Политика
Руслан Гарбачоў

«Жыў у Карлавых Варах, але ніколі не думаў заставацца за мяжой»

Экс-кандыдат у прэзідэнты-2010 Алесь Міхалевіч распавёў «Салідарнасці» пра першае, што яго здзівіла на радзіме, чым ён займаўся апошнія гады і як змог уцячы ад КДБ у 2011-м.

Раніцай у аўторак палітуцякач Алесь Міхалевіч здзівіў палітычна актыўных беларусаў, пакінуўшы запіс у Facebook: «Вяртаюся ў Беларусь». Пазней прыйшло паведамленне, што палітыка, які знаходзіцца ў вышуку па справе аб беспарадках 19 снежня 2010 года, знялі з цягніка Вільня-Мінск і затрымалі на мяжы. У другой палове дня Алеся Міхалевіча выпусцілі – ён застаецца пад падпіскай аб нявыездзе.

Званок ад «Салідарнасці» заспеў героя сённяшняга дня ў дарозе на Мінск.

– Што вы зрабілі па выхадзе ад памежнікаў?

– Для мяне стала абсалютнай нечаканасцю, што я свабодны. Пайшоў на аўтастанцыю і памяняў 15 еўра на беларускія рублі. Быў вельмі здзіўлены, што з’явілася новая купюра, якой я не ведаю. Затым чакаў, калі мяне забяруць сябры, калі мяне забярэ на сваёй машыне Юрась Губарэвіч (намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду»С.).

Фота са старонкі Юрася Губарэвіча ў Facebook

– Ці захаваўся за вамі статус палітуцякача ў Чэхіі?

– Пакуль яго забраць не павінны. Трэба памятаць, што гэты статус на тэррыторыю Беларусі не распаўсюджваецца. У Беларусі я буду працаваць як грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

– Дзе жылі і чым займаліся ў апошнія гады?

– Жыў у Карлавых Варах, працаваў у некалькіх месцах, спецыялізаваўся, у тым ліку, на экспарце.

– Чаму вырашылі вярнуцца на радзіму?

– Я шмат разоў казаў, што як толькі палітзняволеныя выйдуць на волю, то вярнуся ў Беларусь. Слова сваё стрымаў: палітзняволеных вызвалілі – я вярнуўся. Ніколі не думаў заставацца за мяжой. Эміграцыя была звязана з выключнымі абставінамі, я асцерагаўся таго, што мяне пасадзяць надоўга. Таму я вярнуўся ў краіну, з якой ніколі не збіраўся з’язджаць.

– Як вы змаглі пакінуць Беларусь у 2011-м пры тым, што ваш пашпарт застаўся ў КДБ?

– У мяне быў на руках стары беларускі пашпарт. Па ім я пераехаў расійска-украінскую мяжу. Чэшская амбасада пагадзілася ўклеіць у гэты пашпарт візу, і я вылецеў з Украіны у Чэхію.

– Чым плануеце займацца ў Беларусі? Ці вернецеся ў палітыку?

– Паглядзім. Я хачу даведацца, чым жыве Беларусь, усё ж чатыры з паловай гады – гэта істотны тэрмін, шмат што змянілася. Зараз я вельмі хачу пабыць з жонкай ідзецьмі, вельмі вялікі тэрмін мяне не было, хачу пабачыцца з сябрамі. Затым буду ўваходзіць у курс справаў.

Даць аб’ектыўную ацэнку характару гэтых прэзідэнцкіх выбараў і стану апазіцыі зараз не магу. Упэўнены, што толькі жывыя размовы з удзельнікам працэсу могуць дапамагчы атрымаць аб’ектыўную інфармацыю. Мне трэба фактычна з нуля фармаваць сваю думку пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)