Общество
Руслан Гарбачоў

10 найстарэйшых будынкаў Мінска

Сталіца Беларусі Мінск – адзін з самых старажытных еўрапейскіх гарадоў. Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, што адзначаецца 18 красавіка, «Салідарнасць» з дапамогай гісторыка Уладзіміра Дзянісава палічыла найстарэйшыя будынкі сталіцы.

Аўтар шматлікіх навуковых і краязнаўчых публікацый, прысвечаных мінуламу Мінска Уладзімір Дзянісаў адзначае, што, на жаль, у горадзе з тысячагадовай гісторыяй старажытных помнікаў архітэктуры засталося нешмат. У асноўным гэта камяніцы і сакральныя будынкі, якія змешчаны на тэрыторыі Ракаўскага і Траецкага прадмесцяў, а таксама Верхняга гораду, які пачаў фарміравацца ў другой палове XVI стагоддзя пасля вялікага пажара – да гэтага горад быў фактычна ўвесь драўляны, і менавіта на гэтым месцы паўсталі першыя мінскія камяніцы.

Самым старажытным будынкам Мінска мог бы стаць праваслаўны храм XI-XII стагоддзя. Яго падмуркі захаваліся да сёння і знаходзяцца зараз пад зямлёй на тэрыторыі Мінскага замчышча (раён плошчы 8 сакавіка). З тых жа будынкаў, што мы можам пабачыць, самымі старажытнымі з’яўляюцца:

1. Свята-Петра-Паўлаўская царква

Лічыцца, што Петрапаўлаўская царква на Нямізе была заснавана ў 1612 годзе, але некаторыя даследчыкі гэтую дату ставяць пад сумнеў. Тым не менш, большасць гісторыкаў схіляюцца да таго, што гэты будынак быў узведзены ў першай палове XVII стагоддзя. У савецкія часы тут месціўся архіў, у 1991-м богаслужэнні ў царкве былі адноўленыя.

2. Свята-Духаўскі манастыр базыльянак

На тэрыторыі сучаснай Плошчы Свабоды, па вуліцы Энгельса, 1, захаваўся будынак Мінскага Свята-Духаўскага манастыра базыльянак. Будынак, у якім цяпер знаходзіцца дзіцячая музычная школа № 10 імя Глебава, быў заснаваны ў 1641 годзе. Але яго можна лічыць і яшчэ больш старэйшым, магчыма, нават найстарэйшым у Мінску. У канцы XX стагоддзя пры падрыхтоўцы праекта работ па рэстаўрацыі будынка высветлілася, што да пабудовы манастыра на яго месцы знаходзіліся мураваныя дамы мінскіх мяшчан. І рэшткі мінімум трох дамоў былі ўмураваны ў корпус манастыра.

3. Кляштар бернардзінцаў

Будынак кляштара бернардзінцаў па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 4 быў заснаваны ў 1624 годзе. Фундаваў яго краснасельскі стараста Андрэй Кансоўскі. Першапачаткова кляштар быў драўляны, але ў канцы 30-х-пачатку 40-х г.г. XVII стагоддзя пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара, якое было скончана ў сярэдзіне стагоддзя. Сёння ў будынку кляштара бернардзінцаў знаходзіцца Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

4. Кафедральны сабор

На месцы цяперашняго будынка Кафедральнага сабора ў 1633 годзе троцкім ваеводам Аляксандрам Слушкам быў заснаваны кляштар бернардзінак. Ён быў драўляным, але ў 1642 годзе тут былі пабудаваны мураваныя кляштар і касцёл.

5. Былая школа езуітаў

Цяжка ўявіць, што будынак гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па Плошчы Свабоды, 7 быў ўзведзены ў канцы XVII стагоддзя. Будоўля школы езуітаў была скончана ў 1699 годзе. У студзені 1919 года тут размяшчаўся часовы рабоча-сялянскі урад Беларусі і пазней прэзідыум ЦВУ БССР. У другой палове XX стагоддзя будынак быў моцна перабудаваны.

6. Марыінскі Архікатэдральны касцёл

Былы касцёл езуітаў па плошчы Свабоды, 9 быў закладзены ў 1700 годзе і асвечаны ў 1710-м. Такім чынам, усяго праз год будзе святкавацца 300-годдзе з дня асвяшчэння адной з самых старажытных каталіцкіх святынь. Будынак у розныя гады наведвалі расійскій цар Пётр I, шведскі каролі Карл XII, украінскі гетман Мазепа, імператар Мікалай II. У савецкія часы тут знаходілася спартовая таварыства «Спартак».

7. Палац графоў Пшэздзецкіх

Па гэтым жа баку вуліцы, па Плошчы Свабоды, 15 стаіць палац графоў Пшыздзецкіх, які быў узведзены у сярэдзіне XVIII стагодзя ў стылі барока. Цікавы гарадзкі-сядзібны комплекс дайшоў да нашых дзён з невялічкімі перабудовамі. Унутраная планіровачная прастора тут амаль цалкам захавалася. У савецкія часы тут знаходзіўся Мінскі абласны ваенкамат, пасля -- дабрачынны фонд дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Память Афгана».

8. Упраўленне жыллёвай палітыкі мінгарвыканкама

У раёне Ракаўскага прадмесця у асноўным захавалася мураваная забудова канца XIX -пачатку XX стагоддзя. Але адзін з будынкаў (вуліца Ракаўская, 14), у якім зараз знаходзіцца ўпраўленне жыллёвай палітыкі мінгарвыканкама, датуецца XVIII стагоддзем. Гэта адна з камяніц кляштара кармелітаў, які быў закладзены ў 1703 годзе з ахвяраванняў мінскага стольніка і падстарасты Тэадора Антонія Ваньковіча.

9. Корпус 2-й гарадской клінічнай бальніцы

Самы стары будынак у раёне Траецкай гары – адзін з карпусоў былога кляштара базыльянак, які быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя па праекту архітэктара Крамера. Зараз гэта адзін з карпусоў 2-й клінічнай бальніцы, які выходзіць да ракі Свіслач. Калі ісці ад Кафедральнага сабора, яго можна пабачыць па правым боку вуліцы Багдановіча.

10. Будынак мінскіх губернскіх устаноў

Сённяшні будынак абласнога аб’яднання прафсаюзаў па Плошчы Свабоды, 23, а раней будынак мінскіх губернскіх устаноў быў пабудаваны даволі позна – у 40-х гадах XIX стагоддзя. Але калісьці на гэтым месцы існаваў кляштар базыльянаў, які быў узведзены ў першай палове XVII стагоддзя. Існуе меркаванне, што фрагменты яго муроў увайшлі ў будынак губернскіх устаноў. Яно падмацоўваецца дайшоўшым да нашых часоў праектам мінскага губернскага архітэктара Казіміра Хрышчыновіча, у якім кляштар базыльянак павінен быў быць умураваны ў новы будынак. У пачатку XIX стагоддзя тут дзейнічала мінская гімназія, у якой ў розныя часы вучыліся кампазітар Станіслаў Манюшка, гісторык і краязнаўца Аляксандр Ельскі, літаратар Ядвігін Ш і інш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)