20% беларусаў лічаць бел-чырвона-белы сцяг нацыянальным, а Ядвігу Паплаўскую прызналі лепшай беларускай артысткай
Сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!», прынесла неадназначныя вынікі. Высветлілася, што палова беларусаў лічыць сябе прадстаўнікамі трыадзінай славянскай нацыі, а Ядвігу Паплаўскую можна лічыць найлепшай сучаснай артысткай.
Сацыялагічнае даследаванне
«Чым нам ганарыцца: гістарычная памяць, нацыянальныя героі і брэнды вачыма
сучасных беларусаў» па замове агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» правялі лабараторыя « НовАК» і Беларускі інстытут
стратэгічных даследаванняў (Літва).
Як аказался, беларусамі як асобнай нацыяй з асобнай
гісторыяй і культурай лічаць сябе 51,8%, аднак 41,9% прытрымліваюцца думкі,
што ўваходзяць у склад трыадзінай славянскай нацыі: беларусы, украінцы, рускія.
Крыніцай паходжання беларускай дзяржаўнасці для большасці сучасных беларусаў
з’яўляецца ВКЛ (38,1%), Полацкае і Тураўскае княства і БССР «набралі» адпаведна
17,7% і 12,4%, што значна пераважае адказы «Рэспубліка Беларусь» (9,2 %) і «БНР»
(5 %).
Галоўным нацыянальным святам для 56,9% рэспандэнтаў апынулася 3 ліпеня,
а для 21,8% – 9 мая. Зусім малая частка адзначыла, што галоўнае свята – гэта Новы
год (4,5%) і 25 сакавіка (1,2%).
Што да нацыянальнай сімволікі, то 72,6% адказаў прыйшлося на
чырвона-зялёны сцяг і герб РБ, 7,7% – на бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню», але «абодва
ў роўнай ступені» адказалі 11,2%. Зусім не ведаюць і не вызначаюць для сябе
нацыянальнай сімволікі Беларусі 8,2% апытаных.
У першую чаргу лічыць сябе беларусам, на думку
рэспандэнтаў, можа той, хто «выхаваны на беларускай культуры і лічыць яе сваёю»,
– так адказалі 41,3%, той, чые «бацькі беларусы» (34,1 %), «той, хто любіць
Беларусь» (33,9%), што значна перавышае варыянт «той, хто мае беларускае
грамадзянства», як упэўненыя толькі 11,5%.
Архітэктурнымі сімваламі Беларусі суайчыннікі абралі Мірскі замак (17,7%) і
Брэсцкую вежу (9,5%), пра
Нацыянальную бібліятэку ўзгадалі ўсяго 5,7%.
Найлепшым творам беларускага аўтара большасць лічыць «Людзей на балоце» Івана
Мележа. Але найлепшымі пісьменнікамі сталі
Якуб Колас (28,2%) і Янка Купала (26,7%).
Паплаўская (8%)
абагнала Ціхановіча (7,9%) і Дарафееву (7,6%) як найлепшая сучасная артыстка. Пры гэтым 34, 6% наогул не цікавяцца
беларускай эстрадай і не змаглі назваць ніводнага імені. Лідэрамі па няведанні
беларускай эстрады апынуліся Мінск і Гомель.
Найлепшым гуртом, як сведчыць апытанне, з’яўляюцца «Песняры», якія
набралі 39,8%. Пры гэтым, здавалася б, такі папулярны гурт як «Ляпис Трубецкой»
набраў усяго 3,9%.
Самымі
папулярнымі гістарычнымі дзеячамі сталі Францыск Скарына (24,9%), Пётр Машэраў
(12,7%), Кастусь Каліноўскі (7,1%) і Ефрасіння Полацкая 4,1%.
Кампанію «Будзьма
беларусамі!» ведае 6% рэспандэнтаў, што сведчыць аб сур’ёзнай папулярнасці,
якую ўсяго за год, без магчымасці трапіць на тэлебачанне, набыла кампанія.
Як падсумавалі
арганізатары даследавання, у сучасным беларускім грамадстве адбылася «дэсаветызацыя»
гістарычнага светапогляду. Яго можна назваць «пераходны вакуум» – гэта значыць
адыход старых савецкіх сімвалаў, герояў, ідэяў, але неафармленне новых.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное