1991-2006. Вынікі ад Артура Клінава
У 1995 годзе з’явілася ягоная карціна «Піццё гарбаты». І ён стаў вядомым за кошт персоны, партрэт якой намаляваў. Але Нікас Сафонаў з Артура Клінава не атрымаўся. Замест таго ён ладзіць партызанскі супраціў на Бацькаўшчыне і актуальныя выставы на Захадзе. У межах праекта “Салідарнасці” мастак і філосаф распавядае, куды закацілася “тачка дзярма” ад Алеся Пушкіна, што перашкаджае Андрэю Кудзіненку стаць беларускім брэндам і чаму сам Клінаў не баіцца пражыць сто гадоў з пэўнай кіруючай асобай.
-- Які сімвал часоў незалежнасці вы б усталявалі ў Мінску на плошчы Незалежнасці?
-- Н-не ведаю. У галаве круціцца толькі чорны “Мерседэс”. Як мара беларуса пра лепшае жыццё. Бо чарка і шкварка ўжо неактуальныя. Апошнія 10--15 гадоў нацыя займалася тым, што зарабляла грошы на набыццё гэтых “мерседэсаў”.
-- А калі гэта сімвал не побыту, а вольнай культуры?
-- Хіба што Вольскі з гітарай? Беларускія музыкі сёння па-за канкурэнцыяй у плане шырокай вядомасці і масавай уплывовасці на грамадства. Колькасць аўдыторыі рокераў і, да прыкладу, актуальных мастакоў цяжка нават параўнаць. Але беларуская культура ўвогуле за гэтыя 15 гадоў зрабіла вельмі сур’ёзны рывок.
Што мы мелі на пачатку 1990-х? Я як авангардыст (на той момант) скажу, что культура была вельмі архаічнай, нетэхналагічнай, у ёй не было жывога актуальнага працэсу пошуку. З галін, якія маглі б свабодна канвертавацца на еўрапейскіх рынках, можна назваць хіба што балет. Напрыканцы 1980-х адбыўся выбух паралельнай культуры. Яна актыўна развівалася, ішла наперад, але ў прынцыпе не магла канкурыраваць з тым жа расійскім авангардам ці з заходнім Contemporary art (сучасным мастацтвам). А зараз у нас з’явіліся вельмі добрага ўзроўню і мастацтва, і беларуская філасофія, і музычная культура, нават, як гэта ні дзіўна, свой кінематограф. Праўда, пакуль яшчэ ў такіх эпізадычных праявах, як стужкі Андрэя Кудзіненкі. Пайшлі нейкія зрухі ў тэатральнай сферы. Без сумневу актуальная культура, якая вядзе інтэлектуальны пошук, сёння канкурэнтаздольная на еўрапейскіх рынках.
-- Народ незалежнай краіны жыве пад двума сцягамі, з двума гербамі, размаўляе на дзвюх мовах... Вы лічыце гэтую паранармальнасць натуральнай?
-- Натуральна тое, што і культур у Беларусі, якая апынулася на стыку дзвюх цывілізацый – еўрапейскай і еўразійскай – таксама дзве. Афіцыйная культура ў прынцыпе засталася ў мінулым часе, хоць трохі і змянілася ў бок рынку. Яна вымушаная зарабляць і таму стала салодка-папсовай. Але па сутнасці шкілет той застаўся, толькі трохі дэкору навесілі. Яна проста ніякая. Нават з той заідэалагізаванай, якая была “за савецкім часам”, параўнаць нельга. Што такое сёння беларуская ідэалогія, ніхто і цьмянага адказу даць не можа. А як можа культура невядома што прапагандаваць і мець у гэтым нейкі свой падмурак?
-- Што лепш для развіцця культуры: таталітарызм ці дэмакратыя? Гэта ж аксіёма: добрае жыццё -- гібельнае для творцаў.
-- Лухта гэта. Вядома ж, дэмакратыя дае творцы нашмат больш механізмаў для рэалізацыі. Я часта па “еўропах” езжу і бачу, як там адбываецца арт-працэс ва ўмовах дэмакратыі. І магу сказаць, што ён там не дэградуе. Усё ў іх нармальна: квітнее і бурліць. Тут важны баланс: таталітарызм – гэта “ўдаўка”, якая культуру душыць. Не факт, што задушыць, бо культура – арганізм жыццяздольны. Але калі ў краіне галоўная праблема – колькі сантыметраў павінна быць даўжыня бананаў, і такая сітуацыя для культуры благая. Культура найбольш дынамічна развіваецца, калі ёсць баланс: роўная прапорцыя добрага і благога.
