1991-2006. Вынікі<br>ад Уладзіміра Коласа

Беларускі гуманітарны ліцэй — красамоўны прыклад таго, што адбывалася з адукацыяй Беларусі цягам незалежнасці. Ён узнік на хвалі адраджэння самасвядомасці, быў, нягледзячы на супраціў вучняў і бацькоў, зліквідаваны ўладамі ў 2003-м, але на справе існуе дагэтуль. Дырэктар ліцэя Уладзімір Колас — аб сапраўдных адносінах улады да таленавітай моладзі, а таксама пра міф аб беларусе, які гатовы сядзець на цвіку і вяроўку прынесці, каб яго павесілі.

— У адукацыі за пятнаццаць гадоў прыйшлі мы туды, адкуль пачыналі і працягваем гэты рух у зваротным накірунку. Я памятаю сваю гутарку ў 1989-м годзе з тагачасным міністрам адукацыі Міхаілам Дземчуком. Ён ужо тады казаў пра беларусізацыю школы, меў абсалютна канкрэтныя планы, быў упэўнены, што мы выйдзем на стопрацэнтнае навучанне ўсіх айчынных школ на беларускай мове. Таксама планавалася ствараць беларускамоўныя плыні ў інстытутах і універсітэтах. І гэта была не толькі асабістая пазіцыя Міхаіла Дземчука. Гэта была пазіцыя кіраўніцтва краіны. Тады ішлі працэсы лібералізацыі, дэмакратызацыі, а таксама і нацыяналізацыі. Пакуль не адбылася ў нас перабудова ў зваротным накірунку і ўладу не захапілі папулісты новай генерацыі. Так што цяпер сітуацыя нават горшая: тады ў людзей былі спадзяванні, уздым, а цяпер — апатыя, безнадзейнасць, і, у пэўнай ступені, расчараванне ў нацыянальнай ідэі.

— Савецкая сістэма адукацыі лічылася не самай горшай у свеце, якія яе здабыткі захаваліся, што згублена?

— А чым гэта яна была лепшая? Калі паглядзець на вынікі працы кадраў, якія рыхтавала гэтая сістэма, і параўнаць з тым, як жывуць, да прыкладу, амерыканцы, якія яны маюць дасягненні ў сельскай гаспадарцы, у прамысловасці і ў сацыяльнай сферы, параўнаць з тым, што адбываецца ў Еўропе ці ў Паўднёвай Карэі, то трэба «двойку» ставіць савецкай сістэме адукацыі. Яна была «паказушная», вучыла ўсяму і немаведама чаму. А гуманітарная сфера выконвала ў ёй функцыю кампасціравання мазгоў, убівання ўтапічных догмаў, прывучала да канфармізму, да прыстасаванства. Таму ў нас дагэтуль неканкурэнтаздольныя і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і эканоміка.

Безумоўна, мы (тыя, хто ствараў ліцэй і праграмы па гуманітарных дысцыплінах) імкнуліся нейкім чынам уплываць на гэтую сітуацыю, змагаліся за тое, каб гуманітарная сфера заняла, нарэшце, належнае месца ў адукацыі. Усе ішло нармальна да 1994 года, пакуль не з'явіўся першы ўказ у сферы адукацыі новага кіраўніка краіны. Я на свае вочы бачыў гэты дакумент аб знішчэнні ўсіх школьных падручнікаў, якія былі выдадзеныя пасля 1991 года. Потым гэты указ схавалі пад сукно, таму што ўзняла голас грамадскасць ды й з'явіўся ён ці не ў жніўні, і такім чынам, калі б ён быў выкананы, на пачатку навучальнага года школа магла б застацца ўвогуле без падручнікаў: старыя былі б знішчаны, новыя — яшчэ не выдадзеныя.

— Што змянілася ў адукацыі пасля гэтага?

