Общество
Сямён Печанко

«Хутка ў мяне і зарплата будзе як пры Саюзе — 120 рублёў»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

«О, цэны як пры Саюзе!» — усміхаецца жанчына сваёй сяброўцы, трапіўшы ў супермаркет.

Па ўсёй краме з’явіліся новыя цэннікі: вялікімі лічбамі пазначаныя цэны ў дамінаваных рублях, ніжэй размясціліся пакуль яшчэ актуальныя лічбы.

— Ага, хутка ў мяне і зарплата будзе як пры Саюзе — 120 рублёў, — сумна жартуе сяброўка ў адказ.

***

— Федзя наш як быў прыжымісты, так і застаўся, — кажа пенсіянерака суседцы ў электрычцы.

— Прыжымісты?! Ды ён жмот! Снегу зімой не дапросішся...

— Ну, так. Але і цяжка яму. Ён жа зусім у грошах не арыентуецца. Прасіла пазычыць дзвесце тысяч, дык як уз’еўся: «Ты што, гэтая ж такія грошы!». А што ж цяпер гэта за грошы? Раз у магазін схадзіць.

***

Электрычка праязджае прыпынак «Мінскае мора», за вакном бачна ажыўленую дарогу на Маладзечна. Месцамі блізкую да трасы вуліцу засланяе высокі плот.

— Я нядаўна была ў Германіі, там амаль паўсюль так трасы адгароджаныя, нават калі да бліжэйшых жылых дамоў кіламетр, — тлумачыць немаладая жанчына жваваму дзядку навошта пры дарозе такі высокі плот.

— Германія, усё зразумела! Я вам так скажу: у Ганса заўсёды ў кішэні звініць — раней пфенінігі, цяпер еўры. А калі цябе завуць Іван, ці Мікола — то колькі па кішэнях рукамі не соўгай, там пуста будзе! — даводзіць дзядок такім упэўненым тонам, што на секунду ў галаве пасяляецца здрадніцкая думка: «Я ж нямецкую вучыў. А можа...»

***

— Расклад электрычак, расклад электрычак! На добрай паперы, вялікім шрыфтам!

Па вагоне сунецца жанчына з торбай гумовых пальчатак, аптэчных пластыраў і сродкаў ад камароў.

— Маладой чалавек, не сматрыце ў тэлефон! Пакуплялі яны тэлефоны і не хочуць у беднай жанчыны расклад купіць. Там жа нічога не відна, асобенна на сонцы, купі во лепш расклад! — жанчына злуецца на дзядзьку, якому нават да новай пенсіі засталося ўсяго нічога. Той усміхаецца і набывае два аркушыка з раскладам: «Другі жонцы аддам, вечна спазняецца...».

***

Заслаўскі дом культуры ўпрыгожылі да 9 мая

На гарадскім рынку, выцягнуўшыся ланцужком уздоўж павільёнаў, прадаюць расаду, закаткі і леташнюю бульбу пенсіянеры. Крайнія, нібы тыя сурыкаты з Animal Planet, трывожна ўглядаюцца кожны ў свой бок: ці не з’явяцца міліцыянты.

Побач на рэкламнай тумбе звешваецца набрынялы ад дажджу плакат, які запрашае на канцэрт у гонар 9 мая. Ён вось-вось адлепіца, але ніхто яго не чапляе назад. Старыя, што побач прадаюць свой няхітры тавар, займаюцца звыклай для іх пакалення справай — выжываюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)