-- Беларуская партызаншчына пачалася з Касцюшкавага паўстання і набыла новае гучанне і нечуваны размах падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чаму ў 2001-м годзе раптам наспела патрэба ў партызаншчыне як творчай і жыццёвай пазіцыі?
-- Мабыць, прыйшоў час зноў звярнуцца да гэтага міфу.
-- З якой нагоды?
-- Партызан як міфалагічная постаць з’явіўся ў Беларусі, калі сюды прыйшла імперыя, калі пачалася каланізацыя. Гэта была выключная сітуацыя, вымушаная. Зараз 2007 год і можна казаць, што вострая небяспека страты незалежнасці мінавала. А напрыканцы 1990-х пагроза была яшчэ рэальная. Прывід брата з Усходу навісаў над намі ўсур’ёз. Самы час быў адраджаць партызаншчыну. І сёння партызанскі рух сваёй актуальнасці не страціў. Я не магу сказаць, што зараз мы пазбавіліся ад імперскага “хламу”. Ім заваленыя вуліцы і дамы, плошчы і скверы. Ён уплывае на мазгі. І разгрэсці яго мы пакуль амаль што не ў стане. Хаця працэс вычышчэння ідзе. Па-рознаму. Нават самым нечаканым чынам. Тыя ж 75 адсоткаў беларускай музыкі ў эфіры ў пэўным сэнсе працуюць на пазбаўленне ад імперскага хламу. Ясна, што эфір забіла не суперякасная музыка, хаця менавіта яна магла б у прынцыпе заняць гэтую прастору, але мне чым слухаць расейскую папсу, дык лепш паслухаць сваю.
З другога боку, беларус па сутнасці сваёй партызан. У той ці іншай ступені гэтая міфічная істота сядзіць у кожным з нас. Гэта сапраўдная культурніцкая традыцыя. Ды й актуальная культура фактычна існуе сёння ў нейкім паўпадполлі, выкарыстоўваючы тактыку партызанскага руху. Яна быццам бы ёсць, але быццам бы яе і няма. А ў пэўны момант яна сябе маніфестуе нейкай акцыяй-дыверсіяй і зноў знікае. Яна фактычна па ўсіх параметрах з’яўляецца сёння культурай партызанскай. Абсалютна адэкватны ў сённяшнім русле яе стан.
— А ці не падаецца вам, што “партызаны” гуляюць у хованкі са сваім народам? На Бацькаўшчыне іх ведае абсалютная меншасць. Вось вы, да прыкладу, вядомы на Захадзе як самы модны беларускі мастак, дзе часцей выстаўляецеся?
-- На еўрапейскіх сцэнах.
-- А вашыя паплечнікі?
-- Раней ці пазней пакідаюць Беларусь.
-- Карціна называецца “Партызаны падаюцца ў эміграцыю”?
-- За мяжой калі і ведаюць Беларусь у нейкіх культурных праявах, дык менавіта па гэтай малавядомай у роднай краіне версіі культуры. Беларуская афіцыйная культура там проста нецікавая, бо яна незразумелая, занадта адсталая ад сучаснасці. А наш авангард абсалютна канвертуецца ў сусветным кантэксце. З’яўляецца больш зразумелым для еўрапейцаў, бо размаўляе на сучаснай мове.
-- Няўжо наша “прасунутая” культура не адстае ад заходняй?
-- Ніколькі. У нас ёсць мастакі, якія не выглядаюць сёння на еўрапейскіх арт-сцэнах як другасныя. Яны абсалютна цэльныя, самастойныя і могуць канкурыраваць сваімі творамі з еўрапейскімі аўтарамі. Проста ў роднай краіне ўмовы неспрыяльныя для развіцця сучаснага мастацтва, і таму яно трымаецца на адзінках і на прыватнай ініцыятыве аўтараў. Бо ў іншых краінах, якую ні вазьмі, нават Польшчу, то там на гэты энтузіязм яшчэ працуюць цэлыя інстытуцыі, цэлыя фабрыкі, сотні куратараў, менеджараў, крытыкаў, якія дапамагаюць аўтарам рэалізавацца. У нас аўтар сам па сабе: што сам зрабіў, што прабіў, якія кантакты знайшоў ці яго знайшлі. Хаця гэта ненармальная сітуацыя.