— Была працяглая дыскусія наконт рэформы школы. Былі нейкія касметычныя змены накшталт 10-бальнай сістэмы кантролю ведаў, пяцідзёнкі ў школе, стварэння профільных класаў — гэта ўсё нейкія палавінчатыя меры. Сапраўдную спецыялізацыю на апошніх гадах навучання ў школе так і не наладзілі. І ўвогуле, любая рэформа павінна абапірацца на сфармуляваны дзяржавай заказ: чаго яна жадае ад маладога пакалення. І ўлічваць палітычныя, эканамічныя сацыяльныя, дэмаграфічныя змены ў грамадстве. Тое, што адбываецца ў адукацыі цяпер, — гэта не рэформа, а рэгрэсія. Выхоўваюць пакаленне канфармістаў, цынікаў і недалёкіх прагматыкаў, якія не маюць сваёй пазіцыі і гатовыя паўтараць тыя лозунгі, што спускаюцца ім зверху, рабіць тое, што загадаюць. Гэта тэндэнцыя. Я не кажу, што гэта дасягне поспеху і вынікі будуць менавіта такімі, бо зараз даступныя і альтэрнатыўныя крыніцы ведаў. Але галоўная мэта, па сутнасці, дасягаецца — людзей пазбаўляюць грамадзянскай волі. Такі заказ дае сістэме адукацыі сістэма ўлады.

— А калі прааналізаваць, якія веды набываюцца ў школе?

— Негрунтоўныя, для галачкі.

— Чым можна гэта даказаць?

— Можна даць аднолькавыя тэсты нашым ліцэістам і выпускнікам школ. Што мы і робім у прынцыпе, бо да нас жа прыходзяць са школ. Беларусы — гэта генетычна маладая нацыя, і дзеці ў нас вельмі таленавітыя. Але пакуль тэндэнцыя такая: для дзяржавы мае значэнне не ўзровень ведаў, а пакорлівасць і гатоўнасць рабіць тое, што скажуць. Зараз, у сувязі з інфармацыйнай рэвалюцыяй, ва ўсім свеце прэвалюе не энцыклапедычны падыход да ведаў, а магчымасць выбару, уменне пошуку патрэбнай інфармацыі, аперыравання фактамі. Але людзі, якія будуць мець шмат крыніц інфармацыі, якія здольныя аналізаваць, параўноўваць, рабіць свае высновы, гэтай уладзе непатрэбныя.

— Чаго ўдалося дасягнуць Беларускаму гуманітарнаму ліцэю за гады свайго існавання?

— Ліцэй і яго філіі — гэта былі без перабольшання маякі, станоўчы прэцэдэнт у Беларусі. Беларусы, нарэшце, займелі нацыянальную школу. З яе выйшла цэлая плеяда таленавітай моладзі. Шмат хто з нашых навучэнцаў і зараз працягвае рабіць карысную справу і ў грамадскім жыцці, і ў прафесіі. Сярод нашых выпускнікоў універсітэцкія выкладчыкі, журналісты, літаратары, навукоўцы, акцёры, рэжысёры, маладзёвыя лідары. Акрамя таго, падрыхтавана больш за 50 праграм гуманітарнага цыклу. І ёсць сістэма альтэрнатыўнай адукацыі, якую мы зараз падтрымліваем. Таму, калі непазбежна адбудзецца тое, што павінна адбыцца, будзем пачынаць не з нуля. І тады наш досвед будзе вельмі карысным для ўсёй сістэмы адукацыі.

— Колькі адсоткаў навучэнцаў ліцэя паступалі ў ВНУ?

— Практычна сто. Трэба сказаць, што не ўсе навучэнцы адразу былі ў нас ліцэйскага ўзроўню. На пачатку навучальнага года 80% вучняў здавалі тэсты на незадавальняючыя адзнакі — у тым ліку і тыя, якія былі выдатнікамі ў школе. Напрыканцы першага года навучання ўжо адсоткаў 60-70 здавалі тэсты на «добра» і «выдатна».

З Міністэрствам адукацыі у былыя часы ў нас былі някепскія адносіны. Мы адчувалі да сябе павагу, бо добра вучылі. А гэта было галоўным. Там тады працавалі прафесіяналы і, дарэчы, людзі з пэўнымі маральнымі правіламі і прынцыпамі, хаця погляды былі самыя розныя. Але павага да калег, да прафесіяналаў існавала, як і разуменне важнасці таго, што робіць ліцэй. Таму ўсе тры міністры на нашым вяку свой першы візіт рабілі ў ліцэй: Дзямчук, Гайсёнак, Стражаў. Брыгаздзін не прыходзіў да нас. Не будзем удакладняць, па якіх прычынах ён падаў у адстаўку, але загаду аб ліквідацыі ліцэя ён не падпісваў.

