Политика
Анастасія Зелянкова

Як Вячорка паспеў адсвяткаваць перамогу (дададзены фота)

Першы дзень з’езду Партыі БНФ так і не праясніў, хто будзе кіраваць партыяй у наступныя гады. Як паводзілі сябе прэтэндэнты падчас дэбатаў, хто з дэлегатаў прагаласаваў за бацьку і як Вячорка заўчасна адзначыў сваю перамогу — у рэпартажы “Салідарнасці”.

З першых жа хвілін з’езду складвалася ўражанне, што прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка партыі ўсяго двое: дэлегаты ганьбілі (ці, наадварот, ўхвалялі) дзеянні Вячоркі або Міхалевіча, цалкам забываючыся на Віктара Івашкевіча, які таксама вылучыў сваю кандыдатуру. Нават у справаздачы пра дзейнасць сваіх намеснікаў Вячорка, па поўнай праграме разносячы Міхалевіча, пра Івашкевіча толькі сціпла зазначыў, што не ўсё задуманае ўдалося.

Ды і сам кандыдат не праяўляў асаблівай актыўнасці. З усмешкай чэшырскага ката ён паслухмяна адседзеў у прэзідыуме ўвесь дзень і, дазволіўшы сабе хіба што некалькі хлёсткіх заўваг у нікуды, ціха сышоў.

Затое па поўнай праграме дасталася Міхалевічу.

— Я не ведаю пра партыйную дзейнасць Міхалевіча, — чарговы раз заявіў старшыня падчас справаздачы.

Адказваючы на гэты закід, Міхалевіч, адзначыў:

— За ўвесь час, што я знаходжуся на гэтай пасадзе, ад Вінцука Вячоркі я атрымаў толькі два даручэнні: ускласці кветкі да помніка ахвярам гета і знайсці траціну сродкаў на гэты з’езд. Калі б я абмежаваўся толькі гэтым, мая справаздача ўжо была б скончана, — парыраваў Міхалевіч, пералічваючы свае заслугі.

На думку Міхалевіча, такое стаўленне да яго з боку Вячоркі абумоўлена менавіта тым, што яшчэ на мінулым з’ездзе ён агучыў сваё жаданне балатавацца на пасаду старшыні, за што і трапіў у “апазіцыю”.

Ікалася ў гэты дзень і лідэру аб’яднаных дэмсілаў Аляксандру Мілінкевічу. Праціўнікі Міхалевіча, які ў сваёй праграме дэклараваў падтрымку былому кандыдату, грамілі Мілінкевіча па поўнай праграме.

— Не можа генерал кіраваць не сваім войскам, — ківалі дэлегаты на партыйную прыналежнасць былога кандыдата і абвінавачвалі яго ў развале такіх згуртаваных і вельмі аб’яднаных дэмсілаў.

А вось сярод заслуг Вінцука Вячоркі ўсе яго прыхільнікі называлі галоўнае: з ім партыя “перастала быць пудзілам для простых людзей”.

Выбар у дэлегатаў быў, па шчырасці, невялікі: альбо Партыя БНФ як адукацыйна-асветніцкая структура на чале з сённяшнім кіраўніком, альбо ў самотнай адзіноце на плошчы (менавіта такім, з двума сцягамі ў руках, быў адлюстраваны Івашкевіч на сваім агітацыйным матэрыяле і цалкам адпавядаў сутнасці апошніх акцый) альбо ў якасці рухавіку Мілінкевіча.

Першы тур галасавання паказаў, што партыя падзялілася практычна напалову. 107 галасоў было аддадзена за Вячорку, 104 — за Міхалевіча. Івашкевіч набраў 26 галасоў.

Другі тур таксама асаблівай яснасці не ўнёс.

— Што, за бацьку галасуеш? — кпілі з Франака Вячоркі навакольныя.

Менавіта сын і паведаміў першы свайму бацьку пра яго “перамогу”. Паводле дадзеных камісіі, Вячорка атрымаў 118 галасоў супраць 110 Міхалевіча.

Моладзь БНФ кінулася віншаваць старшыню. А сам ён нават паспеў даць інтэрв’ю, у якім выказаў сваю непрыхаваную радасць. Разважаючы наконт далейшых адносін паміж прэтэндэнтамі, Вячорка, канстатуючы невялікі разрыў з Міхалевічам, тым не менш заўважыў, што не збіраецца прапаноўваць яму пасаду свайго намесніка.

— Спіс намеснікаў ужо падрыхтаваны, — патлумачыў Вячорка, дадаўшы пры тым, што спадару Івашкевічу месца ў гэтым спісе знайшлося.

Аднак пазней высветлілася, што святкаваць перамогу рана. Як разгортваліся падзеі, чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)