-- Якія рэформы патрэбна правесці, каб актуальная беларуская культура выйшла з падполля?
-- Працэс, вядома ж, вельмі тармозіцца тым, што няма беларускіх школ. Амаль 10 мільёнаў жыхароў – гэта рынак, хоць і невялікі. Але беларускі пісьменнік мае сёння няшмат чытачоў -- 100 тысяч, ну, можа, мільён. Ён піша рэальна для сваёй маленькай краіны. Але цягам апошніх гадоў гэтае кола пашыраецца, аўдыторыя беларускамоўнай літаратуры расце. Праз пэўны час лічба гэтая будзе больш-менш заўважная.
-- А скуль узяцца чытачам?
-- Нягледзячы ні на што, кола чытачоў пашыраецца. А калі б да гэтага спрычынілася яшчэ і дзяржаўная беларускамоўная адукацыя, то працэс пайшоў бы ў геаметрычнай прагрэсіі. Гэта быў бы выбух. Я гляджу на гэта аптымістычна. Беларус пачынае адчуваць, што ён жыве ў самастойнай краіне. Ён патроху вызваляецца ад імперскага гаўна.
-- А з мастакамі як?
-- У нас ёсць адна “ўнікальная з’ява”, якой не мае больш ніхто з еўрапейцаў. Мы можам з “гонарам” заявіць, што Мінск – адзіны горад у Еўропе, дзе няма галерэй. Я маю на ўвазе класічны варыянт, бо гэтыя некалькі хлявоў, дзе можна выстаўляць усё, што заўгодна -- сёння карціны, а заўтра боты – не галерэі! У 1990-х значную важную ролю адыгрывала галерэя “Шостая лінія”, дзе адбываўся вельмі цікавы працэс. Пасля таго нічога эпахальнага прыгадаць не магу. А калі адразу не прыгадваецца, то, значыць і не было. Мінск у гэтым сэнсе нельга нават параўнаць ні з адным еўрапейскім горадам. Як параўноўваць з нулём?
Культура патрабуе пэўных дзяржаўных прэферэнцый. Сучасны арт-працэс -- сфера, заснаваная на інтэлектуальных тэхналогіях. Яны патрабуюць інвестыцый. У большасці краін Еўропы галоўны мецэнат – дзяржава, бо культура – тое, што прэзентуе краіну ў свеце. Гэта імідж, брэнд, як сцяг, герб, спартыўныя дасягненні, высокаякасныя тавары. Быць краінай без галерэй – гэта ганьба. Як і тое, што Беларусь -- адзіная ў Еўропе краіна, якая не ўдзельнічае ў Венецыянскім Біенале – сусветна вядомым форуме. Нават самыя маленькія краіны спрабуюць уздымаць на ім свой сцяг.
-- Ці з’явіўся культурніцкі брэнд за гады незалежнасці Беларусі?
-- Сказаць, што мы маем слыннасць і вядомасць, то не. Сёння Беларусь вядомая іншымі брэндамі – Чарнобыль і Лукашэнка. Каб стварыць культурніцкі брэнд, павінны быць адзін-два слынных аўтары. Як Кустурыца і Брэгавіч у сербскай культуры. З “нашых” усе ведаюць Шагала, безумоўна. Але капірайт на яго мы ў свой час страцілі. На жаль. Гэта быў бы брэнд! Сучаснай брэндавай постаці няма. Тэарэтычна праз нейкую колькасць гадоў ёю можа стаць Кудзіненка. Толькі дзеля гэтага яму трэба здымаць фільмы, а ў яго ідэяў дзесяткі, ды толькі грошай няма.
-- Міжнародны фестываль пэрформэнсу «Навінкі» стаўся бадай адной з найбольш удалых і заўважных рэалізацый у кантэксце беларускага сучаснага мастацтва. Але самы “гучны” пэрформэнс – “тачка дзярма” ад Алеся Пушкіна. Чаму за апошнія гады больш не было такой яскравай падзеі?
