Што рабіць, калі ў дзіцяці высокая тэмпература

Дзіцячы рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка напісаў памятку для бацькоў, у якой тлумачыць, чаму нельга абціраць дзіця спіртам для зніжэння тэмпературы і не рэкамендуецца будзіць яго, каб даць жарапаніжаючы прэпарат.

Фота з Фэйсбуку Андрэя Вітушкі

Доктар змясціў парады на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. З дазволу Андрэя Вітушкі «Салідарнасць» публікуе 18 фактаў пра высокую тэмпературу ў дзяцей.

1. Высокая тэмпература — не хвароба, а фізіялагічная рэакцыя арганізма.

2. Высокая тэмпература — гэта колькі? Ад 38°С, незалежна ад месца вымярэння.

3. Дзе лепш мераць тэмпературу дзецям? Найбольш надзейным спосабам вымярэння тэмпературы ў дзяцей лічыцца рэктальны (у прамой кішцы). Таксама тэмпературу можна мераць на скуры пад пахай (рус. «в подмышке», т.зв. аксілярная тэмпература), на скуры на ілбе, у роце, у вонкавым вушным праходзе бескантактным спосабам.

4. Рэкамендацыі па тым, дзе мераць тэмпературу, у розных краінах розныя. Напрыклад, Амерыканская Акадэмія Педыятрыі ў дзяцей да 3 месяцаў жыцця рэкамендуе выключна рэктальнае вымярэнне тэмпературы. У той жа час брытанскія лекары не рэкамендуюць аральны і рэктальны спосабы вымярэння тэмпературы. Але ўсе салідарныя ў тым, што ртутныя тэрмометры не павінны больш ужывацца з-за патэнцыйнай небяспекі атручвання пры іх пашкоджанні.

5. Тэмпература цела ў дзяцей — дынамічны паказчык, яна меняецца ў залежасці ад месца, спосабу вымярэння, узросту пацыента і часу сутак. Такім чынам, нармальная тэмпература — гэта не асобная лічба, а дыяпазон. Так, нармальнай рэктальнай тэмпературай лічыцца 36,6-38,0°С, акіслярнай 36,5-37,5°С, а ў вушным праходзе — 35,8-38,0°С. Чытайце таксама, што напісана ў інструкцыі для тэрмометра пра лічбы нармальнай тэмпературы.

6. Вышыня ўздыму тэмпературы не заўжды сведчыць пра цяжкасць захворвання.

7. Высокая тэмпература, нават на працягу некалькіх гадзін, не наносіць шкоды фонава здаровым дзецям.

8. Пры высокай тэмпературы важна добра паіць пацыента. У абязводжаных дзяцей тэмпература падымаецца вышэй, трымаецца даўжэй і лечыцца горш.

9. Таксама важна адэкватна дзяцей апранаць. Два слаі вопраткі часта замінаюць належнай аддачы цяпла.

10. Калі вы задумалі чымсьці абціраць дзіця для зніжэння тэмпературы, то рабіце гэта вадой пакаёвай тэмпературы, а не спіртам (усмоктваецца праз скуру).

11. Прымяненне жарапаніжаючых прэпаратаў у фонава здаровых дзяцей апраўдана пры тэмпературы вышэй за 39°С. Ва ўсялякім разе, раней за 38,5°С медыкаменты, як правіла, немэтазгодныя.

12. Ёсць толькі 2 прэпараты для зніжэння тэмпературы ў дзяцей — Парацэтамол і Ібупрафен. Аспірын, німесулід ды іншыя дыклафенакі ў дзяцей не выкарыстоўваюцца з-за верагоднасці пабочных эфектаў.

13. Эфект ад прымянення жарапаніжаючага прэпарата ацэньваецца не раней, як праз 40 хвілін пасля прымянення.

14. Камбінаваныя прэпараты парацэтамола з ібупрафенам не рэкамендаваны для дзяцей. У такіх прэпаратах недастатковая доза і аднаго і другога кампанентаў, а таксама няма пераканаўчых дадзеных пра тое, што іх прымяненне мае дадатковыя перавагі перад ужываннем парацэтамола ці ібупрафена асобна.

15. Доза жарапаніжаючых прэпараў вылічваецца зыходзячы з масы цела пацыента, а не ягонага ўзросту. Рэкамендацыі па мл прэпарату для дзяцей рознага ўзросту, якія прыводзяць інструкцыі, часта прымяняльныя толькі для сярэднестатыстычных дзяцей з сярэднестатыстычнай (па ўяўленні вытворцаў медыкамента) вагой.

16. Жарапаніжаючыя прэпараты не прымяняюцца прафілактычна – толькі па факце павышэння тэмпературы і неабходнасці.

17. Не рэкамендуецца будзіць дзіця, каб даць яму жарапаніжаючы прэпарат (гл. п. 7).

18. Для вымярэння дозы медыкаментаў рэкамендуецца карыстацца адмысловымі меркамі, якія да іх прыкладаюцца, а не лічыць, што сталовая лыжка – гэта 15 мл любога рэчыва.

Урач патлумачыў, чаму не робіць прышчэпкі ад грыпу сваім дзецям

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)