Политика
Сяргей Балай

21-гадовага палітвязня 4-ы раз за 40 дзён кінулі ў карцар (дададзены фоты)

21-гадовы палітвязень Мікіта Ліхавід чацвёрты раз за 40 дзён змешчаны ў штрафны ізалятар. На гэты раз адміністрацыя Наваполацкай калоніі абвінаваціла асуджанага за Плошчу ў неданясенні на сваіх сукамернікаў.

Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».

Паводле маці актывіста Алены Ліхавід, такім чынам хлопец у штрафным ізалятары сядзіць ужо 35 дзён. Учора ў калоніі актывіста наведала адвакат Дар’я Ліпкіна.

— Ён выразна заняў сваю пазіцыю і адыходзіць ад яе не збіраецца. Была наладжана праверка, якая падчас агляду камеры № 1 выявіла забароненыя для выкарыстання прадметы. Дзяжурным па камеры быў прызначаны Ліхавід, які не выканаў абавязкі дзяжурнага і не паведаміў аб наяўнасці забароненых прадметаў.

Паводле рашэння начальніка атрада «Каранцін» Наваполацкай калоніі Аляксандра Панкрата, віна Ліхавіда — у неданясенні пра наяўнасць у штрафной камеры цыгарэт у асуджаных. Сам актывіст Руху «За свабоду» ад дачы тлумачэнняў і прызнання сябе вінаватым адмаўляецца з той прычыны, што лічыць пераслед удзел у акцыі 19 снежня незаконным.

У чацвер, 16 чэрвеня, «Малады Фронт» зьвярнуўся да прадстаўнікоў Еўрасаюзу ў Беларусі, шэрагу еўракамісараў, у Дэпартамент выканання пакаранняў, у Менскі гарадзкі Суд, у Менскую гарадзкую пракуратуру і да кіраўніцтва ВК №10 у г. Наваполацку. У заяве, у тым ліку, агучана патрабаванне спыніць жорсткае стаўленне да Мікіты Ліхавіда.

29 сакавіка бягучага году прысуд Мікіту Ліхавіду — 3,5 гады турмы — агучыла суддзя Партызанскага раёна Мінску Наталля Пыкіна.

Фотафакт: жыццё ў Наваполацкай калоніі

Некалькі здымкаў з Наваполацкай калоніі пяцігадовай даўніны даюць ўяўленне аб побыце зняволеных. Асноўны занятак тых хто адбывае пакаранне – праца ў хлебапякарні, на мылавараным прадпрыемстве і на пашыве працоўнага адзення. Зона цалкам задавальняе ўласны попыт хлеба і вопраткі.

На тэрыторыі калоніі дзейнічае праваслаўная царква, дзе адбываюцца набажэнствы. Пяць год таму на тэрыторыі калоніі нават дзейнічала школа, дзе вучылі непісьменных вязняў. Дысцыпліна на тэрыторыі жорсткая. Калі падыходзіць начальнік ці прадстаўнік адміністрацыі, вязні здымаюць галаўны ўбор, прадстаўляюцца, называюць артыкул па якім адбываюць пакаранне і толькі пасля гэтага адказваюць на пытанні.

На тэрыторыі калоніі зняволеныя жывуць у адна-трохпавярховых будынках. Кожны пакой на некалькі чалавек складае адзін атрад.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)