1991-2006. Вынікі<br>ад Жанны Літвіной
Жанна Літвіна ўзначаліла “Беларускую асацыяцыю журналістаў” у 1995-м, калі незалежныя СМІ ўпершыню мусілі друкавацца за мяжой. З тае пары і шукае разам з “нячэснымі” калегамі адказ на пытанне: як захаваць “чысціню жанра” ва ўмовах, калі абсяг свадобы слова звужаецца дарэшты. У межах праекта “Салідарнасці” Жанна Літвіна даводзіць, чаму немагчыма перамагчы ў барацьбе з распаўсюдам незалежнай інфармацыі.
— Ці можна лічыць, што на пачатку 1990-х у Беларусi існавала свабода слова?
— Перыяд ад развалу СССР да 1994 года быў эпохай Рэнесанса, росквіту незалежнай журналістыкі. Менавіта тым часам з’явілася абсалютна новая генерацыя прафесіяналаў, для якіх асноўнай прыкметай дзейнасці сталі стандарты журналісцкай работы. Тады ўпершыню мы адкрывалі для сябе, што такое факт і як з ім трэба абыходзіцца. Я б нават гаварыла не столькі пра журналістыку, колькі пра пашырэнне сферы публічнасці — уся краіна, як дэтэктыўны серыял, глядзела прамыя трансляцыі з Вярхоўнага Савета. Мы ўсе па тых часах былі саўдзельнікамі пераменаў, якія адбываліся.
Зараз, узгадваючы жыццё радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” за тры-чатыры гады да яе закрыцця, я разумею, наколькі бязмежнай была тады свабода слова ў Беларусі. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савета, а далей кандыдат у прэзідэнты мог прыходзіць на радыёстанцыю і дазваляць сабе абсалютна любыя выказванні на тэму антыкарупцыйнай барацьбы.
І я думаю, што адкрытасць сродкаў масавай інфармацыі, іх уяўленне, што пагроза сыходзіць толькі ад урада Кебіча, адыграла значную ролю ва ўвядзенні ў краіне інстытута прэзідэнцтва і ў тым, што кіраўніком дзяржавы стаў менавіта Лукашэнка.
Я памятаю ягоныя выказванні пра тое, што журналістаў у Беларусі не саджаюць у турмы, у журналістаў не страляюць, у краіне не закрытае ніводнае выданне, а антыпрэзідэнцкую газету “Свабода” можна набыць у шапіку адміністрацыі прэзідэнта. Але ўсе гэтыя аргументы пратрымаліся нядоўга.
Літаральна праз некалькі месяцаў пасля першых прэзідэнцкіх выбараў была ўведзеная жорсткая цэнзура і цэнтральныя газеты выйшлі з “белымі плямамі”. З іх распачалася маштабная вайна афіцыйнай улады за ўстанаўленне ў Беларусі татальнай аднадумнасці. Для журналістаў гэта азначала канец свята непаслухмянасці.
— “Плямы” сталіся першай i апошняй скансалідаванай акцыяй пратэсту кiраўнiкоў дзяржаўных СМI. Чаго не хапiла тады журналiстам, каб адстаяць сваю незалежнасць?
— Мне падаецца, што ніхто да канца не мог прадбачыць і ўсвядоміць той небяспекі, якая тады ўжо над намі навісла. Не спрацавала пачуццё самазахавання, якое павінна было праявіцца ў жорсткай пазіцыі. Гэта сталася прычынай далейшых стратаў. Адзін з самых вялікіх урокаў беларускай гісторыі — тое, наколькі хісткія і неабароненыя дэмакратычныя заваёвы. Дарэчы, у гэтым месяцы спаўняецца роўна 10 гадоў, як дэпарціравалі з Беларусі карэспандэнта НТВ Аляксандра Ступнікава, а ў ліпені — 10 гадоў, як былі арыштаваныя Павел Шарамет і Зміцер Завадскі. Гэтыя дзве падзеі найбольш знакавыя ў гісторыі незалежнай беларускай журналістыкі.
— Якія далейшыя этапы ў развіцці нацыянальнага медыа-рынку вылучылі б вы?
— Прэзідэнцкую кампанію 2001 года, за якую недзяржаўнай прэсе давялося выслухаць шэраг папрокаў, я лічу бліскучай старонкай дзейнасці незалежных журналістаў. Арыштоўваліся газеты і наклады, увесь час ішлі пагрозы, але дэмакратычная прэса, нягледзячы нават на тое, што ёй не зусім падабаўся адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў, працягвала сваю справу. Было ўсведамленне, што гэта чарговы гістарычны шанц, які трэба выкарыстаць. Абсалютна самаахвярна і неабачліва дзейнічала незалежная журналістыка. І за гэта, канешне ж, надыйшоў час расплаты. Пасля выбарчай кампаніі мы ўпершыню зведалі на сабе, што такое артыкулы Крымінальнага кодэкса 367 (“Паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 368 (“Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Па гэтых артыкулах былі заведзеныя тры крымінальныя справы, якія завершыліся даволі жорсткімі прысудамі ў дачыненні да Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі і Віктара Івашкевіча.