А пасля ўвядзення адзінай дзяржаўнай ідэалогіі прышлі тэрмінатары. І ўсё адбывалася класічна, я б сказаў. Спачатку шукалі таго, хто пагадзіўся б прыйсці і кіраваць ліцэем. Потым, калі вучні, настаўнікі і бацькі не пагадзіліся з гэтым, пачаліся рэгулярныя праверкі. Калі і праверкі нічога не знайшлі, выйшла пастанова з красамоўнай фармулёўкай: «ліквідаваць у мэтах аптымізацыі сістэмы ўстаноў адукацыі». Паасобку пачалі запрашаць дзяцей з бацькамі і прапаноўваць ім прэстыжныя навучальныя установы — толькі здрадзьце ліцэю, сыдзіце. Перайшло чалавек 15. Засталося 140.

— Якія ўрокі вынеслі вы з гэтай сітуацыі?

— Я заўсёды быў гатовы да ўсяго. Гэта было даволі няпростае жыццё. Адзінае, што кіравала мной, — упэўненасць у тым, што мы робім добрую справу. Дапамагло і веданне гістарычнага досведу, што ніякія пошукі цёплага месца і кампрамісы такога кшталту ні да чаго не прыводзяць. Трэба гнуць сваю лінію, рабіць тое, што ты лічыш правільным, у любых умовах.

— Калі б былі больш спрыяльныя знешнія ўмовы, па якім шляху пайшла б далей беларуская адукацыя?

— Было б тое ж, што сталася ў Францыі. На пачатку ліцэі складалі там недзе 15 адсоткаў ад усёй колькасці навучальных устаноў. Потым 30 адсоткаў, 60. Цяпер — амаль 90 адсоткаў. І ў нас гэты досвед распаўсюджваўся б і займаў сваю нішу. Яно так і будзе, таму што ліцэй — гэта самая аптымальная форма навучання маладых асобаў, якія пераўтвараюцца з дзяцей у дарослых людзей. Трымаць у адной школе першакласнікаў і вучняў 11-12 класаў — гэта інкубатар нейкі. Трэба адасабляць падлеткаў і даваць ім магчымасць самарэалізацыі, бо гэта час піку творчых магчымасцей.

Увядзенне ідэалогіі, БРСМ, вяртанне да піянерскай арганізацыі… Вяртанне ў ідэалагічны ўгар — гэта самае панурае, што існуе сёння ў беларускай сістэме адукацыі. Ну і тое, што робіцца ў галіне гуманітарных дысцыплін. Забарона «няправільных» пісьменнікаў, адказнасць выкладчыкаў за ўдзел вучняў у грамадскіх мерапрыемствах. І кадравая палітыка — вынішчэнне іншадумцаў, пераслед за іншадумства, звальненне прагрэсіўных дырэктароў школ, настаўнікаў. Такога няма на прасторы былога Савецкага Саюза нідзе, акрамя хіба што Туркменіі.

На вялікі жаль, мы можам мець гэтыя праблемы і з наступным пакаленнем. І гэта, безумоўна, адаб'ецца на канкурэнтаздольнасці Беларусі ў тых працэсах глабалізацыі, якія адбываюцца цяпер у свеце, калі кожная краіна павінна заняць сваё месца і бараніць яго ў цывілізаваным спаборніцтве.

— Вы не спрабавалі данесці гэтыя думкі да цяперашняга міністра адукацыі?

— Ніякага сэнсу ў гэтым я не бачу. Новы міністр адукацыі — чалавек гэтай сістэмы, які адпавядае ёй найлепшым чынам. І вядома, што выходзіць на сувязь трэба не з ім, бо ён нічога не вырашае. А там, дзе вырашаюць, ёсць устаноўка, як дзейнічаць у дачыненні на іншадумства. Мы бачым, якой заідэалагізаванай стала галіна адукацыі. А паколькі мы ніколі не пойдзем на тое каб вучыць хлусні, сэнсу ў такіх кантактах я пакуль не бачу. Хаця, калі запросяць на сур'ёзную размову, — прыйдзем. Але, баюся, не туды будуць запрашаць.

