Андрэй Бандарэнка: «Гэта палітычная замова»
6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці — такі прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Равінская прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку, якога судзілі ў Першамайскім судзе Менску.
Выслухаўшы прысуд моўчкі, Андрэй Бандарэнка дазволіў сабе адказаць пытаньнем на традыцыйнае пытаньні судзьдзі:
Судзьдзя Равінская: «Зразумелы прысуд, абвінавачаны?»
Бандарэнка: «А вам?»
Судзьдзя Равінская: «Судовае паседжаньне закрытае».
Карэспандэнт: «Андрэй, што вы скажаце?»
Бандарэнка: «Што тут можна сказаць? Чарговая палітычная справа на замову».
Карэспандэнт: «Ці будзеце абскарджваць прысуд?»
Бандарэнка: «Канечне, хаця колькі можна з гэтым змагацца?»
Карэспандэнт: «Як вас утрымліваюць?»
Бандарэнка: «Вельмі цяжка».
Міліцыянт: «Залю вызваліце, калі ласка».
Андрэй Бандарэнка прызнаны вінаватым у завалоданьні праз махлярства грашыма будаўнічай фірмы «Беразіно». Акрамя 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, суд пастанавіў канфіскаваць усю ягоную маёмасьць, абавязаў вярнуць фірме «Беразіно» 124 мільёны рублёў і заплаціць судовыя выдаткі. Прысуд уступіць у сілу ўжо праз 10 дзён, калі Бандарэнка яго не абскардзіць. Аднак прадпрымальнік цьвёрда заявіў, што будзе абскарджваць прысуд і дамагацца апраўданьня.
Ён разумее, што справа на замову і ніхто яго не адпусьціць. Замова ёсьць замова.
Бацька асуджанага Валер Бандарэнка, праўда, ня верыць, што нечага ўдасца дамагчыся:
«Ён разумее, што справа на замову і ніхто яго не адпусьціць. Замова ёсьць замова. І пры гэтай сыстэме, падобна, нічога не дамагчыся. Канечне, будзем падаваць скаргу, але цяжка зараз верыць, што будзе нейкая справядлівасьць».
Падтрымаць Андрэя Бандарэнку прыйшлі ягоныя аднадумцы па Аб’яднанай грамадзянскай партыі — яе лідэр Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні партыі Аляксандар Дабравольскі, вядомы палітык Валянціна Палевікова. Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што датэрміноваму вызваленьню Андрэя Бандарэнкі можа садзейнічаць прызнаньне яго вязьнем сумленьня:
«Ёсьць, праўда, пэўная праблема. Калі чалавек займаўся бізнэсам, то праваабарончыя арганізацыі ставяцца да такіх выпадкаў з асьцярожнасьцю. Але, мяркую, і ў іх сумленьне мы разбудзім. Бо некаторыя думалі, а раптам ён сапраўды нешта скраў? Зараз былі на працэсе назіральнікі і ад Беларускага Хэльсынскага камітэту, яны бачылі ўвесь працэс, і, мяркую, у іх цяпер няма сумненьняў у тым, што Андрэй Бандарэнка не вінаваты. Мы разьлічваем на іх дапамогу і супрацоўніцтва».
Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Першы раз яго прызналі вінаватым у крадзяжы маёмасьці праз злоўжываньне службовым становішчам і далі 7 гадоў зьняволеньня. Той прысуд вынес судзьдзя Леанід Ярмоленкаў, але 15 сьнежня 2009 году ягонае рашэньне было адмененае Менскім гарадзкім судом. Справу адправілі на перагляд у той жа Першамайскі суд Менску. Цяпер у судзе зьмянілі кваліфікацыю дзеяньняў прадпрымальніка — з крадзяжу праз злоўжываньне службовым становішчам на крадзеж праз махлярства. Андрэй Бандарэнка сваёй віны і гэтым разам не прызнаваў і тлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай яму за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году і за тое, што не пагадзіўся з вынікамі галасаваньня і спрабаваў іх абскардзіць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное