15.05.2018
Руслан Гарбачоў, Сямён Печанко
Тут разграмілі маскоўскае войска: як сёння выглядае Крапівенскае поле

Падчас знакамітай бітвы пад Воршай 8 верасня 1514 года войска ВКЛ і Каралеўства Польскага на чале з Канстанцінам Астрожскім разграміла ў разы большае маскоўскае войска.

Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў суседнім Крупскім раёне, вядомы не толькі сваімі карцінамі і перформансамі, але і пачуццём гумару. Па дарозе ў Воршу ён распавядае:

– Ворша была адзіным горадам у БССР, дзе існавалі тры турмы і ні аднаго інстытуту. Горад быў і застаецца крымінагенным. Таму ў мясцовых традыцыях мы назначылі Генадзя Шэпелева «смотрящим» за Крапівенскім полем. Так і напішыце.

Алесь Пушкін і Генадзь Шэпелеў

У Воршы знаёмімся з тым самым «смотрящим». Цяжка паверыць, што Генадзю Шэпелеву 62 гады, – актывіст ў добрай фізічнай форме. Усё жыццё ён адпрацаваў на мясцовай чыгунцы памочнікам машыніста цеплавоза. Ужо каля двадцаці год дапамагае ладзіць імпрэзы на Крапівенскім полі.

Да культавага месца, якое стала ўвасабленнем знакамітнай бітвы 1514 года, ад горада каля 15 кіламетраў.

Тут рэчка Крапіўна ўпадае ў Дняпро.

На полі – памятны знак, крыж, валуны з выявамі беларускіх гістарычных дзеячаў.

– Бацька Крапівенскага поля – бард Андрэй Мельнікаў. Ён і журналіст Юрка Копцік запачаткавалі на гэтым месцы ў пачатку 90-х фэст аўтарскай песні ў гадавіну Аршанскай бітвы, – распавядае Генадзь Шэпелеў.

1992 год. Крапівенскае поле, фота orshatut.by

– Першы ціск на ўдзельнікаў фэсту пачаўся ўжо ў сэрэдзіне 90-х. Затым святкаванне пачаў арганізоўваць я. У першай палове 2000-х людзі прыязджалі ажно аўтобусамі – удзельнікаў фэсту збіралася даволі шмат. Але ў 2007-м насталі складаныя часы. Пачаліся хапуны. Абкладалі нас так, што дзіву даваліся. Еду неяк на машыне, а ў ГАI пяць міліцэйскіх машын стаіць і каля 30 чалавек дарогу перакрылі. Здымалі людзей з цягнікоў у Віцебску і Гомелі. Поле пераворвалі трактары. Зганялі людзей, кажучы, што знайшлі снарад, – узгадвае Генадзь Шэпелеў.

Чаму да ўдзельнікаў фэсту адносіліся як да правапарушальнікаў? Чым міліцыі перашкаджалі некалькі дзясяткаў чалавек, якія ставілі намёты на беразе ракі? Генадзь Шэпелеў да гэтага часу не мае адказаў на гэтыя пытанні:

– Мы жывем пры антыбеларускай ўладзе. Толькі гэтым магу патлумачыць.

Пасля шматлікіх хапуноў правядзенне фэстаў на Крапівенскім полі пайшло на спад. Але апошнія тры гады святкаванне гадавіны Аршанскай бітвы праходзіла спакойна.

– У мінулым годзе я застаўся і начаваў тут. Раніцай прыехалі людзі, ціха паклалі кветкі да памятнага знака. Неяк прыязджала група школьнікаў на веліках – чалавек дванаццаць. Бывае ідзе дождж, сядзіш у намёце, а міліцыянеры непадалёк мокнуць і глядзяць, каб чаго не адбылося, – распавядае Генадзь Шэпелеў. – Раней я запрашаў людзей, даваў абвесткі пра фэст, але пасля адмовіўся ад гэтага. Бо не хочацца падстаўляць. Хто хоча – можна знайсці мой тэлефон. Калі ласка – прыязджай, разам адзначым гадавіну.

Мастак Алесь Пушкін звяртае ўвагу, што Крапівенскае поле адметнае тым, што людзі добраўпарадкавалі яго па сваё ініцыятыве без загаду зверху (як тут не параўнаць сітуацыю з тым, што адбываецца ў суседнім раёне з крыніцай, названай у імя дзеда Лукашэнкі). Дапамагаюць, чым могуць. Да прыкладу, пісьменнік Уладзімір Арлоў падараваў Генадзю Шэпелеву трымер – з умовай, каб той пры магчымасці абкошваў Крапівенскае поле.

2014 год. Фота «Радыё Свабода»

– Поле гэтае не будзе пуставаць адназначна. Я ўжо і з дзецьмі сюды прыязджаў, – адзначае Алесь Пушкін.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:62)