— Колькі гадоў спатрэбіцца, каб прывесці адукацыю ў нармальны стан?

— Пры ўвядзенні пэўных механізмаў і сапраўдным рэфармаванні мы б расхлябалі ўсё, што нарабілася, гадоў за пяць нармальнай працы. Сярод настаўніцтва ёсць адэкватнае разуменне сітуацыі. Калісьці мы і пагадненні падпісвалі аб супрацоўніцтве, і кантактавалі з кіраўніцтвам адукацыяй на месцах: і ў раёнах, і ў абласцях. Але галоўнае — гэта воля ўлады, інтэлігентнасць, адукаванасць, мудрасць на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Так што, калі будзе загад на беларусізацыю і дэмакратызацыю — усё будзе выканана дакладна.

— А вас гэта не насцярожвае: быў загад і ўсе перайшлі на беларускую мову, спусцілі іншыя ўстаноўкі — і школа пакорліва іх выконвае?

— Жыццё такое, што вучыць усе заганы пераўтвараць і выкарыстоўваць на карысць справе. Нават з тым самым ліцэем. Калі яго зачынілі, было дрэнна. Але потым для вучняў адкрыўся цэлы свет. У Польшчы да нашых ліцэістаў прыходзілі Лех Валенса, Анджэй Вайда, Браніслаў Герэмек, Анджэй Занусі... У Літве вельмі добра нас падтрымалі. У Францыю выязджалі пры дапамозе дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі…

— Як, на ваш погляд, паўплывала сітуацыя з адукацыяй на пачуццё самасвядомасці беларусаў?

— Увогуле беларусы — людзі зацятыя. Праблема ў тым, што часам гэтая зацятасць скіроўвалася не туды, змагаліся не за тое. Збег гістарычных абставін так склаўся, што тады, калі ўсе вызначыліся з нацыянальнай ідэяй, беларусы не паспелі зрабіць назву сваёй краіны брэндам. І наконт мовы, і наконт дзяржаўнасці тое ж. І цяпер наша агульная з Польшчай і Літвой спадчына павінна быць акрэслена на дзяржаўным узроўні і на ўзроўні падручнікаў па гісторыі сістэмы адукацыі.

А стэрэатыпы пра беларуса, што ён і на цвіку будзе сядзець, і вяроўку з сабой прынясе, каб яго павесілі — гэта ўсё лухта. Беларусы — народ абсалютна нармальны і нам самім трэба, нарэшце, гэта ўсвядоміць.

— Як змянілася ваша жыццё за гады незалежнасці?

— Дзеці мае выраслі. Сын нядаўна ажаніўся. Я быў дырэктарам Беларускага гуманітарнага ліцэя і пазбавіўся гэтага статусу. Але я ніколі не шукаў кар'ернага росту. Самае сумнае, што ўсе гэтыя гады я не здымаў кіно, пра што ўвесь час марыў. Гэта я згубіў за 17 гадоў, якія аддаў ліцэю. Суцяшае тое, што гэта патрэбная справа і што яна будзе працягвацца з той розніцай, што раней ліцэісты вучыліся ў сваім будынку. Дарэчы, зараз якраз плануем новы набор. Мы запрашаем вучняў 9-10 класаў выходзіць з намі на сувязь праз Таварыства беларускай мовы. Ліцэй будзе рэгістравацца ў Вільні і гэта будзе стацыянарнае навучанне ў нармальнай зарэгістраванай установе. Але пакуль што на тэрыторыі іншай краіны. Дыстайцыйна рыхтуемся вучыць па праграмах беларускага ліцэя з наступнага года не толькі ў абласных і раённых філіях, якія збіраемся аднаўляць у выглядзе нядзельных ліцэяў, але і ў больш аддаленых мясцовасцях.

Гутарыла Марына Загорская

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(7)