Политика

Пракурор папрасіў асудзіць Бандарэнку на тры гады агульнага рэжыму

Прысуд па справе Зміцера Бандарэнкі, даверанай асобы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саннікава, будзе абвешчаны 27 красавіка ў 10.30.

Па выніках спрэчак пракурор просіць пакараць Бандарэнку 3 гадамі зняволення. Сам абвінавачаны з гэтым не згодны, абарона патрабуе поўнага апраўдання палітвязня.

Бандарэнка назваў працэс палітычным і заявіў, што адзінага пляну на 19-га снежня ў кандыдатаў не было. Спадзяваліся на другі тур, паведамляе Радыё Свабода.

У судзе заслуханыя паказанні 13 сведкаў, начальнік ДАІ Мінску Дзмітры Карзюк, які таксама праходзіць у якасці сведкі па дадзенай справе, на паседжанне не з'явіўся. Сведкі, чые паказанні былі заслуханыя, з'яўляюцца супрацоўнікамі ДАІ, кіроўцамі гарадскіх аўтобусаў і маршрутных таксі, графік якіх быў зменены з-за руху калоны ўдзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года.

Зміцер Бандарэнка заявіў, што адчувае сур'ёзныя праблемы са здароўем, перадае interfax.by.

— У мяне абвастрылася язва, падагра, хвароба хрыбетніка, — сказаў Бандарэнка у судзе Першамайскага раёна Мінска.

Акрамя таго, паводле яго слоў, у яго назіраецца «частковы параліч правай нагі».

— За час знаходжання пад вартай маё здароўе пагоршылася. Аднак, у СІЗА да мяне нармальна ставіліся, мяне назіралі лекары, давалі таблеткі, — паведаміў Бандарэнка.

Бандарэнка ўражаны сквапнасцю Макдональдса. Ён лічыць, што недаатрыманы прыбытак — не шкода, перадае interfax.by.

— На гэтым маршруце руху калоны ёсць і іншыя прадпрыемствы, яны працавалі, ніхто ім не перашкаджаў. А некаторыя вырашылі, што ім замінаюць. Гэта на іх сумленні, на тое яны і камэрсанты, грошы ім не перашкодзяць, — сказаў Бандарэнка.

На судзе Бандарэнка абурыўся тым, што з верасня 2010-га ягоны тэлефон праслухоўваўся. Ён нагадаў, што ў ЗША за праслухоўванне тэлефонаў прэзідэнт Ніксан некалі атрымаў імпічмент, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле агенцтва interfax.by, на судзе Бандарэнка часткова прызнаў віну. Палітвязень прызнае сябе вінаватым ва ўдзеле ў «масавай акцыі, якая пацягнула перабоі ў працы грамадскага транспарту». Па астатніх пунктах абвінавачвання ён не лічыць сябе вінаватым.

Бандарэнка кажа, што прыйшоў на плошчу 19 снежня з ідэалагічных меркаванняў, для таго, каб падтрымаць свайго кандыдата. «Я не быў галоўнай дзеючай асобай, я быў побач з кандыдатам, але гэта крыху іншае», – цытуе абвінавачваемага Радыё Свабода.

Прадстаўнік абвінавачвання ўдакладніў, што Бандарэнка перашкодзіў працы прадпрыемстваў «БелЕвросеть», пункта абмену валюты, станцыі метро «Кастрычніцкая» і Палацу культуры прафсаюзаў.

Бандарэнку таксама вінавацяць у тым, што «праз Інтэрнэт заклікаў да ўдзелу ў акцыі на плошчы, выказваў надуманыя сцвярджэнні пра недэмакратычнасць выбараў і іх фальшаванне».

Прадстаўнік абвінавачання лічыць Бандарэнку вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку і непадпарадкаванні ўладам.

Зміцера Бандарэнку абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс вядзе судзя Таццяна Рывінская.

Як паведамляе Радыё Свабода, міліцыя праверыла рэчы ахвотных прысутнічаць на працэсе. Паводле журналістаў, у судзе не працуе мабільная сувязь. Суд праходзіць у маленькай залі – прыкладна на 20-25 чалавек. Некалькі шэрагаў займаюць чальцы праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ. На працэсе прысутнічаюць дыпламаты краінаў Еўрасаюза, а таксама бацькі журналісткі Ірыны Халіп – Уладзімер Халіп і Люцына Бяльзацкая. Не патрапілі на працэс палітыкі Віктар Івашкевіч і Лявон Баршчэўскі.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Зміцер Бандарэнка з’яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Бандарэнка быў арыштаваны ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года пасля правядзення акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)