«Страшны чалавек» Бакіеў у Мінску? (фотафакт)

На радзіме Джаныбека Бакіева, брата зрынутага прэзідэнта, вінавацяць у масавых забойствах.

У пятнiцу ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Маркса, дзе месціцца будынак Адміністрацыі прэзідэнта, быў заўважаны чалавек, падобны да Джаныбека Бакіева, брата зрынутага прэзідэнта Кыргызстана.

Яго фота апублікаваў на сваім акаўнце ў Фэйсбуку Міхась Пашкевіч. Як адзначыў аўтар фота, гэты чалавек у суправаджэнні землякоў шпацыраваў недалёка ад кавярні «Грунвальд». Яго спадарожнікам не падабалася, што іх фатаграфуюць.

Курманбек (другі злева) і Джаныбек (трэці) Бакіевы ў часе красавіцкіх падзей 2010-га

Прысутнасць Джаныбека ў Беларусі аспрэчвалася яго братам і не пацвярджалася на афіцыйным узроўні. Дзейны прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атанбаеў назваў Джаныбека «страшным чалавекам».

Паводле яго словаў, менавіта Джаныбек падчас красавіцкіх падзей 2010-га кіраваў расстрэлам дэманстрантаў, прычым даў снайперам загад цаляць у галаву і ў грудзі.

У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот. Падчас штурму будынка ўрада ў Бішкеку і далейшых беспарадкаў загінулі каля 90 чалавек і 1,5 тысячы былі параненыя. На той момант прэзідэнт Бакіеў, яго брат Жаныш (Джаныбек), які ўзначальваў Службу дзяржаховы краіны і старэйшы сын Марат збеглі з краіны. На радзіме яны былі завочна абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб’яўленыя ў міжнародны вышук.

Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі.

Генпракуратура Кыргызстана двойчы звярталася ў Генпракуратуру Беларусі з запытам пра выдачу Бакіева і двойчы атрымала адмову.

17 кастрычніка 2011 года старшыня Дзяржкамітэта нацбяспекі Кыргызстана Кенешбек Душабаеў, адказваючы на пытанні дэпутатаў парламента, паведаміў, што Курманбек Бакіеў атрымаў у Беларусі палітычны прытулак. МУС Беларусі не раскрывае статус Бакіева.

Тое, што ў Беларусі знаходзіцца і Джаныбек, афіцыйна не пацвярджалася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)