнасць, і да 19 верасня, калі БССР стала Рэспублікай Беларусь. Красавіцкія падзеі 1991 года — адзін з самых трывалых камянёў у падмурку незалежнасці нашай краіны.

... І вось праз чвэрць стагоддзя я зноў рушу па слядах тых падзей.

Пахрыпвае на ветры яшчэ не выключаны мікрафон, на адным з флагштокаў, што прызначаныя для дзяржаўных, падчас дзяржаўных святаў, сцягоў Саюза і ягоных ССР, лунае ў адзіноце бел-чырвона- белы сцяг...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)