Менавіта ў 2001 годзе быў дадзены старт масавай зачыстцы інфармацыйнай прасторы — пачала вельмі жорстка ажыццяўляцца палітыка эканамічнай дыскрымiнацыі ў дачыненнні да незалежнай прэсы. Па статыстыцы БАЖ, якая адрозніваецца ад справаздачаў Міністэрства інфармацыі, за пяць апошніх гадоў колькасць незалежных уплывовых грамадска-палітычных выданняў скарацілася ўдвая: да 2001 года па ўсёй краіне мы налічвалі каля 60 выданняў, на сённяшні дзень — каля 30. Ды й “вага” іх паменшаная, бо мы знаходзімся не ў той сітуацыі, калі можна нарошчваць наклады.
— Калі на мапе пазначыць “белымі плямамі” месцы, куды не даходзіць альтэрнатыўная інфармацыя, як будзе выглядаць Беларусь?
— Амаль суцэльнай “белай плямай”. Гомельская вобласць уяўляе сабой тэрыторыю, дзе няма ніводнага ўплывовага незалежнага сродка масавай інфармацыі. Гарадзеншчыну два гады таму “накрыла” хваля закрыцця незалежных газет. Сёння існуе толькі адна з іх. І я нават называць яе не буду, каб не пачалося чарговае паляванне. Увогуле ж з 1996 года да гэтага часу Міністэрства інфармацыі скасавала 1144 пасведчанні аб рэгістрацыі СМІ!
Абсалютна зразумела, што сілы нашыя і дзяржаўныя не роўныя.
— Пра тое, як пашыралася манаполія дзяржавы на інфармацыю, можна меркаваць па назвах кампаній БАЖ у падтрымку свабоды слова. У 2002-м гэта быў “Фестываль незалежнай прэсы”, у 2003-м — “Дзень зачыненых газет ”, у 2005-м — “Гродзенская зона — тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў ”, на “Пасядзелках-2006" сустрэліся журналісты, якія былі арыштаваныя падчас прэзідэнцкіх выбараў і адразу пасля іх...
— Так, а 2004 год быў адметны несудовымі прыпыненнямі выхаду незалежных газет на падставе загадаў міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча. Па афіцыйнай статыстыцы, такіх прыпыненняў было здзейснена роўна 25. Пасля прыпынення ўжо не змаглі набраць былую моц такія папулярныя выданні, як “БДГ. Деловая газета”, “Навінкі”, “День”, “Биржа информации”.
З лістапада 2005 года напярэдадні выбараў распачаўся працэс “выпіхвання” незалежных выданняў спачатку з падпісных каталогаў, а пасля з сістэмы распаўсюду. Напярэдадні выбараў незалежную прэсу, якая мела ўласную пазіцыю, “прыбіралі” з інфармацыйнай прасторы. Сем выданняў былі вымушаныя друкавацца за межамі краіны: “БДГ. Деловая газета”, “Салідарнасць”, “Народная воля”, “День”, “Товарищ”, “Местная газета” (Волковыск), “Биржа информации”.
Судовыя справы па абароне гонару і годнасці прыбліжаных да ўлады асобаў, сталіся яшчэ адным механізмам, які даводзіў выданні да мяжы банкротства. “Народную волю” суд абавязаў выплаціць тагачаснаму кіраўніку “Белтэлерадыёкампаніі” Рыгору Рыбакову суму, эквівалентную 22 тысячам долараў. Пасля лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч адсудзіў у “Народнай волі” 50 тысяч долараў. Гэта былі сакрушальныя ўдары па бюджэце выдання.
Мінулы год я б выдзеліла ў асобны этап, калі ўлады ваявалі ўжо не проста з інстытутам недзяржаўнай прэсы — вайна была абвешчаная прафесіі. У траўні 2006-га чыноўнікі высокага рангу пачалі жорстка навязваць сваё бачанне ролі СМІ ў грамадстве. Словы спадара Чаргінца аб ролі СМІ я прачытала некалькі разоў і нават вывучыла на памяць, але так і не зразумела, што ён меў на ўвазе, калі казаў, што “средства массовой информации должны постичь логику власти, соотнести ее с логикой обстоятельств жизни”.