-- Гэта тэндэнцыя агульнаеўрапейская. Сама хваля пэрформэнсаў трохі спадае. І мы ў гэтым сэнсе ў плыні. Бяды вялікай у гэтым няма.
-- Магчыма, пэрформэнс выцясняе новы від публічнага мастацтва -- флэш-мобы?
-- Гэта з’ява цікавая. Ідзе з “прасунутага” народу. У прынцыпе можна назваць яе з’явай культурніцкай. Аднак яна настолькі новая і недаследаваная, што рабіць нейкія высновы рана. Няхай існуе, развіваецца, уплывае на грамадства.
—А якая грамадская падзея апошніх гадоў, на ваш погляд, найбольш паўплывала на равіццё беларускай культуры?
-- Кастрычніцкая плошча ў сакавіку мінулага года. На яе прыйшлі людзі, якія пачулі не заклікі палітыкаў (тыя якраз такі разгубіліся і не ведалі, што рабіць), а голас вольнай культуры. Гэта была акцыя, якая ішла знізу. І ў прынцыпе гэта плён 15-гадовых культурніцкіх здабыткаў. Як выказаўся Алесь Анціпенка ў часопісе “pARTizan”, гэта быў такі нацыянальны катарсіс, тыдзень патрыятызму. Такое натхненне не можа знікнуць бясследна. Яно будзе яшчэ доўга адбівацца. А на мяне адназначна паўплывала. Якраз пад вялікім уздзеяннем плошчы я пісаў кнігу “Падарожжа па горадзе СОНца”. Там няма ніякай палітыкі. Шмат гісторыі і шмат таго, што хацелася б распавесці еўрапейскаму чытачу пра нашу краіну, якую ён не ведае.
-- Калі Мінск – горад СОНца, дык Беларусь...
-- ... краіна велізарных пустых (без чалавека) прастораў з горадам СОНца ў цэнтры яе.
-- Вы патрыёт гэтай краіны?
-- Канешне.
-- Вас зрабіў вядомым у 1995 годзе адзін эксклюзіўны партрэт. Адкуль тое жаданне намаляваць “Піццё гарбаты” з першай асобай? Прага славы?
-- Тады яшчэ ўсё толькі пачыналася. Нешта мне сэрца балела. Маўчаць было цяжка, бо я ведаў, што калі маўчыш, гэта сказваецца на псіхіцы. Рабочы трактарнага завода, калі накіпіць, грукае кулаком па стале. Мастак выказваецца, як мастак. Калі я гэта зрабіў, мне неяк адразу палягчала.
-- Як бы цяпер выглядаў той чалавек на партрэце?
-- Пасля таго, як я зразумеў, што аб’яднання з Расіяй не будзе, гэтая тэма для мяне неактуальная. Я магу яшчэ сто гадоў пражыць з пэўнай асобай і гэта не так балюча, як страта незалежнасці. Калі стаяла рэальная пагроза, мяне гэта вельмі хвалявала.
-- Калі б давялося малымі сродкамі ладзіць пэрформэнс, які б адлюстроўваў вашае жыццё ў гады незалежнасці, як бы гэта выглядала?
-- Не хочацца быць банальным, але адразу ўзнікае перад вачыма вобраз вавёркі, якая круціцца ў коле. Увесь час я мушу ляцець. Усё трэба рабіць хутка, бо я поліфанічны творца, які працуе адразу на некалькіх станках. Шкада, што бракуе часу сканцэнтравацца. Шмат чым я задаволены. Незадаволены тым, што многа засталося нерэалізванага, час быў змарнаваны на нешта другаснае і непатрэбнае. Скажам, быў момант, калі я пайшоў у бізнес і займаўся ім некалькі гадоў, якія для творчасці абсалютна згубленыя. Шмат часу губляецца на здабыванне грошай на жыццё. Спадзяюся, што ў гэтым годзе выйдзе па-беларуску мая “Падарожная кніга па горадзе СОНца”, якая ўжо пабачыла свет у буйным франкфуртскім выдавецтве Suhrkamp Verlag. Сам працэс напісання кнігі мне спадабаўся, і я зразумеў, што да гэтага ішоў усе папярэднія гады, бо займаўся канцэптуальным мастацтвам, а яно збольшага працуе з ідэямі. Самая простая форма выказвання ідэй -- вербальная.
Гутарыла Марына ЗАГОРСКАЯ
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное