В мире
Руслан Гарбачоў, фота аўтара і Змітра Веліча

Як я правёў адпачынак у Таджыкістане (фота)

Журналіст «Салідарнасці» разам з сябрам праехаў аўтаспынам Таджыкістан і не толькі застаўся жывы, але займеў там братана, атрымаў дапамогу ад супрацоўнікаў агенцтва па кантролю за наркотыкамі і паспрабаваў мясцовае піва «Сім-Сім».

Пакінулі Кыргызстан за спіною і перасяклі таджыкскую мяжу. Пасля памежнікаў нас чакалі супрацоўнікі Агенства па кантролю за наркотыкамі пры прэзідэнце Рэспублікі Таджыкістан. Яны дэталёва аглядзелі ўсе рэчы. Затым запрасілі на лаву за вагончык. Адзін з супрацоўнікаў сеў насупраць, другі збоку.

– Дзе праходзілі падрыхтоўку?

– Што?

– Дзе праходзілі баявую падрыхтоўку?

– Ды мы студэнты, аўтаспынам вось вандру…

– Ага. Экстрэмалы. Нядаўна адзін з Санкт-Пецярбургу тут праходзіў, таксама казаў аўтаспынам вандруе. А месяц таму яго знайшлі ў гарах забітым з аўтаматам у руках. Прымкнуў да банды, што прыйшла з Афганістана.

– Ды вы што! У нас жа нічога такога з сабою няма.

– У таго таксама не было. А пасля далі аўтамат. Дзе апошні раз былі за мяжой?

– У Літве, – чамусці прызнаўся я.

– Ага. Прыбалтыка. І кепка ў цябе, як ў латышскага стралка. Каліцеся, хто з вас снайпер?

Тут мы зразумелі, што допыт скончаны. Бо задавалі пытанні нам ужо з усмешкай. Паверылі…

***

Не толькі паверылі, але паколькі ўжо сцямнела, запрасілі на вячэру і ўладкавалі на начлег. Аднаму з мытнікаў прыйшлося вызваліць для нас свой пакой.

***

Толькі лічбы: 93% тэрыторыі Таджыкістана займаюць горы.

***

Паўдні прастаялі ў чаканні хоць якой-небудзь пустой машыны. Сказваецца стомленасць, стан робіцца прыгнечаным. Сур’ёзна падумваю над тым, каб даць па пысе лепшаму сябру.

***

Зміцер робіць намёк, што не супраць даць па пысе мне.

***

Усё сканчаецца добра – да вечара ўсё ж дабіраемся да першага для нас райцэнтра ў Таджыкістане – Джыргітала. Выглядае ён вельмі нават неблага. Згодна шыльдзе цэнтр пасёлка быў адбудаваны на амерыканскія грошы. Трапіўшы ў мусульманскі буйны пасёлак, захацелася адчуць мясцовы каларыт. Зайшлі ў сталовую.

– У вас ёсць што папіць?

– Гарэлка, каньяк.

***

Расул, гаспадар «гасцініцы» (дома з старымі ложкамі), начлег у якой каштуе 2 доллара з чалавека, скардзіцца: ваўкоў у нас шмат развялося, на сабак ужо кідаюцца. Пры Саюзе за забітага ваўка давалі 100 рублёў + барана. А цяпер нічога, бо і зброю мець жа забаронена. А Расул мог бы шмат карысці прынесці. Раней ён хадзіў на снежнага барса і бурага мядзведзя.

***

А падчас грамадзянскай вайны (1992-93 г.г.) Расул быў камандзірам батальёна. Узгадвае: у Джыргітале сканцэнтравалася шмат уцекачоў. З Душанбэ прыехалі вайскоўцы і сказалі: яны могуць вяртацца дадому. А па дарозе забілі 150 мужчын.

***

Апавяданне на ноч. Год таму у суседнім з Джыргіталам раёне быў такі выпадак. Мужык пайшоў позна вечарам у госці. Ваўкоў у той мясцовасці таксама шмат, таму ён захапіў з сабою аўтамат (рэха вайны). Калі мужчына вяртаўся дадому, была ўжо ноч. Убачыў лісіцу. Узрадаваўся, забіў звера і цягне дадому. Ідзе далей – ваўкі. Раніцай чалавека найшлі загрызеным. У гасцях нехта пасквапіўся на яго дабро і скраў з абоймы ўсе патроны акрамя аднаго.

***

Кітайцы ўжо ў Таджыкістане. Як і ў суседнім Кыргызстане яны будуюць дарогу, якая тут у самым жудасным стане, які можна сабе ўявіць.

***

Міліцыянеры, што пастаянна правяраюць у нас дакументы, хваляць нас, што прыехалі паглядзець іх краіну і пытаюцца: «Усё добра? Вас ніхто не крыўдзіў?».

У райцэнтры Гарм як толькі мы выйшлі на дарогу ў бок Душанбэ, у нас праверылі дакументы. Затым супрацоўнікі МУС Рэспублікі Таджыкістан правялі спецаперацыю. Нас спачатку даставілі на пост ДАІ, а затым з дапамогай жэзла пасадзілі на машыну, якая ішла да самай сталіцы.

***

Многія таджыкі носяць бароды і маюць дзіўныя прычоскі, таму спачатку падаюцца вельмі страшнымі людзьмі. Але калі пачынаеш з імі размаўляць (натуральна, на рускай), разумееш, што яны нармальныя людзі. Старэйшае пакаленне прайшло праз савецкае войска, таму мы маем шмат агульных тэм для размоў. Многія альбо служылі з беларусамі, альбо служылі ў Беларусі: Брэсце, Віцебску і нават у Асіповічах, дзе я нарадзіўся.

***

Калі перасоўваліся па Душанбэ на гарадскім аўтобусе, адчуў, што мой задні карман джынсаў аказаўся раскрытым. Аўтобус ехаў бітком, ззаду стаяў таджык у гарнітуры. Сумненняў не было: карманнік. Пачаў ўзгадваць, што ляжала ў кармане. Толькі папера з тэлефонамі. Крычаць не стаў: грошай ён не скраў, ды і не вядома чым мне абярнецца абвінавачванне – вакол жа адныя таджыкі. Гэтае адзінае злачынства, з якім мы сутыкнуліся за тыдзень праведзены ў Таджыкістане.

***

Таджыкскае піва. No comments.

***

Як выйшлі з Душанбэ, натыкнуліся на пост ДАІ і супрацоўнікаў агенства па кантролю за наркотыкамі. Адзін з апошніх пасадзіў нас на лаву, паабяцаў падсадзіць да якога-небудзь камазіста і пачаў размову.

«У нас, мусульман, усё жорстка. Вось пазбавіў дзяўчыну цнатлівасці, але не хочаш на ёй жаніцца. Дык яна заявіць у міліцыю, і табе дадуць 5 год. Таму ў нас усе баяцца. А ў вас што за гэта не садзяць?».

«Мы, хоць краіна небагатая, але ў нас ёсць буйны бізнес. Наркабізнес. Вось зараз будзеце праязджаць па дарозе і ўбачыце віллы. Дык гэта ўсё на грошы ад наркотыкаў пабудавана. Тут жа людзі таксама хочуць жыць, вось і зарабляюць як могуць».

***

Смс ад гэтага добрага чалавека насцігне нас ужо ва Узбекістане. Спачатку я не зразумею, хто гэта піша, але ён мне ўсё растлумачыць. Цытую: «Дима я с поста милтсонер шас ти каком городи братани». Хто не зразумеў, раблю пераклад: «Дзіма я, з паста міліцыянер. Зараз вы ў якім горадзе, сябры?».

***

Нас падсадзілі да кіроўцы КАМАЗа. З ім мы ехалі цэлы дзень. І цэлы дзень яго спынялі на кожным пасту ДАІ. Кіроўца выходзіў і ішоў з усімі вітацца за руку. Кожнаму трэба было адшпіліць грошай. Мы ўзгадалі: калі барацьбіт з наркотыкамі Дзіма вёў з намі размову, то не забываў свісцець праходзячым кіроўцам, што спыняліся на яго пасту – каб яны не забылі павітацца і з ім. Звычайная такса – 5 самомаў (трохі болей за доллар) на кожнага супрацоўніка ДАІ. А спыняюць яны на пасту літаральна ўсе машыны, жэзлам махаюць па чарзе – рука стамляецца.

Кіроўца КАМАЗа, з якім мы ехалі, адзначыў: каб праехаць ад Душанбэ да Худжанта і назад (гэта амаль 700 км) на хабар сыходзіць 40 долараў.

***

За дзень мы праехалі два перавалы (абодва – 3 370 м над узроўнем мора), прычым апошні, калі ўжо сцямнела. Кіроўца КАМАЗа пачуваў сябе ўпэўнена і спакойна, хоць, па-першае, «дарогу», па якой мы ехалі, дарогай назваць можна было з нацяжкай (адсутнасць нават грунта, суцэльныя яміны і пыл), а, па-другое, яна была такой вузкай, што калі мы разміналіся з сустрэчнымі грузавікамі, да края прорвы КАМАЗу заставалася менш за метр. Каб супакоіцца, мы вырашылі пацікавіцца.

– А часта грузавікі тут падаюць?

– Каля 100 машын за год. Зараз, на жаль, цёмна, а то б вы ўбачылі іх унізе, – адказаў са шкадаваннем у голасе кіроўца. – Ды гэта што – вось мінулай зімой тут недалёка пад лавінай за раз 60 чалавек загінула…

***

Гэта нам ужо на мяжы з Узбекістанам расказалі, што мы ехалі па адным з самых небяспечных месцаў. Але нягледзячы ні на што, людзі працягваюць там ездзіць. Новы знаёмы растлумачыў на пальцах. Сем’і ў Таджыкістане вялікія – мінімум 5 дзяцей. Каб пракарміць такую сям’ю трэба на месяц 3 мяшкі мукі. Адзін мех каштуе 100 самомаў. Такім чынам за тры трэба заплаціць амаль 70 доллараў. А сярэдні заробак у Таджыкістане – 40 доллараў. Вось вам і адказ, чаму дальнабойшчыкі рызыкуюць сваімі жыццямі, а таджыкі масава едуць працаваць у Расію.

***

Пасля двух перавалаў душа дальнабоя патрабавала адпачынку. У прыдарожным кафэ ён замовіў гарэлку. Каб кіроўцы дасталося менш, мы пагадзіліся скласці кампанію. У выніку выпілі дзве бутэлькі на траіх. Мы падумалі: прыехалі. Кіроўца быў іншага меркавання. Праз 10 хвілін ён нечакана звярнуў з асноўнай дарогі. Наперадзе быў пост ДАІ – ён вырашыў яго аб’ехаць. Па горнай рацэ. У прынцыпе было весела. Заўтра нас чакала мяжа з Узбекістанам.

Таджык, які перавёз нас праз два перавалы, з радасцю падтрымаў кампанію «Будзьма беларусамі!»

Чытайце ў наступнай серыі – УЗБЕКІСТАН: гарады з гісторыяй у 2 500 год Самарканд і Бухара, паездка на аўтобусе на 550 км за 2 долара; імя жанчыны, ад якой быў вымушаны бегчы з краіны баксёр Руслан Чагаеў; мы хаваемся з пакетам грошай і даем хабар міліцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)