Падаткавікі і міліцыя ўварваліся на прэзентацыю кнігі ў Гродне

Урэшце Булгакаў аб’явіўся пасля трох гадзін затрымання: патэлефанаваў жонцы. З ягоных словаў, затрымлівалі яго падаткавікі.

Паводле відавочцаў, на прэзентацыі кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі»14 верасня прысутнічалі зусім невядомыя гарадзенскай беларускай грамадзе людзі. Яны зрабілі кантрольны закуп кнігі напачатку. А ў канцы прэзентацыі ўвайшла міліцыя, і людзі ў цывільным ужо ў адкрытую сталі патрабаваць ад Валера дакументы і пытацца, на якой падставе ён распаўсюджвае тут гэтую літаратуру. Пасля яны загрузілі ўсю літаратуру, якую ён прывёз, у свой аўтамабіль. Булгакава таксама пасадзілі ў машыну і павезлі ў Цэнтральную падатковую Гродна.

Як расказаў Булгакаў, у яго закупілі ўсе самыя палітызаваныя кнігі. Пры гэтым пазней, у часе складання пратакола, Булгакаву некалькі разоў паўтарылі, што гэта не палітычная, а руцінная падатковая справа. Булгакава здзівіла, што і прэзентацыю, і момант затрымання, і працэдуру афармлення пратакола здымалі на відэа. На відэа фільмавалі і вокладкі кніг. Акрамя падаткавікоў і міліцыянтаў, прысутнічалі асобы ў цывільным.

Усяго затрымана 194 асобнікі розных выданняў. Рэдактара «Arche» чакае суд па артыкуле Адм. кодэксу «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць», на якім будзе вырашана пытанне пра штраф і канфіскацыю кніг.

Прэзентацыя кніг адбывалася на Будзённага, 48а. «Саветызацыя Заходняй Беларусі» — гэта кніга гісторыка Яна Шумскага, напісаная на аснове ягонай доктарскай дысертацыі.

Акурат гэтымі днямі ў Гродне з крамаў канфіскавалі кнігу «Гродназнаўства», аднаго з яе аўтараў, Андрэя Чарнякевіча, звольнілі з Гродзенскага ўніверсітэта, а іншых зацягалі ў КДБ. Гэтыя падзеі пазначаюць новы этап у паляванні на вядзьмарак у нашай краіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)