Общество
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»

Юрый Зісер пра словы Лукашэнкі аб сабе: «Я не ўяўляю, як можна кантраляваць усіх яўрэяў»

Падчас штогадовага звароту да парламента Аляксандр Лукашэнка пагрозліва выказаўся аб уладальніку партала TUT.BY Юрыю Зісеру.

Маўляў, яго ніяк не атрымліваецца «нармалізаваць», хоць даручэнне «усіх габрэяў узяць пад кантроль» ужо даўно дадзенае старшыню Мінскага аблвыканкама Сямёну Шапіру.

«Наша Ніва» датэлефанавалася Юрыю Зісеру. Але ён пакуль не змог ніяк пракаментаваць словы Лукашэнкі.

«Я ў Амстэрдаме, нічога яшчэ не чуў, вы мяне здзівілі. Я знаёмы з Шапірам і ў нас добрыя адносіны, аднак аб тым, што ён нейкага там павінен узяць пад кантроль па этнічнай прыкмеце — упершыню чую. Прылячу дадому — там разбярэмся».

Пазней у каментары TUT.BY Юрый Зісер заявіў: «Безумоўна, самыя розныя чыноўнікі, у тым ліку і Шапіра, даюць нам рэкамендацыі і выказваюць сваё меркаванне або незадаволенасць адносна нашых матэрыялаў. Гэта ў нашай дзяржаве ў парадку рэчаў.

Але я сабе не ўяўляю, як можна кантраляваць ўсіх яўрэяў. Бо яны не з'яўляюцца нейкі арганізацыяй. Іх у нашай краіне дзясяткі тысяч. Мы, вядома, слухаем думкі гэтых людзей. Але ўсе рашэнні прымаем самастойна, зыходзячы з нашай рэдакцыйнай палітыкі», — сказаў ён.

Вось відэа выказвання Аляксандра Лукашэнкі:

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)