Комментарии
Алесь Кіркевіч, Новы час

1937-ы і мінатаўр у кожным з нас

Самай чорнай ночы ХХ стагоддзя для беларускай культуры спаўняецца 80 гадоў. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га расстралялі нашу літаратуру, мастацтва і навуку: Зарэцкі, Дудар, Кляшторны… агулам пад паўтары сотні прозвішчаў.

Здаецца, сёння ўжо нікому не трэба тлумачыць, каго расстрэльвалі, за што, хто страляў. Каго? Прыстойных інтэлігентных людзей. За што? Бо любілі Беларусь. Хто? Каты з чырвонымі аколышкамі фуражак. Нібыта ўсё проста… Разам з тым, сэнс тых падзеяў з гадамі замульваецца, таксама як ужо замулялася значэнне і трагедыя Другой сусветнай, Халакосту і г.д.

Пры гэтым, мы кожны раз вяртаемся да тых падзеяў, пераварваем, перагаворваем, пракручваем унутры сябе і транслюем у публічную прастору — безумоўна, кожны са сваіх пазіцыяў. Чаму? Ці гэта зацягнутая рэфлексія? Ці крыніца натхнення — для адных у вобразе ахвяраў, для іншых — сярод катаў? Альбо мы наўпрост згубілі дзень сённяшні, таму і вяртаемся да траўмаў і падзеяў 80-гадовай даўніны?..

Сёння ў Курапатах стаяць крыжы і сосны, сягаючыя карэннем чарапоў з маленькімі адтулінамі ў патыліцы. Месца жалобы і памяці, беларуская галгофа…

Але крыжы з соснамі, здаецца, не даюць адказу на галоўнае пытанне: чаму так сталася? Роўна як і бронзавыя жаўнеры ў пілотках на магілах чырвонаармейцаў ці сямісвечнікі на месцах яўрэйскіх расстрэлаў — яны больш не выклікаюць эмоцыяў у сучаснага чалавека.

Яшчэ напярэдадні супрацьстаяння і намётавага мястэчка ў Курапатах увесну гэтага года, падчас наведвання ўрочышча, у мяне ў галаве круціўся вобраз мінатаўра як ідэальнага помніка ў «крывавым лесе». Чаму мінатаўр? Бо гэта сімвал жывёлы, якая спіць у кожным чалавеку, якую ты заўсёды знойдзеш у лабірынтах сваёй свядомасці, але ніколі не заб’еш. Затое можаш выйсці, прайшоўшы лабірынт, скарыстаўшыся ніццю Арыядны — здаровым сэнсам.

Мінатаўр — гэта адказ на пытанне, чаму так сталася. Бо тыя, хто працаваў у кабінетах пад партрэтамі «Жалезнага Фелікса» альбо націскаў спускавы гачок наганаў, узяліся не з Месяца, але жылі ў Мінску: шпацыравалі з сем’ямі па праспекце Сталіна, куплялі мінеральную ваду ці піва роўна так жа, як і іх ахвяры. Гэта таксама людзі, але прызнаўшыя культ мінатаўра на дзяржаўным узроўні, адначасна вызваліўшы і жывёлу ўнутры сябе, якая ўжо не гуляла ў лабірынтах падсвядомасці, але выйшла вонкі.

Працяг артыкула чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)