А чаго вартыя выказванні галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии» Паўла Якубовіча пра тое, што абвешчаная інфармацыйная вайна, скіраваная на падтрымку “дэструктыўных” выданняў?! Да 2006 года дзяржаўных і незалежных журналістаў дзялілі на “чэсных” і “нячэсных”. Цяпер апошнія пераўтварыліся ў “дэструктыўных”. Пасля гэтага стала зразумела, што любую крытыку ўлада ўспрымае як сінонім падрыўной дзейнасці.
— Аднак за гады незалежнасці ўзнiклi тры новыя тэлеканалы, прынятая “Комплексная праграма развіцця дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў”. Цi можна гэта лiчыць станоўчым укладам Лукашэнкi ў развiццё беларускай інфармацыйнай прасторы?
— Гэта развіццё прапагандысцкай машыны. Да тае пары пакуль кіраўнікі тэлеканалаў будуць прызначацца кіраўніком дзяржавы, пакуль будзе захоўвацца бюджэтнае фінансаванне СМІ, гаварыць пра развіццё прасторы і наогул сродкаў масавай інфармацыі не даводзіцца. У дачыненні да знешняй палітыкі кіраўнік дзяржавы нядаўна выказаўся, што мы “летим с одним крылом”. Тое ж самае назіраецца і ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, калі выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс для падтрымкі тых выданняў, якія сёння абслугоўваюць уладу. У 2004 годзе з бюджэту на падтрымку дзяржаўных СМІ была выдзеленая сума, эквівалентная каля 30 мільёнам долараў. У 2006 годзе, на які якраз прыпадала прэзідэнцкая кампанія, гэтая лічба павялічылася ў два разы і ўжо складала 61 мільён долараў. Такая падтрымка СМІ — сведчанне іх татальнага падпарадкавання ўладай. Гэта абсалютна ненармальная сітуацыя. І гэтым мы невыгадна адрозніваемся і ад Расіі, і ад Украіны, дзе якраз 14 гадоў таму прайшлі працэсы раздзяржаўлення і дэманапалізацыі прэсы. Сёння падчас канферэнцый і семінараў, дзе абмяркоўваюцца праблемы прэсы, пачынаеш разумець, наколькі мы адкінутыя назад, наколькі мы не сучасныя. Яны абмяркоўваюць, напрыклад, уплыў інвестараў на кантэнт выдання і наколькі працуюць механізмы абароны ад гэтага ўплыву. А ў нас адзін гаспадар. І з ягоным уплывам нічога не зробіш.
І яшчэ адна адметнасць, якая сёння не дазваляе развівацца прэсе ў Беларусі, — адсутнасць унутры краіны патэнцыяльных інвестараў.
— Была ж і ў нас газета Андрэя Клімава...
— І мы ведаем яе лёс. Як і лёс самога Андрэя Клімава, які адседзеў за кратамі. Фінансавая падтрымка незалежных СМІ ўспрымаецца беларускай уладай выключна як падтрымка апазіцыі. Такі крок прадпрымальніка можа пацягнуць за сабой разбурэнне ягонага бізнеса.
— Ці можна дырэктыўнымі метадамі і грашовымі ўліваннямі прывесці якасць беларускіх дзяржаўных СМІ да еўрапейскага ўзроўню?
— Еўрапейскі прынцып развіцця прэсы якраз базіруецца на незалежнасці саміх журналістаў і СМІ. Я, напрыклад, у захапленні ад літоўскага закону аб грамадскай інфармацыі, які проста забараняе органам дзяржаўнай улады мець уласныя СМІ, а на сваіх сайтах — прыкметы прапаганды. А для нас звышзадача — аддзяліць уладу ад сродкаў масавай інфармацыі.
— Дык ці існуе ў краіне сёння хоць у якім-небудзь выглядзе механізм кантролю ўлады з боку СМІ, пра неабходнасць якога пішуць у еўрапейскіх падручніках па паліталогіі і журналістыцы?
— У адказ дастаткова прывесці цытаты кіраўніка дзяржавы. Раней ён казаў: “СМИ — орудие пропаганды и идеологической борьбы”, “Мы не позволим приватизировать идеологию”, “Телевидение — это серьезная сила, она никогда не выйдет из-под контроля государства”, а цяпер ужо называе прэсу “главным механизмом проведения в жизнь государственной идеологии».
Менавіта таму па пазіцыях, што тычацца свабоды слова, улады дэманструюць жорсткасць і паслядоўнасць. Апошнія прыклады — распараджэнне аб тым, што ўладальнікі Інтэрнет-кафэ павінны фіксаваць даменныя імёны сайтаў, на якія выходзяць карыстальнікі, ды урадавы ліст “для службовага карыстання”, які рэгламентуе выкарыстанне эканамічнай інфармацыі. Такога ціску на незалежныя крыніцы інфармацыі не было б, калі б чыноўнікі не адчувалі перашкодаў іх захадам цалкам забяспечваць грамадства толькі “афіцыйнымі звесткамі”. Незалежныя СМІ, на маю думку, усё ж застаюцца тым інстытутам грамадскай супольнасці, які кантралюе выканаўчую ўладу...
— ...альбо з’яўляюцца рупарам апазіцыі?
— Ні ў якім разе. Я ўвесь час паўтараю: “Я — за чысціню жанру”. Трэба падзяляць агітацыйную прадукцыю і журналістыку. Я за тое, каб мы трымаліся менавіта сваёй прафесіі з усімі стандартамі і нормамі журналісцкай дзейнасці. Нездарма падчас апошняга з’езда БАЖ у чэрвені 2006 года, адчуўшы пагрозу прафесіі, калі дзяржаўныя журналісты пераўтвараюцца ў статыстаў, а незалежныя вагаюцца: застацца ў журналістыцы ці стаць апазіцыйным прапагандысцкім органам, мы прынялі Маніфест сумлення — зварот да ўсёй журналісцкай супольнасці і напамін пра тое, што самае галоўнае для нас — прафесія.
— Паспрабуйце адной фразай вызначыць, чым займаюцца цяпер “чэсныя” і “нячэсныя” журналісты ў Беларусі...
— Адныя — статысты ўлады, частка прапагандысцкай машыны. Другія займаюцца журналістыкай , але адчуваюць недахоп інфармацыі з-за адсутнасці доступу да яе.
— Чаго вам не стае як чытачу, слухачу, гледачу?
— Праўды і шчырасці. 15 сакавіка я прымала ўдзел у семінары “Вывучэнне магчымасцяў Беларусі ў рамках еўрапейскай стратэгіі суседства”. У сваім выступе я даводзіла, што прыкметамі гатоўнасці Беларусі да дыялогу могуць стаць: вяртанне незалежнай прэсы ў друкарні, у падпісныя каталогі, у сістэму распаўсюду, калі не адмена, то хаця б увядзенне мараторыя на самыя адыёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, што тычацца прэсы, і прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.
Я адзначыла, што свайго роду тэстам для мяне стане тое, як дзяржаўныя СМІ распавядуць пра гэты семінар. На жаль, сёння я магу сведчыць: яны тэст не вытрымалі, бо і ў эфіры, і ў публікацыі “Советской Белоруссии” быў выкарыстаны прынцып фільтравання інфармацыі. Шэраговы глядач наўрад ці ўвогуле здагадаўся, што ў мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў. Гэта яшчэ адно сведчанне, што ніякіх пераменаў не будзе, пакуль не будуць адпушчаныя прапагандысцкія лейцы.
— Апошнім часам суды над незалежнымі журналістамі сталі з’явай звычайнай. Ці быў хоць адзін выпадак, калі б справа заводзілася па арт. 198 КК РБ, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за стварэнне перашкодаў дзейнасці і замах на правы і законныя інтарэсы журналіста?
— Адна справа па гэтым артыкуле, якая тычылася стварэння перашкодаў дзейнасці супрацоўніка Магілёўскай абласной тэлерадыёкампаніі, нават закончылася вынясеннем прысуду. У 2006-м была ўзбуджаная справа па факце “закідання сняжкамі” здымачнай групы БТ. Ад БАЖ, рэдакцый незалежных газет і саміх незалежных журналістаў за гэтыя гады было шмат зваротаў у пракуратуру наконт замаху на іх правы і законныя інтарэсы, але па гэтых фактах ніводнай справы ўзбуджана не было.
— Незалежных журналістаў пачалі не толькі судзіць і саджаць за краты, але і забіваць. На вашу думку, чаму ўлады ўпарта не хочуць пагаджацца з версіяй, што забойства Веранікі Чаркасавай, звязанае з яе прафесійнай дзейнасцю?
— Калі справа цёмная, дык звычайна ўсё робіцца дзеля таго, каб утойваць інфармацыю аб ёй. Уладзе вельмі нязручна распісвацца ў тым, што Вераніку жорстка забілі з-за таго, што яна сумленна выконвала свае прафесійныя абавязкі. Званочак, які абвясціў, што ў нашай краіне небяспечна быць незалежным журналістам, прагучаў яшчэ 7 ліпеня 2000 года, калі знік Зміцер Завадскі.
— Адкуль зараз сыходзiць асноўная пагроза для незалежных журналiстаў?
— Месяц назад падчас сустрэчы маладых лідэраў БАЖа з генеральным сакратаром Расійскага саюза журналістаў Ігарам Якавенкам, ён адзначыў тры надзённыя праблемы для журналістыкі: што дзяржава распачала масіраваны наступ на прэсу з жаданнем увесці манаполію, другая — выцісканне самой прафесіі з грамадства і са сродкаў масавай інфармацыі, а самая прыкрая з’ява — забойствы журналістаў як радыкальны метад зняцця праблемы.
— Інфармацыйная прастора звузілася дарэшты, незалежныя выданні пазбаўленыя магчымасці друкавацца і нават распаўсюджвацца ў Беларусі — куды далей рухацца?
— Інтэрнет — вось той механізм, які сёння яшчэ спрыяе свабоднаму абарачэнню інфармацыі. Гэта шлях да развіцця незалежнай прасторы. Праўда, улады ўжо рыхтуюць грамадскую думку да таго, што будуць уведзеныя механізмы кантролю за Інтэрнетам і прыняты новы законапраект аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.
Сёння мы назіраем таксама аднаўленне андэграўндавых незарэгістраваных выданняў, якія выходзяць накладам 299 экземпляраў. Гэта ў чарговы раз пераконвае, што перемагчы ў вайне з незалежным распаўсюдам інфармацыі проста немагчыма. Можна закрыць газету, пазбавіць журналіста месца працы, але нельга пазбавіць яго прафесіі. Гэтыя словы сталі ўжо маім “штампам”, але гэта маё глыбокае перакананне.
— Якой ў дадзеных умовах павінна быць канцэпцыя падтрымкі незалежнай прэсы: ці варта расцярушваць сродкі на лакальныя праекты, альбо лепш сканцэнтраваць іх на некалькіх буйных?
— Прыярытэты — падтрымка тых незалежных выданняў, якія яшчэ ў стане легальна друкавацца і патрапляць да свайго чытача, развіццё Інтэрнету і павышэнне нашай кваліфікацыі ў сферы сучасных інфармацыйных тэхналогій, падтрымка нетрадыцыйнай прэсы. Адзін з прыярытэтаў — развіццё новых праектаў, звязаных з радыёвяшчаннем. Мне вельмі імпануе, што там працуюць маладыя людзі, што радыёпраграмы робяць беларусы для беларусаў, хаця, канешне, адна з праблемаў — гэта пашырэнне магчымасцяў рэтрансляцыі. Я спадзяюся, што ў перспектыве ў нас будзе і спадарожнікавы тэлеканал.
— Як змяніўся менталітэт незалежнага беларуса пад уплывам сродкаў масавай інфармацыі?
— Прапагандысцкі ціск цалкам адбіўся на самасвядомасці беларусаў. Доўгі перыяд эксплуатавалася ідэя стабільнасці. Цяпер людзі не жадаюць успрымаць інфармацыю, якая для іх нязручная. Свядомасць беларусаў — адбітак стэрэатыпаў: “без Рассіі нам не жыць”, “у Еўропе нас ніхто не чакае”, “абы толькі вайны не было”, “хто, калі не Лукашэнка”...
Але у мяне такое прадчуванне, што хутка надыдзе момант неверагоднай запатрабаванасці інфармацыі. Гэта будзе зорны час журналістыкі, калі ад нас будуць чакаць адказаў на пытанні, якія назбіраліся за папярэднія гады. Адзін з нашых калегаў неяк адзначыў, што на пытанне “што рабіць?” людзі ўвесь час атрымлівалі адказ “хто вінаваты”. Гэтак не можа доўжыцца бясконца.
— Якія здабыткі і страты напаткалі Вас за апошнія 15 гадоў?
— Закрыццё “Беларускай маладзёжнай”, “Радыё 101,2”, вымушанае прыпыненне дзейнасці Радыё Рацыя — усё гэта можна называць асабістымі стратамі ў маёй біяграфіі. Але без гэтых выпрабаванняў я ніколі б не была той Літвіной, якая ёсць сёння. Менавіта гэтае мінулае ўтрымлівае мяне на маёй грамадзянскай пазіцыі.
— З 1995 года, калі вы ўзначалілі БАЖ, хоць адну ноч давялося спаць спакойна без думак аб лёсе незалежнай журналістыкі?
— Калі прыцягваю дадому кошыкі грыбоў, пабегаўшы кіламетраў 20 па лесе, вось тады ў непрытомным стане я сплю спакойна.
Гутарыла Марына ЗАГОРСКАЯ
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное