Общество

Як жыхары Нясвіжа адрэагавалі на антываенную акцыю Наталлі Бордак

Актывістка БХД расказала пра тры дні ў нясвіжскім пастарунку і рэакцыю жыхароў Нясвіжа на яе ўчынак.

Наталля Бордак у нясвіжскім парку, 9 мая 2014 года. Фота з фэйсбуку

У Нясвіжы 12 мая распачаўся судовы працэс над актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Наталляй Бордак, якую затрымалі 9 мая за антываенны плакат.

Актывістку каля 10 гадзін прывезлі ў будынак суду праз чорны ход і хацелі судзіць ў кабінеце суддзі. Але знаёмыя Наталлі, якія чакалі пачатку працэсу, пабачылі гэта і запатрабавалі адкрытага разгляду справы.

Паколькі Наталля Бордак мае няпоўнагадовага сына і запатрабавала адваката, суддзя Вольга Крупец дала ёй час да 14:30 19 мая на пошук абаронцы. Да гэтага часу актывістка была вызваленая з залі суду, паведамляе прэс-служба БХД.

Як распавяла Наталля Бордак, 9 мая яна з самаробным плакатам «Не пуцінскай вайне з Украінай!» выйшла ў парк Нясвіжа. Ніхто ёй прайсціся з ім не перашкаджаў, але на выхадзе з парку на завулку савецкім да яе пад'ехала міліцэйская машына. З яе выйшлі міліцыянты, якія затрымалі актывістку. Супраціву яна не аказвала. Нягледзячы на наяўнасць няпоўнагадовага сына, жанчыну пратрымалі ў пастарунку ўсе выходныя.

Наталлі Бордак прад'яўлена абвінавачванне арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

— Тры ночы ў тым страшэнным падвале, з шэрай цьвільлю, без паветра, без вэнтыляцыі, без нармальных санітарных умоваў. У прыбіральню выводзілі толькі двойчы: раніцай і а 5 гадзіне дня, — расказала Наталля Бордак Радыё Свабода пра ўмовы ўтрымання ў нясвіжскім пастарунку.

— Рэакцыя была рознабаковая. Можна сказаць, што 50 на 50. Нехта казаў «рэспэкт», маладыя людзі назвалі маю акцыю «добрай ідэяй». Але некаторыя ўсьлед абражалі гэтак, што нельга паўтараць. Канешне, вельмі шмат замбаваных людзей. Тых, хто падтрымлівае гэтую агрэсію, хто за тое, каб Кіеў разбурылі, — расказала яна пра рэакцыю людзей на яе акцыю.

Наталля Бордак прыехала ў Нясвіж яна прыехала ў 2007 годзе з Светлагорска, дзе яе звольнілі з працы мастака ў раённым доме культуры. Кажа, што пацярпела за сваю палітычную актыўнасць — збірала подпісы за апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, удзельнічала ў розных палітычных акцыях. «Без вас мне будзе спакайней», — згадвае Натальля словы, з якімі з ёй развітваўся яе начальнік. У Нясвіжы мастачка ўладкавалася ў ліцэй, але і адтуль урэшце давялося сысці — не падоўжылі кантракт. З 2011 года яна жыве тым, што вырабляе і прадае сувеніры, малюе партрэты і малюнкі. У Наталлі Бордак трое дзяцей, з іх адзін, малодшы сын, непаўналетні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)