Политика
Юлія Аляксандрава

Севярынцу і Рымашэўскаму адмовілі ў задавальненні іска да БТ

22 студзеня адбыўся судовы працэс сустаршыняў аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя (БХД) Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага супраць Белдзяржтэлерадыёкампаніі і аглядальніка Першага канала Андрэя Крывашэева. Па выніках пасяджэння – адмовіць у задавальненні іска.

– Аргументацыі ад суддзі не прагучала нягледзячы на тое, што мы тры гадзіны пасекундна разглядалі раскадроўкі, глядзелі, колькі разоў за сюжэт мой твар з’яўляецца на экране і які бруд у гэты час ідзе ў якасці гукавога суправаджэння, – распавёў «Салідарнасці» Павал Севярынец. – Фармулёўка адказу была такой, быццам чалавек проста выконвае загад. Кораценька: «адмовіць» і ўсё.

Калі папярэднія слуханні скончыліся, суддзя ўзяла адпачынак, пасля якога быў абвешчаны прысуд.

– Былі разабраныя ўсе прэтэнзіі, прагучалі пісьмовыя адказы, – паведаміў прыкладна ў 14.00 Севярынец. – Суддзя не звяртае ўвагі на тое, што мы з Віталём Рымашэўскім з’яўляемся сустаршынямі і заснавальнікамі БХД. Яна ўсяляк пазбягае гэтага факту. Да таго ж, яна ў пачатку судовага працэса забараніла відэа— і фотаздымку, хаця працэс адкрыты. І гэта пасля сюжэта, які быў паказаны на ўсю краіну!

Сам Крывашэеў на паседжаньне не з’явіўся, але бакі пагадзіліся разглядаць справу без яго. Інтарэсы БТ у судзе прадстаўляюць юрысты.

– Мы не маем ілюзій, – дзеліцца сваімі адчуваннямі Севярынец. – Мы ўсведамляем, што суд і Белтэлерадыёкампанія – гэта часткі адной машыны. Але як вернікі мы верым у тое, што прыйдзе час, калі ў нас будзе сапраўды справядлівы суд і матэрыялы паседжання будуць перагледжаныя.

Паводле словаў палітыка, падтрымаць яго і Віталя Рымашэўскага прыйшло каля трыццаці чалавек: заснавальнікі БХД, прадстаўнікі арганізацыіі «Моладзь БНФ», журналісты.

Як паведамляе «Радыё Свабода», патрабаванні Паўла Севярынца засталіся ранейшымі: прызнаць сюжэт Крывашэева, які БТ паказала летась 27 верасня, паклёпніцкім, даць абвяржэнне і спагнаць з адказнікаў па 50 мільёнаў рублёў.

Сустаршыні БХД збіраюцца абскарджваць рашэнне суда. Да таго ж, 26 студзеня, у тым жа судзе Першамайскага раёна будзе разглядацца справа яшчэ аднаго сустаршыні БХД Георгія Дмітрука да Белтэлерадыёкампаніі ў звязку з сюжэтам, які з’явіўся ў пачатку снежня і ўтрымліваў на яго паклёп

– БХД супраць БТ: суды працягваюцца, – падводзіць вынік Севярынец. – Зразумела, што ў новай Беларусі мы запатрабуем гэтую справу перагледзець і ўстанавіць справядлівы вынік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)