40 подпісаў у гадзіну: як мінчане падпісваліся за бел-чырвона-белы сцяг

Сёння ў Менску каля ўнівэрсаму «Цэнтральны» праходзіць пікет па зборы подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Анлайн-трансляцыю з акцыі вядзе «Радыё Свабода» .

Акцыя пачалася а 12-й. Арганізатарам акцыі выступае лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Нагадаем, некалькі гадзінамі раней актывіста каля яго дома пільнавалі невядомыя. Тым не менш Дашкевіч змог трапіць на плошчу.

Да «Цэнтральнага» прыйшлі таксама паэт Уладзімір Някляеў, мастак Алесь Марачкін, дырэктар Коласаўскага ліцэя Уладзімір Колас, грамадская актывістка Ніна Багінская, Вольга Мікалайчык, акцёр Купалаўскага Алесь Малчанаў і іншыя.

Акцыя праходзіць пад пільным наглядам міліцыі. Рух на праспекце, ад Кастрычнікай да Леніна, перакрыты.

Як паведамляе «Наша Ніва», міліцыя складае пратаколы на тых, хто прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам. Так, пратаколамі «пакаралі» Ніну Багінскую і Алеся Марачкіна.

— Цікава, што калі проста збіраеш подпісы, ніхто пратакол не складае, а калі са сцягам, то складаюць. Гэта ж ганьба нейкая, — адзначыў Зміцер Дашкевіч.

Ён кажа, што яго радуе колькасць сабраных подпісаў. Прыкладна па 20 подпісаў збіраецца кожную гадзіну (Зміцер штодня збірае подпісы па тры гадзіны). Сёння ж, па словах Дашкевіча, хуткасць складае 40 подпісаў у гадзіну.

Ён спадзяецца, што калі улады проста не будуць складаць пратаколы за сцяг, гэта ўжо будзе добрым вынікам ад акцыі.

Актывісты плануюць збіраць подпісы да 19 кастрычніка (месяц), а потым перададуць іх у Мінкульт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)