Политика
Ілля Горын

«Пакуль Абаму не забілі»

Някляеў прадбачыў развагі Лукашэнкі аб лёсе Абамы.

У красавіку 2009-га паэт Уладзімір Някляеў на працягу тыдня быў грамадскім рэдактарам «Радыё Свабода». У адзін з дзён ён падзяліўся са слухачамі вершам, які, як адзначыў будучы кандыдат на пасаду прэзідэнта, «нядаўна неяк сам па сабе напісаўся».

— Даволі дзіўны верш, — дадаў тады Уладзімір Пракопавіч.

Сёння, улічваючы інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі газеце The Washington Post, у якім ён перасцерагае Абаму ад лёсу Кэнэдзі, гэты верш гучыць як ніколі актуальна.

ПАКУЛЬ АБАМУ НЕ ЗАБІЛІ

Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы шанец не згубілі
Грахі прад Богам замаліць,
І ўсіх, каго мы не любілі,
Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы можам палюбіць.

Пакуль, як на клавіятуры,
Сьвет беласкуры, чорнаскуры
(Чаму і музыка гучыць),
Мы можам не спраўляць хаўтуры
Па сьвеце, і псалмы і суры
Адной малітваю лучыць.

Пакуль Абаму не забілі,
Яшчэ мы шанец не згубілі
У храмах сьвечкі запаліць.
Заб’юць Абаму —
рухнуць храмы,
І Бог памрэ, і цень Абамы
Над Богам будзе галасіць.

***

“Зразумела, гэта ніякае не прароцтва (дай Бог Абаме здароўя і доўгіх гадоў!), а тым больш не экстрэмізм ці заклік да яго. Гэта неадчэпнае ў апошнія месяцы прадчуваньне нейкай сусветнай катастрофы.

Я нават бачыў сон з такім сюжэтам: у Пакістане вырабілі партатыўную атамную бомбу, нехта яе ўкраў і выбухнуў у Амерыцы, якая ня змусіла сябе доўга чакаць з адказам…

Вайна ў тым сне не зачапіла Беларусь.

Чаму?..

Таму што я люблю яе больш за ўсё на сьвеце, больш за ўвесь астатні сьвет — і Бог, які пасылае нам сны, не рашыўся на тое, каб у мяне Беларусь адняць.

Чаму ж тады адымаюць у мяне Беларусь іншыя?..

Тыя, якія адымаюць у мяне беларускую мову, культуру, гісторыю, памяць?..

Яны вышэй за Бога? Ці ў іх Бога няма?.. Ці ў іх няма Бога толькі беларускага?..

Я не хачу, каб Абаму забілі.

Я не хачу, каб нехта ўкраў і скарыстаў бомбу. Ні ў Злучаных Шатах Амэрыкі, ні дзе-небудзь яшчэ.

Я хачу, каб Бог не дапусьціў гэтага, каб не было катастрофы.

Я хачу, каб быў Ён, беларускі Бог, і каб ва ўсіх нас быў увесь сьвет і была Беларусь”, — паведаміў у эфіры Радыё Свабода ў 2009-м Уладзімір Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)