Общество
Юрась Ускоў, «Наша Ніва»

Удзельнікам масоўкі фільма «Авель» забаранілі крычаць «Жыве Беларусь!»

У Мінску на плошчы Незалежнасці пачаліся здымкі першых сцэнаў фільма «Авель».

У іх мусяць быць адлюстраваныя масавыя пратэсты 2010 года супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Дзеля гэтага на плошчы сабралі некалькі соцень студэнтаў масоўкі.

Перад пачаткам здымак перад масоўкай выступіў памочнік рэжысёра, які прадставіўся як Віталій. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што нельга ні ў якім разе крычаць «Жыве Беларусь!»

«Зразумейце, гэты фільм здымаецца не на аснове рэальных падзей, — казаў ён. — Таму ніякіх «Жыве Беларусь!» быць не павінна».

Але які ж мітынг пратэсту без лозунгаў? Масоўцы дазволілі крычаць «Мы протів!» і «Что-то не так!»

— Нічога палітычнага крычаць не трэба, дзеянне адбываецца ў невядомай краіне, — памочнік рэжысёра Віталь занепакоены і дае інструкцыі масоўцы, якая базуецца ў галоўным корпусе Белдзяржуніверсітэта. — Вы, галоўнае, улічыце, што на здымках будзе кактэйль Молатава, не набліжайцеся да «міліцыі», бо калі хто-небудзь атрымае дубінкай, праблем не абярэмся.

У Мінску здымаюць фільм «Авель» — нацыянальны кінапраект. Гэта гісторыя двух братоў, дзеянне якой адбываецца ў сучаснай Беларусі.

Частка сюжэту – падзеі 2010-га. Цягам чатырох дзён у Мінску па начах здымаюцца сцэны Плошчы-2010, масавых пратэстаў, пры ўдзеле масоўкі і каскадзёраў з шасці краінаў.

Здымкі мусілі пачынацца а сёмай вечара і цягнуцца 12 гадзінаў — у першы дзень мусяць здымаць абарону Дома ўрада ад мітынгоўцаў. Што праўда, без сцягоў і лозунгаў, затое з кактэйлем Молатава. У выніку а 19-й пра здымкі сведчыць толькі фургончык з надпісам «Авель», доступ ва ўсе зоны». Масоўка грэецца ў галоўным корпусе БДУ, а акцёры — ў Педуніверсітэце, куды ні журналістаў, ні масоўшчыкаў не пускаюць.

Дзеянне пачынаецца а 21-й гадзіне з інструкцыі: «Жыве Беларусь!» не крычаць, затое можна крычаць «Что-то не так!». Як пакажа практыка, масоўка будзе крычаць што нешта сярэдняе паміж «Урррааа!» як на святочным салюце і разрозненымі выкрыкамі «Дынама!» і, чамусьці, «Каштан».

Сярод невялікага натоўпу (задзейнічаны не ўсе 500 чаплавек, дублі робяць розныя групы) бачныя ціхары, якія журналістаў да Дома ўраду не пускаюць. «Тут «Наша Ніва» стаіць — нечакана для журналістаў «НН» перамаўляюцца па рацыі. У рэшце рэшт, падпускаюць бліжэй.

Масоўка, якая падыходзіць да Дома ўраду здалёк нагадвае атрад кіеўскіх цітушак, аднак пры набліжэнні, болей падобна на публіку масавых гулянняў — у асноўным гэта студэнты, некаторыя з дзяўчат прыйшлі на абцасах, сярод натоўпу бачныя і прафесійныя масоўшчыкі — людзі ў веку, якія маюць хобі здымацца ў кіно, не зважаючы на тое, што масоўка на «Авелі» не аплочваецца.

«У атаку не ісці», — жартам суцішае масоўку намеснік рэжысёра.

«А мы можам і ў атаку» — жартуюць масоўшчыкі.

«Не трэба, гэта не міліцыя, а акцёры», — кажа намеснік.

У рэшце рэшт на пляцоўцы з’яўляецца прадзюсар Сяргей Ждановіч і тлумачыць, што ад бел-чырвона-белых сцягоў адмовіліся, бо фільм не дакументальны, не пра палітыку, і ўвогуле сцэна Плошчы не будзе доўжыцца болей за пяць хвілін.

«А пра што фільм? Я ўвогуле не разумею» — перагаворваюцца ціхары.

Усім відавочна холадна.

«Чаму яны па Плошчах летам не ходзяць?» — скардзіўся памочнік рэжысёра. «А вы ў Ярмошынай запытайцеся», — прапануе нехта. Насамрэч, на вуліцы куды ніжэй за 20 градусаў, таму кожны дубль, на які адведзена 50 хвілін даецца ўсім з цяжкасцю. Першы раз — не атрымліваецца, натоўп ідзе да «міліцыі», нехта размахвае «кактэйлем Молатава», аднак кідаць яго не рызыкуе — выглядае досыць камічна. Асабліва пад выгукі, якія працягваюць нагадваць «Ура!».

«Калі нас ужо заменяць?» — пытаецца ў кіношнікаў дзяўчына з масоўкі, якая прыйшла на высокіх абцасах, і мерзне болей за ўсіх — у астатніх ёсць магчымасць скакаць. — Тут страшна холадна».

З другога дубля, кактэйль ляціць у міліцыянтаў, у аднаго з іх гарыць шчыт з надпісам «міліцыя».

«Стоп знята, усе малайцы» — абвяшчаюць памочнікі рэжысёра, і тады пачынаецца сапраўднае дзеянне.

Замерзлая масоўка стартуе ад Дома ўрада да галоўнага корпуса БДУ, як быццам бяжыць на Алімпіядзе.

Унутры корпуса чакае другая палова масоўшчыкаў.

«Як вы тут апынуліся? — пытаюся ў хлопцаў, якія падыходзяць з пытаннем ці быў я ўжо на Плошчы». «А нас намеснік дэкана парпасіў, мы прыйшлі, ён харошы чалавек, — адказваюць яны. — Мы з коледжа сувязі». Таксама іх цікавіць, «ці можна там крычаць нешта непалітычнае, ці абавязкова палітычнае?».

Пытаюся — «да шостай ранку тут будзеце?».

«Ой, да шостай здымкі?» — перапытваюць яны, пасля кажуць. — «Нам абяцалі заўтра выходны, таму можа і застанемся. Галоўнае, не заснуць».

У гэты момант абвяшчаюць збор масоўкі — другая партыя ідзе змагацца з «АМАПам» і глядзець на «кактэйль Молатава», які здымаюць з некалькіх ракурсаў, у тым ліку з Дома ўраду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)