Статут ВКЛ вярнуўся ў Беларусь (фота)
У Нацыянальным гістарычным музеі адбылася цырымонія перадачы Статута ВКЛ музею гісторыі Магілёва.
Падчас прэзентацыі вакол кнігі назіраўся сапраўдны ажыятаж. Кнігу не толькі актыўна фатаграфавалі, а нават рабілі з ёй “фота на памяць”. Зрэшты, ўбачыць каштоўнасць, якая захавалася ў добрым стане, здолелі ўсе жадаючыя.
Прамовіць урачыстае слова прыйшоў і міністр культуры Беларусі Павел Латушка.
Павел Латушка запэўніў удзельнікаў прэзентацыі, што краіна ніколі не ўпусціла б мажлівасць вярнуць Статут на Беларусь. Між тым дзяржаўныя сродкі на выкуп кнігі так і не былі выдаткаваныя.
Прысутнічалі на прэзентацыі і прадстаўнікі фірмы “Альпары”, якая ахвяравала большую частку грошай на тое, каб вярнуць каштоўны дакумент на Беларусь.
Нагадаем, арыгінальнае выданне Статута ВКЛ 1588 года на старабеларускай мове было выкуплена 5 чэрвеня ў прыватнага маскоўскага калекцыянера за 45 тысяч долараў.
На звесткі пра аўкцыён, на які быў выстаўлены унікальны дакумент, трапіў студэнт журфака БДУ Андрэй Радкоў на пачатку 2012 году. Ён і стаў ініцыятарам праекта вяртання кнігі ў Беларусь. Грошы на Статут збіралі літаральна ўсей Беларуссю. За 2 тыдні беларусы ахвяравалі 15 тысяч даляраў, астатняе аплаціла фірма “Альпары”.
Як вядома, у свеце захавалася толькі 60 асобнікаў Статута. Да сённяшняга дня ў Беларусі не было аніводнага арыгінальнага выдання старажытнага зводу законаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное