Общество
Анастасія Зелянкова

«Вось і думаю зараз: хто ж у маім лёсе Рыгор Барадулін?!»

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін 24 лютага адзначае 75-годдзе. На жаль, у гэты дзень любімы ўсімі пісьменнік знаходзіцца ў бальніцы. І ўсё ж хочацца спадзявацца, што чалавек, які валодае такой унутранай сілай і прагай да жыцця, адолее і гэтае выпрабаванне. А паколькі сам дзядзька Рыгор з’яўляецца жыццярадасным чалавекам з надзвычайным пачуццём гумару, хочацца ў гэтае свята прыгадаць менавіта вясёлыя і светлыя гісторыі з жыцця паэта і ягоных сяброў.

Як Бураўкін Барадуліну жонку сасватаў

Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін сябруюць яшчэ з універсітэцкіх гадоў.

Фота Радыё Свабода

— Пачынаючы з 1954 года, калі мы паступілі ва універсітэт і па сённяшні дзень мы разам, — расказаў “Салідарнасці” Генадзь Бураўкін. — Фактычна мы сведкі жыцця адзін аднаго. Рыгор быў саўдзельнікам нашага з жонкай камсамольскага вяселля. Памятаю, як добра ён вытанцоўваў там. Барадулін — знаны танцор! Потым і мы ўжо былі на ягоным вяселлі.

Дарэчы, як высветлілася, будучую жонку Барадуліну “ўдружыў” менавіта ягоны сябар.

— У нас быў традыцыйны вечар сустрэчы з першакурснікамі ў Тэатры оперы і балета, — расказвае Бураўкін. — А мы з Рыгорам лічыліся універсітэцкімі паэтамі, рэгулярна чыталі са сцэны вершы. Так было і тады. І вось пасля афіцыйнай часткі пачыналіся танцы. Першакурсніцы, убачыўшы мяне, адразу абступілі. Сярод іх была і Валя – будучая Рыгорава жонка. Аб’явілі нейкі танец, і дзяўчаты прапанавалі мне станцаваць. Я не вялікі быў майстар па гэтай частцы. Да таго ж ужо сустракаўся з Юляй і ўвесь вечар выглядаў яе, а тут якраз яна недзе мільганула. Ну і мне, зразумела, было ўжо не да танцаў з гэтымі першакурсніцамі. А тут якраз падышоў Рыгор. Я з радасцю падхапіў яго і кажу дзяўчатам: “Во гэта сапраўдны танцор!” Словам так атрымалася, што падвёў яго менавіта да Валі. Не ведаю, што было далей, бо я адразу ж уцёк. Але пасля таго вечара Рыгор стаў мець вялікую слабасць да Валі.

Фота Еўрарадыё

Выконваць ролю Гіменэя Бураўкіну даводзілася яшчэ неаднойчы.

— Мне часта па-сяброўску прыходзілася мірыць Рыгора з Валяй. Рыгор сапраўды вельмі эмацыянальны, парывісты, я не кажу ўжо пра яго востры язычок, таму здараліся і канфлікты. І потым ён сам прасіў, каб я дапамог ім наладзіць адносіны. Што рабіць? Шукаў у інтэрнаце нейкі зацішны куток, куды заводзіў іх і пакідаў удвух. Пасля ўсё наладжвалася.

Чужыя “чувіхі” класікаў

Многія выдатна ведаюць песню Зміцера Вайцюшкевіча “Чувіха”, якую некалькі дзесяцігоддзяў таму прыдумалі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Аднак для многіх так і застаецца загадкай, пра якую ж “чувіху” пісалі класікі. — У той час мы з Рыгорам Барадуліным выпускалі перадачу на радыё, якая называлася “На калючай хвалі”, — успамінае Генадзь Бураўкін. — Вечарамі, нават начамі сядзелі і прыдумвалі розныя хохмы. Вось так адной ноччу мы і напісалі “Чувіху клёвую”, якую зараз спявае Зміцер Вайцюшкевіч. Вядома, пісалі жартам, на хаду, і нават не думалі, што верш дажыве да нашага часу і сённяшняя моладзь будзе так добра яго прымаць. Якраз тады толькі паявілася такое слова – “чувіха” і мода гуляць “па Брадвеі” – па цэнтральных вуліцах. Пачалі з’яўляцца нейкія такія хлопцы і дзяўчаты, якія не ўпісваліся ў прывычныя камсамольскія рамкі. Вось і пісалі мы пра гэтых чужых “чувіх”. У мяне ж была жонка, а ў Рыгора Валя, таксама будучая жонка. Так што сваімі чувіхамі мы не паспелі абзавесціся.

“Девчонка” і кабель

Пра тое, што дзядзька Рыгор заўсёды меў востры язык, ведаюць многія. Неаднаразова пад ягоны хлёсткі радок траплялі і калегі-літаратары — экспромты, пародыі і эпіграмы проста сыпаліся з Барадуліна.

— Аднойчы давялося яму выязджаць на адно мерапрыемстве ў складзе вялікай літаратурнай брыгады, — успамінае Генадзь Бураўкін. — Сярод паэтаў там быў і вядомы Леў Ашанін, чыя песня “А у нас во дворе есть девчонка одна” гучала ўсюды. А Барадулін заўсёды з’яўляўся душою кампаніі. І падчас аднаго такога застолля, разышоўшыся не на жарт, Рыгор выдаў бліскучую і крыху злосную пародыю:

А у нас во дворе

Есть кобель в конуре,

Всех иных кобелей

Он милей и белей.

Невядома, ці пакрыўдзіўся сам Ашанін, але ўся літаратурная кампанія з задавальненнем падхапіла гэтую пародыю, і потым да канца паездкі гэтая песня гучала толькі ў такім выглядзе.

Барадулін і “Напалеон”

Сёння Рыгора Барадуліна можна назваць адным з самых цвярозых паэтаў. “Людзі столькі не жывуць, колькі я не п’ю”, — прызнаўся ён неяк у інтэрв’ю “Комсомольской правде в Белоруссии”. Аднак так было не заўсёды: у бурлівай маладосці пра разгульнае жыццё Барадуліна хадзілі цэлыя легенды. Частымі ягонымі сябрамі па гэтай справе былі Уладзімір Караткевіч і Анатоль Вялюгін. Прычым, як успамінае паэт, пілі тады “да покату” і ўсё, што толькі п’ецца. А вось смак французскага каньяку “Напалеон” так і застаўся для Барадуліна загадкай.

“Самае крыўднае, што за ўсё п’янае жыццё не запомніў смак каньяку “Напалеон”, паколькі звычайна пілі яго пасля ўсяго — гарэлкі, спірту, самагонкі, моцнага віна, — успамінаў у інтэрв’ю газеце паэт. — І вось я ведаю, што піў “Напалеон”, але які ён на смак — хоць забі не памятаю!..”

Гэта не адзіны “Напалеон”, які прайшоў міма паэта.

“Мы тады жылі ў “хрушчоўцы”, і я вырашыла спячы торт “Напалеон”,— успамінае жонка Барадуліна Валянціна. — Рыгора дома не было. А паколькі кухня маленькая, лісты для торту паклала на канапе ў пакоі. Зразумела, завазілася. Раптам званок у дзверы — заходзяць два невядомыя чалавекі, уносяць майго мужа і ўкладваюць прама на гэтыя лісты!

Карацей, не давялося Барадуліну паспытаць смак і гэтага “Напалеона”.

За што Барадулін не любіць міліцыю

З той жа самай пары цягнуцца і асаблівыя адносіны паэта з прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

“Я тады працаваў у часопісе "Бярозка" і якраз атрымаў першыя адпускныя, — успамінаў Барадулін. — З гэтай нагоды купіў гарнітурчык і пайшоў увечары перакусіць у рэстаран "Лета". Там амаль нікога не было — толькі сядзеў адзін журботны міліцыянер. Мне стала шкада яго, і я прапанаваў яму далучыцца. І што вы думаеце?! Прачнуўся ў медвыцвярэзніку — з адарваным рукавом майго новага пінжака і без адпускных! Менавіта з тых часоў у мяне нелюбоў да міліцыі”.

Запавет Быкава

Вельмі шчырае і вялікае сяброўства звязвала Барадуліна з Васілём Быкавым. Па словах Генадзя Бураўкіна, Быкаў часта і без усялякага пафасу называў Барадуліна “салавейкам беларускім”. Ды і сам паэт неаднаразова казаў, што ў жыцці яго было тры вялікія любові: “Бог, мама і Быкаў”.

Фота naviny.by

Барадулін часта ўспамінае гісторыю яго знаёмства з пісьменнікам. Гэта адбылося падчас яго працы ў газеце «Советская Белоруссия», калі паехаў у Гародню ў камандзіроўку.

“Памятаю, я тады прамачыў ногі, і Васіль завёў мяне дамоў, напаіў гарбатай і абуў у сухое. Дарэчы, якраз у той прыезд ён падарыў мне зборнік «Ад шчырага сэрца» з вершамі беларускіх пісьменнікаў, прысвечанымі Сталіну. Сказаў: «Чытай, вучыся і не паўтарай памылак старэйшых!»

Як Барадулін маскоўскую кар’еру Някляева “загубіў”

Палову са сваіх 75 гадоў Рыгор Барадулін сябруе з паэтам Уладзімірам Някляевым. І, як аказалася, менавіта ён і адыграў найвялікшую ролю ў лёсе свайго маладзейшага калегі.

Фота з архіву Уладзіміра Някляева. Здымак зроблены год таму ў той жа бальніцы, дзе аказаўся Рыгор Барадулін напярэдадні свайго юбілею

— У 1969 годзе я адправіў рукапіс сваёй першай кнігі ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое тады вельмі ўдала размяшчалася насупраць уваходу ў рэстаран "Мінск", — расказаў “Салідарнасці” Уладзімір Някляеў. — Гады праз тры, калі рукапіс памурыжылі і засяклі, я вырашыў з’ехаць у Маскву, дзе рыхтавалася да выдання мая кніга на рускай мове (там яе ніхто не сек). Я вучыўся ў Маскве ў Літаратурным інстытуце, мяне бралі на працу на цэнтральнае тэлебачанне — карацей, у Маскве ў мяне усё было добра.

У дзень ад’езду малады паэт прыйшоў забраць рукапіс з “Мастацкай літаратуры” і нечакана сутыкнуўся з Барадуліным.

— Ён, сустрэўшы мяне на вузкай нейтральнай паласе паміж выдавецтвам і рэстаранам, сказаў, што, калі ўжо я назаўжды з’язджаю, дык трэба і развітацца па-чалавечы, — успамінае паэт. — Сам жа Барадулін тады ўжо не піў, таму прыйшлося мне развітвацца за дваіх — і ў выніку не змог я адужаць зусім недалёкі шлях ад рэстарана да вакзалу, у іншую будучыню.

Так лёс з лёгкай рукі Барадуліна і пакінуў Някляева на Беларусі. Барадулін жа аддаў рукапіс маладога паэта на паўторную рэцэнзію. У выніку на тытульным лісце рукапісу з’явіўся надпіс: "Калі выдаваць першыя кнігі вершаў, дык такія". І подпіс: Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі.

— У тыя часы вярнуць рукапіс да жыцця мог толькі той, чый аўтарытэт быў вышэй за аўтарытэт рэцэнзента, што “зарубіў” кнігу, а такім аўтарытэтам валодалі толькі народныя паэты, — адзначае Уладзімір Някляеў. — Барадулін хацеў аддаць рукапіс яшчэ і Аркадзю Куляшову, але вырашылі, што двух народных паэтаў на аднаго ненароднага рэцэнзента будзе залішне. Тым больш што да рэцэнзента я добра ставіўся, і яго рэцэнзія на адносіны не паўплывала. Можа, толькі крыху, калі ён прызнаўся, што яму сказалі, якую напісаць рэцэнзію. Маўляў, раз здабываецца Някляеў у Маскве, дык няхай у маскалёў і выдаецца.

Усё скончылася тым, што забраў паэт з маскоўскага выдавецтва рукапіс. Неўзабаве стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, затым яго старшынёй.

— Вось і думаю зараз: хто ж у маім лёсе Рыгор Барадулін?!

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)